Перайсьці да зьместу

Бананы (фільм)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Бананы»
анг. Bananas
Жанр камэдыя
Рэжысэр Ўудзі Ален
Сцэнарыст Мікі Роўз
Прадусар Джэк Гросбэрг
У ролях Луіза Ласэр, Карляс Монтальбан
Кампазытар Марвін Хэмліш
Апэратар Эндру Касьцікян
Мантаж Ральф Розэнблюм
Вытворчасьць «Аб’яднаныя артысты» (Бэвэрлі-Гілз, штат Каліфорнія)
Распаўсюд United Artists[d] і Netflix
Дата выхаду 28 красавіка 1971 (53 гады таму)
Працягласьць 82 хвіліны
Краіна ЗША
Мова ангельская
Бюджэт 2 млн $
Прыбытак 11,8 млн $
Папярэдні «Бяры грошы і бяжы» (1969)
Наступны «Сыграй зноў, Сэм» (1972)
Старонка на IMDb

«Бана́ны» (іншыя пераклады: польск. Бананавы вар’ят, вуг. Бананавая рэспубліка, італ. Дыктатар вольнай Бананавай дзяржавы, фін. Я і Бананавая рэвалюцыя і кіт. Дурні баламуцяць Бананаград) — кінакамэдыя ЗША 1971 году пра змаганьне нью-ёркца за ўладу ў лацінаамэрыканскай краіне з нагоды каханьня да палітычнай актывісткі.

Адну зь першых эпізадычных роляў хулігана ў фільме сыграў Сыльвэстэр Сталонэ[1]. Здымкі праводзілі ў Нью-Ёрку, Пуэрта-Рыка і Пэру. Фільм часткова грунтаваўся на рамане Рычарда Пітса-Паўэла «Дон Кіхот ЗША» 1966 году[2]. У 2000 годзе Амэрыканскі кінаінстытут (Лос-Анджэлес, штат Каліфорнія) надаў фільму 69-е месца ў сьпісе «100 усьмешак за 100 гадоў».

Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

У лацінааамэрыканскай Рэспубліцы Сьвятога Марка на ганку палаца расстралялі з рэвальвэра прэзыдэнта. Дыктатарам стаў генэрал Эміліё Варгас. У цягніку Нью-Ёрскага мэтрапалітэну выпрабавальнік Філдынг Мэлыш адцягнуў 2-х хуліганаў ад пажылой кабеты. Увечары да яго ў кватэру пагрукала студэнтка Гарадзкога каледжу Нью-Ёрка Нэнсі, якая папрасіла падпісаць прашэньне да ўраду ЗША разарваць дыпляматычныя дачыненьні з вайсковай дыктатурай у Рэспубліцы Сьвятога Марка. Філдынг узяў у яе тэлефонны нумар, каб сустрэцца ў суботу. Пасьля сумеснага ўдзелу ў пікеце амбасады Нэнсі рассталася зь Філдынгам, бо ня бачыла ў ім моцнага правадыра. Таксама Нэнсі прызналася, што не кахае яго, і назвала Філдынга пачуцьцёва, плоцева і разумова нясьпелым.

Філдынг паведаміў бацькам, якія працавалі хірургамі, што зьяжджае ў паўднёваамэрыканскую Рэспубліку Сьвятога Марка. Ягоны бацька Ал Мэлыш паскардзіўся жонцы, што яму няма каму пакінуць свой шпіталь пасьля 27 гадоў шлюбу. Катаваны апэрэтай паўстанец выдаў генэралу Варгасу, што Эспасіта пачне паўстаньне ў ліпені. У гасьцініцу да Філдынга завітаў прадстаўнік генэрала Варгаса, які запрасіў яго да сябе на вячэру ў палац а 8-й гадзіне. За вячэрай слуга пакаштаваў ежу генэрала і атруціўся, але генэрал стаў есьці і застаўся жывым. Пасьля вячэры Філдынг запярэчыў цьверджаньню генэрала, быццам Эспасіта — камуніст. На наступны дзень на Філдынга напалі 7 жаўнераў, пераапранутыя ў паўстанцкую форму. Ён уцёк ад вайскоўцаў, але яго аглушылі паўстанцы. У лягеры паўстанцаў Эспасіта паведаміў Філдынгу, што яго як грамадзяніна ЗША спрабавалі забіць вайскоўцы Варгаса, каб дамагчыся падтрымкі ад ўраду ЗША. Пасьля трэніроўкі Філдынга накіравалі ў горад на прапанову паўстанца Люіса. У кавярні Філдынг заказаў 1000 сэндвічаў з сырам, 300 сэндвічаў з тунцом і 200 сэндвічаў з бэконам, а таксама 700 кубкаў кавы, 500 кубкаў колы і 1000 кубкаў газаванага ліманаду. Паўстанец дадаў пра 900 капусных салатаў. Калі касір папрасіў 24 000 пэса, паўстанец дастаў рэвальвэр, а Філдынг загадаў афіцыянтам несьці ежу ў лягер паўстанцаў.

Паўстанцы правалілі выкраданьне брытанскага амбасадара, бо Філдынг укалоў снатворны сродак і сваім паплечнікам. На наступны дзень паўстанцы выступілі ў горад. Тым часам, амэрыканскія жаўнеры вылецелі ў Рэспубліку Сьвятога Марка. Прычым, «ЦРУ не рызыкуе гэтым разам», таму жаўнерам з аднаго борту самалёта загадалі змагацца на баку ўраду, а з другога — за паўстанцаў. Генэрал Варгас спрабаваў уцекчы ў Маямі. Паўстанцы захапілі прэзыдэнцкі палац і прылюдна расстралялі ўрадоўцаў на стадыёне. Правадыр паўстанцаў Эспасіта абвясьціў сябе прэзыдэнтам бяз выбараў і ўсталяваў швэдзкую мову ў якасьці дзяржаўнай. Ён абавязаў мяняць ніжнюю бялізну кожныя паўгадзіны і насіць яе зьверху. Урэшце Эспасіта абвясьціў: «Усім дзецям да 16 гадоў цяпер 16 гадоў». Паўстанцы Люіс і Санчэс прапанавалі Філдынгу замяніць Эспасіта, бо той звар’яцеў ад улады. Яны ўхвалілі адукаванасьць Філдынга, але той заўважае, што адвучыўся ў каледжы толькі 2 дні. Тады для параўнаньня Санчэс сказаў, што ў краіне сялянаў Філдынг прынамсі ўмее чытаць. Стаўшы прэзыдэнтам, Філдынг заўважыў: «Амэрыканцы нас не прызнаюць, бо лічаць за камуністаў. Камуністы не прызнаюць, бо лічаць амэрыканскімі марыянэткамі».

Па прылёце ў ЗША Філдынга каля гасьцініцы сустрэў ахоўнік Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў Том Флойд, аднак ня здолеў прадухіліць напад дэманстранта. У гасьцініцы зь ім сустрэлася Нэнсі, якой Філдынг раскрывае сваю асобу. ФБР арыштаваў Філдынга, якога судзяць за спробу дзяржаўнага перавароту. Суд вырак Філдынга да 15 гадоў зьняволеньня за 12 учынкаў дзяржаўнай здрады, але адклаў выкананьне прысуду. Пасьля суду Філдынг бярэ шлюб з Нэнсі ў Мангэтане.

Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Іншыя ролі: катаваны апэрэтайАксэль Андэрсан; Пэрэс — Тыгрэ Пэрэс; брытанскі амбасадар — Бэран дэ Бір; судзьдзя Сыфард Ўолсан — Артур Г'юз; пракурор — Джон Брэдэн; паліцыянт — Тэд Чапман; Эдгар Гувэр, кіраўнік Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў — Дорці Фокс; Шэран Крэйг, спадарыня Амэрыка — Дагна Крэйн; Павал — Эдзі Барт; Дуглас — Нікалас Сондэрз; Сэмпл — Конрад Бэйн; перакладнік — Эўлёгіё Пэраса; сэнатар — Норман Эванс; агенты ФБР — Робэрт Оконэл і Робэрт Дадлі; Норма — Мэрлін Хэнгст; ахоўнікі ФБР — Эд Кроўлі і Бізан Кэрал; чалавек на крыжы — Ален Гарфілд; укушаная зьмяёй — Прынцэс Фатош; хуліган у мэтро — Сыльвэстэр Сталонэ.

  1. ^ Кірыл Стаселька. Што паглядзець: камэдыі пра дыктатараў // «Будзьма беларусамі!», 4 верасьня 2020 г. Праверана 6 верасьня 2021 г.
  2. ^ Эрык Лакс. Біяграфія Ўудзі Алена = Woody Allen: A Biography. — Нью-Ёрк: Кнопф, 1991. — С. 220. — 424 с. — ISBN 978-0394583495