Беларуская самаабарона

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Беларуская cамаабарона (БСА) — беларуская ўзброеная нацыянальна-вызваленчая арганізацыя, якая дзейнічала на Палесьсі напярэдадні і напачатку нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гадоў. З часам перафармавалася ў Беларускую народную партызанку.

Беларуская Самаабарона
Абрэвіятура БСА
Наступнік Беларуская народная партызанка
Дата ўтварэньня 1940
Дата спыненьня існаваньня 1941
Тып нацыянальна-вызваленчая
Юрыдычны статус падпольная
Мэта Абарона правоў насельніцтва і нацыянальнае адраджэньне Беларусі
Месцазнаходжаньне Палесьсе
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Афіцыйныя мовы беларуская
атаманы Якуб Харэўскі
Язэп Таўпека
Васль Вір
капітан Міхал Вітушка
Усевалад Родзька
Колькасьць супрацоўнікаў да 5000 (1941)

Перадумовы стварэньня БСА[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля пачатку Другое Ўсясьветнае вайны на тэрыторыі БССР, а менавіта на тэрыторыі Палесься, зноў актывізавалася антысавецкая дзейнасьць, якая была таксама дадаткова прастымуляваная нямецкім камандаваньнем. Перад наступам на Палесьсе нямецкае кіраўніцтва прыйшло да высновы, што ў гэтай мясцовасьці немагчыма выкарыстаньне танкаў і цяжкае тэхнікі, таму было вырашана выкарыстаць патэнцыял беларускіх і ўкраінскіх антысавецкіх дзеячаў і арганізацыяў, якія існавалі на ўжо захопленай Нямеччынай былой тэрыторыі Польшчы: сярод іх былі «Беларускі Народны Фронт» Шчорса-Гадлеўскага, і «Ўкраінскае Нацыянальнае Вызваленьне» Тараса Бульбы-Бараўца. «Беларускі Народны Фронт» быў вядомы тым, што прыкрываючыся нацыяналістычнай арганізацыяй, разбудоўваў падпольныя структуры беларускага супраціву і арганізоўваў беларускія дыверсійныя суполкі, якія перакідваліся ў БССР, у складзе якіх былі вядомыя беларускія нацыяналісты: Міхал Вітушка, Усевалад Родзька, Сьцяпан Гугель, Мечыслаў Контаўт, Рыгор Зыбайла, Юрка Вежан і іншыя. «Украінскае Нацыянальнае Вызваленьне» (пазьней стала звацца «Палеская Сеч Украінскае Паўстанчае Арміі» або проста УПА) у той час займалася вызваленьнем вязьняў з савецкіх астрогаў, захопам зброі і амуніцыі з мэтай схову ў хованках, а таксама вызваленьнем мабілізаваных у савецкае войска. Паводле плянаў немцаў, гэтыя й іншыя шматлікія дробныя арганізацыі мусілі на першых кроках нямецка-савецкае вайны вызваляць тэрыторыю (якая пазьней акупавалася Вермахтам), выконваць абарончыя функцыі й змагацца супраць савецкіх жаўнераў, якія патрапяць у будучы «Палескі кацёл». Пра кіраўніцтва Беларускае Самаабароны няма дакладных зьвестак: Тарас Бульба-Баравец называе камандзерамі аддзелаў БСА «капітана Ўсевалада Родзьку ды ягонага заступніка паручніка Міхала Вітушку», але таксама вядома, што да кіраўніцтва належалі сябры Беларускае Народнае Грамады Якуб Харэўскі й Васіль Вір.

Стварэньне й дзейнасьць БСА[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шматлікія апэрацыі беларускіх антысавецкіх арганізацыяў ад самага пачатку праводзіліся разам з украінцамі, вынікам чаго стала беларуска-ўкраінская канфэрэнцыя БСА й «Палескае Сечы» Тараса Бульбы-Бараўца ў Пінску. Ад беларускага боку выступалі Міхал Вітушка, Усевалад Родзька, атаман Якуб Харэўскі (Новік) і Васіль Вір, а ад украінскага боку галавой дэлегацыі быў атаман П. Даўмацюк-Налівайка. Вынікі канфэрэнцыі былі настолькі пасьпяховымі, што Тарас Бульба-Баравец пазьней напісаў:

«…беларусы віталі нашу дэлегацыю з асаблівай гасьціннасьцю, уласьціваю хіба толькі гэтаму рыцарскаму народу. Яны цалкам ухвалілі супольны плян як найхутчэйшага ачышчэньня ўсіх нашых палескіх земляў ад расейска-бальшавіцкага тэрору. Дэлегацыі дамовіліся, што штаб беларусаў падрыхтуе таксама свой плян, а тады абодва планы будуць узгодненыя й па аднаму сыгналу распачнецца ґенэральны наступ. Адносіны беларусаў да немцаў былі гэткімі самымі, як і ў нас. Беларусы таксама змагаліся за сваю сувэрэнную дзяржаву супраць СССР і былі гатовыя на чынную барацьбу супраць Нямеччыны, у выпадку, калі нямецкая палітыка ня будзе шанаваць дзяржаўных цікавасьцяў беларускага народу.»[1](укр.)

З украінскага боку плян быў створаны асабіста атаманам Бульбай-Бараўцом, паручнікам Дарашэнкам, сотнікам Васілём Раеўскім і іншымі, ад беларусаў плян верагодна гатавалі Міхал Вітушка й Усевалад Родзька, таму што менавіта яны былі выкліканыя ў кастрычніку 1941 року нямецкім кіраўніцтвам у Менск з мэтаю падрабязнага апісаньня Палескай апэрацыі.

Паводле пляну, распрацаванга сумесна штабамі БСА й Палескае Сечы УПА, 5 тысячаў жаўнераў БСА й 10 тысячаў украінцаў пачыналі апэрацыю 20 жніўня 1941 году. Немцы толькі назіралі за хадой апэрацыі й ня ўдзельнічалі непасрэдна, украінцы мусілі вызваляць раёны Столін-Сарны-Алеўск-Наваград-Валынскі-Оўруч, беларусы бралі сабе ўсе раёны на ўсход ад лініі Слуцак-Лунінец у напрамку Мазыра, а ў канцы апэрацыі хаўрусныя беларуска-ўкраінскія войскі аб’ядноўваліся ў раёне Мазыра. Тутэйшае насельніцтва Палесься было расчараванае савецкаю ўладаю, а менавіта еййнымі рэпрэсіямі й эканамічнымі захадамі, таму беларускія войскі мелі дапамогу тутэйшых жыхароў і ўжо ў першыя дні вайны пасьпяхова вызвалялі адну вёску за іншай ад савецкіх войскаў. Сумесныя войскі хутка ішлі наперад, а ў кожным вызваленым ад Чырвонай Арміі, НКУС і савецкіх партызанаў населеным пункце ўкраінцы й беларусы ўсталёўвалі сваю ўладу, выдавалі газэты ды дзялілі зямлю. У гэты час Вэрмахт абыходзіў Палесьсе з поўдня й поўначы на ўсход да Кіева й Смаленску. Сур’ёзнага супраціву беларускім вайскоўцам Чырвоная Армія не аказвала й хутка адступала ўглыб СССР, таму беларусы хутка атрымалі кантроль над цэлымі раёнамі. У выніку цэлыя савецкія злучэньні Чырвонай Арміі й НКУС апынуліся разьбітымі ў так званым «Палескім катле» — трыкутніку Пінск-Мазыр-Корасьцень.

У кастрычніку 1941 году ў вызваленае Палесьсе прыбыла нямецкая адміністрацыя з мэтаю ўсталяваньня новай улады й кантролю, а першым крокам было падначальваньне тутэйшае міліцыі. Палеская Сеч УПА Тараса Бульбы-Бараўца ў адказ на гэтыя захады прыхавала зброю й афіцыйна абвесьціла пра самароспуск 15 лістапада 1941 року, а Беларуская Самаабарона падзялілася. Некаторыя аддзелы БСА адышлі ў лясы, а большая частка функцыянавала далей як афіцыйная паліцыя. Міхал Вітушка і Ўсевалад Родзька таксама перайшлі на легальнае становішча. Як узгадваў Васіль Вір, нават вясковая дапаможная паліцыя не хавала антынямецкіх настрояў і беларускія аддзелы выкурвалі прысланыя нямецкія атрады. Фармальна Беларуская Самаабарона ўжо ня дзейнічала й яе сябры былі падпарадкаваныя немцам, але фактычна падтрымлівалася сувязь зь менскімі актывістамі, менская паліцыя крыху дапамагала зброяй, а частка самаабароны дзеяла самастойна. Пазьней раздробленая Беларуская Самаабарона перафармавалася ў Беларускую Народную Партызанку, якая таксама дзейнічала разам з украінцамі і, паводле ўспамінаў атамана Язэпа Таўпекі, запанавала ў беларускіх лясох і вёсках зімой 1941 году.

Форма БСА[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларуская Самаабарона таксама мела ўласную вайсковую форму:

  • Ушытыя з савецкіх, пясковага колеру шынэляў, фрэнчы і шапкі-кэпі (на ўзор аўстрыйскіх), на якіх была выява Ярылавага крыжа
  • Шлемы савецкага вырабу з выявай Ярылавага крыжа, намаляванага белым ці жоўтым колерам

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік. — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]