Перайсьці да зьместу

Тымф

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Тынф»)

Тымф, тынф (па-польску: Tymf, tynf) — народная назва польскага (літоўскага) сярэбранага злотага, які білі ў 16631666 спачатку на быдгашчскай і кракаўскай мынцы, а пасьля і на львоўскай.

Афіцыйны намінал гэтай манэты быў варты 30 грошам, але вага срэбра мела вартасьць толькі 10-15 грошай. Біцьцё такой манэты было выклікана фінансавымі цяжкасьцямі ў Рэчы Паспалітай з-за Трынаццацігадовай вайны, «швэдзкага патопу» і казацкіх войнаў (гл. таксама барацінка).

На авэрсе манэты зьмешчаны трохлітаравая манаграма Яна Казімера «ICR» — Ioannes Casimirus Rex (Ян Казімер кароль, лац.), які зласьліўцы чыталі як Initium Calamitatis Regni (пачатак няшчасьця каралеўства).

Надпісам «DAT PRETIVM SERVATA SALVS POTIORQ METALLO EST» («Жаданьне выратаваць Айчыну пераўзыходзіць кошт мэталу») ўлады спрабавалі патлумачыць, чаму выбівалася непаўнавартасная манэта.

На рэвэрсе была выява гербу РП і намінал — ХХХ (30 грошай). Вядомыя і тымфы ВКЛ: на рэвэрсе замест гербу РП — Пагоня. Але такая манэта сустракаецца надзвычай рэдка.

Выбіваць манэту прапанаваў арэндатар каралеўскіх мынц Андрэй Тымф, ад прозьвішча якога і пайшла назва манэты.

Было выбіта каля 9 мільёнаў манэт. Шмат манэт выбівалася нядбала, з памылкамі ў надпісах. Бляха, зь якой выбіваўся тымф, часта была дрэнна развальцаваная, таму якасна выбітыя і добра чытальныя манэты сустракаюцца рэдка.

Сярод народу манэта ня мела папулярнасьці і прымалася не як 30 грошай, але па кошту орта — 18 грошай. А потым і наогул сустракаецца асобная назва — тымфавы орт.

Стаўшыся, як і барацінка, сымбалем заняпаду Рэчы Паспалітай, манэта адзначылася і ў тагачасных прыказках «Добры жарт тымфа варт».

У сьнежні 1666 Варшаўскі Сейм забараніў біцьцё тымфаў і пастанавіў прыцягнуць да суду арандатара Андрэя Тымфа. Апошні, не даплаціўшы 4 млн злотых, уцёк у Нямеччыну (дарэчы, Бараціні здолеў апраўдацца на судзе і атрымаць нават грошы за ўласны ўнёсак у біцьцё барацінак).

У 17521755 тымфу выбіваў Аўгуст ІІІ на ліпскай мынцы.

  • Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. — Минск: Полымя. 1995 ISBN 5-345-00737-3
  • Синчук И.И. К атрибуции тынфов Яна Казимира 1663-1666 гг. // Усебеларуская канферэнцыя гiсторыкаў. Гiстарычная навука i гiстарычная адукацыя ў Рэспублiцы Беларусь (новыя канцэпцыi i падыходы). Мiнск, 3-5 лютага 1993 года. Тэзiсы дакладаў i паведамленняў. Частка I. Гiсторыя Беларусi. Мiнск, 1993. С.87-90.
  • Синчук И.И. Тынфы Яна Казимира – атрибуция монет отдельных монетных дворов (по материалам польских собраний) // Труды VI Международного Конгресса славянской археологии. Т.4. Общество, экономика, культура и искусство славян. М., 1998. С.187-194.
  • Синчук И. Тынфы Национального музея Литвы: исследование и каталог(недаступная спасылка) // Numizmatika. T.7-8. Metraštis 2006-2007. Vilnius, 2008. P.53-228.
  • Sinczuk I. Fałszerstwa tymfów Jana Kazimierza // Fałszerstwa i naśladownictwa monet: XI Ogólnopolska Sesja Numizmatyczna w Nowej Soli. Poznań, 1998. S.113-127.