Банк Латвіі
Банк Латвіі | |
лат. Latvijas Banka | |
Эмблема | |
Абрэвіятура | БЛ |
---|---|
Дата ўтварэньня | 7 верасьня 1922 (102 гады таму) |
Тып | банк |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | устойлівасьць цэнаў |
Штаб-кватэра | Цэнтральны раён, квартал Старая Рыга, вул. К. Валдэмара, д. 2а[1] |
Месцазнаходжаньне | Рыга |
Каардынаты | 56°57′7″ пн. ш. 24°6′10″ у. д. / 56.95194° пн. ш. 24.10278° у. д.Каардынаты: 56°57′7″ пн. ш. 24°6′10″ у. д. / 56.95194° пн. ш. 24.10278° у. д. |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Латвія |
Сяброўства | Эўрапейскі цэнтральны банк, МВФ, Сусьветны банк |
Афіцыйныя мовы | латыская |
Старшыня | Марціньш Казакс |
Намесьнік | Марыс Каліс |
Сябры Рады | Арвілс Саўціньш, Айварс Скопіньш, Андрыс Вілкс і Зіта Зарыня |
Кіраўнік управы манэтарнай палітыкі | Улдзіс Руткастэ |
Асноўныя асобы | Райво Ванагс, Элмарс Закуліс[2] |
Кіроўны орган | Рада |
Матчына кампанія | Сойм Латвіі[3] |
Бюджэт | 123,981 млн эўра (2021 год)[4] |
Колькасьць супрацоўнікаў | 380 (2022 год)[5] |
Сайт | bank.lv |
Банк Латвіі — галоўны банк Латвіі, заснаваны ў верасьні 1922 году.
Паводле 5-га артыкула Закону «Аб Банку Латвіі» 1992 году, урад Латвіі ўкладае замежную валюту ў Банк Латвіі, які выступае пасярэднікам ураду ў банкаўскіх угодах. Згодна з 6-м артыкулам Банк Латвіі мае права атрымліваць зьвесткі ад дзяржаўных установаў краіны, у тым ліку ад Камісіі рынку фінансаў і капіталу. У 11-м артыкуле згадвалася, што Банк Латвіі выдае нябанкаўскім прадпрыемствам дазвол на камэрцыйны абмен валюты[3].
Паўнамоцтвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 4-га артыкула Закону «Аб Банку Латвіі» 1992 году, Банк Латвіі меў 6 паўнамоцтваў:
- даваць і браць пазыкі;
- прымаць і разьмяшчаць уклады;
- выконваць угоды зь фінансавымі прыладамі і каштоўнымі мэталамі;
- адчыняць рахункі, прымаць і выконваць загады аплаты, забясьпечваць разьлік аплаты;
- выпускаць банкноты і манэты эўра, апрацоўваць і абменьваць іх, вымаць іх з абарачэньня, распаўсюджваць іх сярод банкаў і прымаць іх ад банкаў;
- вызначаць патрабаваньні для збору статыстычных зьвестак, складаньня і падачы статыстычных справаздачаў[3].
Кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рада. Складаецца з 6 сябраў, у тым ліку старшыні і намесьніка, тэрмін паўнамоцтваў якіх складаў 5 гадоў. Сойм Латвіі абірае старшыню на параду прынамсі 10 дэпутатаў, а яго намесьніка на параду старшыні. Яе паседжаньні паўнамоцныя пры ўдзеле прынамсі паловы сябраў, у тым ліку старшыні і намесьніка. Склікаецца прынамсі аднойчы на квартал.
- Рэвізійны камітэт. Складаецца прынамсі з 3-х сябраў. Наглядае за падрыхтоўкай грашовай справаздачнасьці, унутраным аўдытам і дзейнасьцю вонкавага рэвізора, якога раіць Кіраўнічая рада Эўрапейскага цэнтральнага банку (Нямеччына) і зацьвярджае Рада Эўразьвязу (Бэльгія)[3].
Балянс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 31 сьнежня 2021 году сродкі і абавязкі Банку Латвіі былі роўныя 25,074 млрд эўра. Сродкі пераважна ўлучалі: 1) каштоўныя паперы асобаў эўразоны ў эўра — 51 % (12,839 млрд эўра), 2) патрабаваньні ўнутры Эўрасыстэмы — 23 % (5,868 млрд эўра), 3) патрабаваньні да асобаў па-за эўразонай у замежнай валюце — 18 % (4,495 млрд эўра), 4) пазыкі банкам эўразоны ў эўра — 3 % (616 млн эўра), 5) патрабаваньні да асобаў эўразоны ў замежнай валюце — 2 % (528 млн эўра). Золата і дэбіторская запазычанасьць у золаце складалі 1,4 % сродкаў на 344 млн эўра. Абавязкамі ў асноўным былі: 1) абавязкі перад банкамі эўразоны ў эўра — 26 % (6,406 млрд эўра), 2) банкноты ў абарачэньні — 22 % (5,536 млрд эўра), 3) абавязкі ўнутры Эўрасыстэмы — 21 % (5,356 млрд эўра), 4) абавязкі перад нябанкаўскімі асобамі эўразоны ў эўра — 14 % (3,438 млрд эўра), 5) капітал і запасы — 4 % (908 млн эўра)[4].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]7 верасьня 1922 году Канстытуцыйны сход Латвіі ўхваліў Закон «Аб заснаваньні Банку Латвіі», які атрымаў права выпуску грошай. 19 верасьня 1922 году Кабінэт міністраў Латвіі зацьвердзіў Часовы статут Банку Латвіі, пачатковы капітал якога склаў 10 млн латаў. 24 красавіка 1923 году Сойм Латвіі ўхваліў Статут Банку Латвіі, які латвійскі прэзыдэнт Яніс Чакстэ падпісаў 2 лютага. Паводле Статуту, Рада Банку Латвіі складалася са старшыні, намесьніка і 11 сябраў, а Ўправа ўлучала генэральнага дырэктара, намесьніка і 3-х дырэктароў. 17 ліпеня 1940 году адбылася савецкая акупацыя Латвіі, у выніку якой Банк Латвіі прыпыніў сваю дзейнасьць. 2 сакавіка 1990 году Вярхоўны Савет Латвійкай ССР ухваліў Пастанову «Аб Банку Латвіі», які ў якасьці галоўнага банку атрымаў права выпуску грошай і выкананьня дзяржаўнага бюджэту. 3 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет Латвіі зацьвердзіў Пастанову «Аб рэарганізацыі банкаўскіх установаў на тэрыторыі Латвійскай Рэспублікі», паводле якой Банк Латвіі стаў адзіным галоўным банкам, які выпускаў грошы. Банк Латвіі стаў уласьнікам Рэспубліканскага банку Латвіі і іншых пазыковых установаў дзяржавы. 4 сакавіка 1992 году Вярхоўны Савет Латвіі ўхваліў Закон «Аб набыцьці Банку Латвіі, заснаванага ў 1922 годзе».
19 траўня 1992 году зацьвердзілі Закон «Аб Банку Латвіі», які атрымаў незалежнасьць ад ураду. Праз адсутнасьць камэрцыйных паўнамоцтваў Банк Латвіі прыватызаваў 49 аддзяленьняў. У лютым 1994 году Банк Латвіі прывязаў абменны курс лата да кошыка валютаў спэцыяльных правоў запазычаньня (СПЗ) у Міжнародным валютным фондзе (ЗША). 1 студзеня 2005 году лат прывязалі да эўра ў сувязі з уступленьнем Латвіі ў Эўразьвяз. 2 траўня 2005 году Банк Латвіі ўсталяваў цьвёрды абменны курс у памеры 0,702804 лата за эўра ў рамках Эўрапейскага мэханізму абменных курсаў (ЭМАК). 1 ліпеня 2016 году Банк Латвіі адчыніў аб’яднаны асяродак праверкі грошай[6]. За 2021 год Маланкавы рэгістар Банку Латвіі амаль падвоіўся да 609 000 міжнародных нумароў банкаўскіх рахункаў (МНБР), якія злучаліся з нумарамі мабільных тэлефонаў. У выніку вартасьць імгненных плацяжоў праз Адзіную прастору плацяжоў у эўра (АППЭ)] павялічылася ў 2,5 разы да 6,3 млрд эўра[5].
Старшыні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Карліс Ванагс (1 лістапада 1922 — 14 кастрычніка 1923)
- Эдгарс Швэдэ (15 кастрычніка 1923 — 21 верасьня 1926)
- Карліс Ванагс (22 верасьня 1926 — 13 ліпеня 1940)
- Карліс Зандэрсонс (13—21 ліпеня 1940)
- Артурс Граўдзіньш (26 сакавіка — 30 ліпеня 1990)
- Павілс Сакс (31 ліпеня 1990 — 3 верасьня 1991)
- Эйнарс Рэпшэ (3 верасьня 1991 — 20 сьнежня 2001)
- Ілмарс Рымшэвічс (21 сьнежня 2001 — 20 сьнежня 2019)
- Марціньш Казакс (ад 21 сьнежня 2019 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кантакты (лат.) // Банк Латвіі, 2022 г. Праверана 4 красавіка 2022 г.
- ^ Будова (лат.) // Банк Латвіі, 2022 г. Праверана 4 красавіка 2022 г.
- ^ а б в г Анатоль Гарбуноў, Імантс Даўдзішс. Закон ад 19 траўня 1992 г. «Аб Банку Латвіі» (лат.) // Партал «Праўны акты Латвійскай Рэспублікі», 20 кастрычніка 2021 г. Праверана 4 красавіка 2022 г.
- ^ а б Марціньш Казакс. Фінансавая справаздача за 2021 год (лат.) // Банк Латвіі, 10 сакавіка 2022 г. Праверана 4 красавіка 2022 г.
- ^ а б Марціньш Казакс. Фінансавыя справаздачы (лат.) // Банк Латвіі, 15 сакавіка 2022 г. Праверана 4 красавіка 2022 г.
- ^ Грашовая экспэртыза (лат.) // Банк Латвіі, 31 сакавіка 2022 г. Праверана 4 красавіка 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Выпускі для прэсы (анг.) // Банк Латвіі, 30 сакавіка 2022 г. Праверана 4 красавіка 2022 г.
- Статыстыка (анг.)
Гэта — накід артыкула пра Латвію. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |