Антоніё Вівальдзі
Антоніё Вівальдзі | |
Антоніё Лючыё Вівальдзі | |
Дата нараджэньня | 4 сакавіка 1678 |
---|---|
Месца нараджэньня | Вэнэцыя, Вэнэцыянская рэспубліка |
Дата сьмерці | 28 ліпеня 1741 |
Месца сьмерці | Вена, Габсбурская манархія |
Месца пахаваньня | |
Прафэсія | кампазытар |
Месца працы | |
Жанры | опэра, камэрная музыка[d], царкоўная музыка[d], канцэрт[d], сынфонія[d] і сардана[d][2] |
Інструмэнты | скрыпка[3], клявэсын і віёля д’амур[d][1] |
Бацька | Джаваньні Батыста Вівальдзі[d][3] |
Маці | Каміла Калікіё[d] |
Подпіс | |
Анто́ніё Лю́чыё Віва́льдзі (па-італьянску: Antonio Lucio Vivaldi; 4 сакавіка 1678, Вэнэцыя, Вэнэцыянская рэспубліка — 28 ліпеня 1741, Вена, Габсбурская манархія) — вэнэцыянскі кампазытар, скрыпач, пэдагог, дырыгент, каталіцкі сьвятар. Вівальдзі лічыцца адным з найбуйнейшых прадстаўнікоў італьянскага скрыпічнага мастацтва XVIII стагодзьдзя, пры жыцьці атрымаў шырокае прызнаньне ўва ўсёй Эўропе. Майстар аркестравага канцэрта — канчэрта гроса, аўтар 40 опэраў. Вівальдзі у асноўным вядомы дзякуючы сваім інструмэнтальным канцэртам, у асаблівасьці для скрыпкі. Ягонай найбольш вядомай працай зьяўляецца сэрыя з чатырох скрыпічных канцэртаў «Поры года»[4].
Вівальдзі напісаў шмат твораў для жаночага музычнага ансамблю манастыра Аспэдале-дэльля-П’ета, дзе ў асноўным расьлі кінутыя дзеці. Сам Вівальдзі працаваў у гэтым манастыры каталіцкім сьвятаром з 1703 па 1715 гады, а таксама з 1723 па 1740 гады. Таксама, Вівальдзі ладзіў опэры ў Вэнэцыі, Мантуі і Вене, якія карысталіся вялікім попытам. Пасьля сустрэчы з імпэратарам Карлам VI, Вівальдзі пераехаў у Вену, у надзеі на прасоўваньне па службе. Тым ня менш, імпэратар памёр неўзабаве пасьля прыбыцьця Антоніё, а сам кампазытар сканаў у галечы, неўзабаве менш чым праз год пасьля гэтага.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяцінства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Антоніё Вівальдзі нарадзіўся 4 сакавіка 1678 году ў Вэнэцыі[5], якая тады была сталіцай Вэнэцыянскай рэспублікі. Ён быў ахрышчаны адразу пасьля нараджэньня ў сваім доме акушэркай, што прывяло гісторыкаў да перакананьня, што ягонаму жыцьцю пагражала небясьпека. Не зважаючы на тое, што дакладныя прычыны неадкладнага хрышчэньня дзіцяці ёсьць невядомымі, гэта адбылося, хутчэй за ўсё, альбо празь ягонае дрэннае самаадчуваньне, альбо ў выніку землятрусу, які пахіснуў горад у гэты дзень. Цырымоніі, якія былі прапушчаныя пы пачатковым хрышчэньні, былі праведзеныя праз два месяцы[6].
Бацькамі Вівальдзі былі Джаваньні Батыста Вівальдзі і Каміла Калікіё, як гэта запісана ў рэестры царквы Сан-Джаваньні-ін-Брагора[7]. Акрамя Антоніё ў сям’і было яшчэ васьмёра дзяцей. Джаваньні Батыста працаваў цырульнікам перш чым стаць прафэсійным скрыпачом. Менавіта бацька навучыў Антоніё граць на скрыпцы, а потым разам с сынам выступіў з канцэртам у Вэнэцыі. Да 24 гадоў Антоніё набыў шырокія музычныя веды калі пачаў працаваць у Аспэдале-дэльля-П’ета[8]. Джаваньні Батыста, акрамя таго, быў адным з заснавальнікаў асацыяцыі мясцовых музыкаў[9].
Прэзыдэнтам асацыяцыі быў Джаваньні Легрэнцы, кампазытар раньняга барока й маэстра капэлы ў базыліцы сьвятога Марка. Цалкам магчыма, што Легрэнцы даў маладому Антоніё ягоныя першыя заняткі па кампазыцыі. Люксэмбурскі навуковец Вальтэр Кольнэдэр заўважыў уплыў стылю Легрэнцы на раньні літургічны твор Вівальдзі «Laetatus sum», які быў напісаны ў 1691 годзе ва ўзросьце трынаццаці гадоў. Бацька Вівальдзі, магчыма, і сам быў кампазытарам, то бок у 1689 годзе опэру «La Fedeltà sfortunata» склаў Джаваньні Батыста Росі, мянушкай, пад якой бацька Вівальдзі далучыўся да асацыяцыі музыкаў[10].
Здароўе Вівальдзі мела пэўныя праблемы. Адзін зь ягоных сымптомаў, сьцісканьне ў грудзях, як трактаваўся тады як сымптом дыхніковай астмы[6]. Аднак, гэта не перашкодзіла яму навучыцца граць на скрыпцы, пісаць альбо ўдзельнічаць у музычных мерапрыемствах[6], аднак, гэта стала перашкодай у засваеньні гульні на духовых інструмэнтах. У 1693 годзе ва ўзросьце пятнаццаці гадоў, ён пачаў вучыцца на сьвятара[11]. У 1703 годзе Вівальдзі быў рукапаложаны ва ўзросьце 25 гадоў, і неўзабаве атрымаў мянушку «чырвоны святар» (італ. il Prete Rosso)[12].
Неўзабаве пасьля ардынацыі ў 1704 годзе яму было адмоўлена ад цэлебрацыі імшы праз дрэннае здароўе. Вівальдзі праводзіў сьвятую імшу толькі некалькі разоў і, здавалася, адмовіўся ад літургічных абавязкаў, аднак, фармальна заставаўся чальцом сьвятарства. Ён заставаўся прыхільным каталіцтву[13] да самай старасьці да такой ступені, што нямецкі кампазытар Эрнст Людвіг Гербэр, які да таго ж быў пратэстантам, у 1792 годзе напісаў, што лічыў Вівальдзі незвычайна фанатычным[14].
Праца ў Аспэдале-дэльля-П’ета
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У верасьні 1703 году Вівальдзі стаў майстрам скрыпкі[5]. Не зважаючы на тое, што Вівальдзі найбольш вядомы як кампазытар, на той час ён лічыўся выключна таленавітым скрыпачом. Нямецкі архітэктар Ёган Фрыдрых Арман фон Уфэнбах называў Вівальдзі знакамітым кампазытарам і скрыпачом і дадаваў, што Вівальдзі выдатна выконваў сольны акампанэмэнт і на заканчэньне дадаваў імправізаваную кадэнцыю, якая абсалютна ўражвала слухачоў[15].
Вівальдзі было 25 гадоў, калі ён пачаў працаваць у дзіцячым прытулку. На працягу наступных трыццаці гадоў ён працаваў там і склаў большасьць сваіх асноўных твораў, працуючы ў гэтай установе[16]. У Вэнэцыі меліся чатыры падобныя ўстановы, а іхная мэта складалася ў тым, каб даць прытулак і адукацыю дзецям, якія былі пакінуты іхнымі сем’ямі альбо зьяўляліся сіратамі, альбо чые сем’і ня мелі сродкаў, каб іх утрымліваць. Такія ўстановы фінансаваліся зь бюджэту рэспублікі[17]. Хлопцы навучаліся гандлю і павінны былі пакінуць установу, калі дасягалі ўзросту ў пятнаццаць гадоў. Дзяўчаты атрымлівалі музычную адукацыю, а самыя таленавітыя сярод іх засталіся і працавалі ў вядомым аркестры і хоры Аспэдале-дэльля-П’ета.
Неўзабаве пасьля прызначэньня Вівальдзі на пасаду галавы хору сіроцкі ансамбль атрымліваў вядомасьць за межамі Вэнэцыі. Вівальдзі пісаў для іх канцэрты, кантаты і сакральную вакальную музыку[18]. Гэтыя сакральныя творы, якіх налічваецца больш за 60, ёсьць вельмі разнастайнымі. Яны ўключаюць сольныя выкананьні й маштабныя харавыя творы для салістаў, падвоеных хораў і аркестру[19]. Пазьней Вівальдзі атрымаў яшчэ шэраг пасадаў ва ўстанове, што адымала ў кампазытару шмат часу і працы. Ён павінен быў складаць творы на кожнае сьвята, а таксама навучаць дзяцей-сіротаў як тэорыі музыкі, гэтак і авалоданьню пэўным музычным інструмэнтам[20].
Ягоныя адносіны з калегіяй кіраўніцтва Аспэдале-дэльля-П’ета часта былі напружанымі. Праўленьне павінна было кожны год галасаваць, ці варта трымаць настаўніка. Галасаваньне за Вівальдзі зрэдку было адзінадушным і адбылося там, што ў 1709 годзе 7 з 13 чальцоў прагаласавала супраць яго[21]. Вівальдзі год быў вымушаны працаваць як музыка-фрылянсэр, але ў 1711 годзе ён быў запрошаны назад у Аспэдале-дэльля-П’ета адзінагалосным галасаваньнем. Відавочна, што за час ягонай адсутнасьці калегія зразумела важнасьць ролі кампазытара[21]. Ён стаў адказным за ўсю музычную дзейнасьць навучальнай установы[22], калі ў 1716 годзе атрымаў пасаду музычнага кіраўніка[23].
У 1705 годзе першая калекцыя твораў Вівальдзі была выдадзеная Джузэпэ Салам[24]. Гэта быў зборнік з 12 санатаў для дзьвюх скрыпак і генэрал-басу ў звычайным стылі[25]. У 1709 годзе зьявілася другая калекцыя з 12 санатаў для скрыпкі й генэрал-басу[26]. Сапраўдны прарыў кампазытара адбыўся з выхадам ягонага першага зборніку з 12 канцэртамі для адной, дзьвюх і чатырох скрыпак са струннымі «L'estro armonico», які быў выдадзены ў Амстэрдаме ў 1711 годзе Эст’енам Ражэрам[27]. Зборнік быў прысьвечаны Вялікаму прынцу Тасканскаму Фэрдынанда Мэдычы. Прынц сам быў музыкам і часьцяком апякаў і быў мэцэнатам шэрагу кампазытараў, як то Алясандра Скарляцьці й Георга Фрыдрыха Гэндэля. Вівальдзі, напэўна, пазнаёміўся зь ім ў Вэнэцыі[28]. «L'estro armonico» меў вялікі посьпех па ўсёй Эўропе. Пасьля гэтага сьвет у 1714 годзе пабачыў наступны зборнік кампазытара «La stravaganza», які зьмяшчаў канцэрты для сольнай скрыпкі й струнных інструмэнтаў[29], прысьвечаны студэнту Вівальдзі вэнэцыянскаму шляхцічу Вэтору Дольфіну[30].
У лютым 1711 годзе Вівальдзі й ягоны бацька выехалі ў Брэшыю, дзе ў рамках рэлігійнага фэстывалю выканалі твор «Стабат матэр». Твор, здаецца, быў напісаны на хуткую руку, выкананьне для струнных інструмэнтаў было даволі простым, музыка першых трох частак паўтараецца ў наступных трох, і ня ўвесь тэкст быў напісаны для твору. Тым ня менш, магчыма, збольшага празь існасьць музыкі, твор лічыцца адным з раньніх шэдэўраў Вівальдзі. Не зважаючы на частыя падарожжы кампазытару, якія пачаліся з 1718 году, кіраўніцтва Аспэдале-дэльля-П’ета плаціла яму 2 цэхіна на месяц за два напісаныя творы для аркестру й рэпэтыцыі як мінімум пяць разоў, у той час калі ён знаходзіўся ў Вэнэцыі. Паводле запісаў установы кіраўніцтва заплаціла Вівальдзі за 140 канцэртаў паміж 1723 і 1733 гадамі.
Опэрны імпрэсарыё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пачатку XVIII стагодзьдзя ў Вэнэцыі опэра была самай папулярнай музычнай забавай. Гэта аказалася выгодным для Вівальдзі. Некалькі опэрных тэатраў змагаліся за ўвагу публікі. Але Вівальдзі распачаў сваю кар’еру опэрнага кампазытара не ў Вэнэцыі. Ягоная першая трохактавая опэра «Ottone in villa» была пастаўленая ў тэатры дэльля Грацы ў Вічэнцы ў 1713 годзе[31]. Гэтая опэра ўяўляла сабою характэрны ўзор опэры-сэрыі з расьцягненасьцю дзеяньня й заблытанай сюжэтнай інтрыгай. Напісаная на лібрэта Дамэніка Лёльлі, зь якім Вівальдзі пазьней неаднаразова супрацоўнічаў, яна распавядала пра адзін з эпізодаў гісторыі Сьвятой Рымскай імпэрыі. У адпаведнасьці са звычаем у якасьці салістаў, якія выконвалі й мужчынскія, і жаночыя партыі, выступалі сьпевакі-эўнухі. Іхнае выкананьне спалучала сілу й бляск мужчынскіх галасоў зь лёгкасьцю й рухомасьцю жаночых. У наступным годзе Вівальдзі стаў імпрэсарыё Тэатра Сан-Анджэлё ў Вэнэцыі, дзе была выкананая ягоная опэра «Orlando finto pazzo», напісаная на лібрэта Грацыё Брач’ёльлі, якая ўяўляла сабой вольную перапрацоўку вядомай паэмы «Шалёны Ролянд» італьянскага паэта Людавіка Арыёста[32]. Праца не атрымала посьпеху ў слухачоў, і праз пару тыдняў опэра перасталі выконваць, замяніўшы яе іншай працай, якая ставілася ў тэатры ў папярэднім годзе[28].
У 1715 годзе Антоніё Вівальдзі прэзэнтаваў опэру «Nerone fatto Cesare», якая на сёньня зьяўляецца страчанай. Опэра, над якой працавалі сем розных кампазытараў, зьмяшчала адзінаццаць арыяў і мела посьпех. У канцы сэзону Вівальдзі плянаваў паставіць опэру цалкам уласнага напісаньня «Arsilda, regina di Ponto», але дзяржаўны цэнзар забараніў спэктакль. Галоўная гераіня, Арсыльда, закахалася ў іншую жанчыну, Лізэю, якая прыкідваецца мужчынам[28]. У наступным годзе Вівальдзі прымусіў цэнзура зьмяніць рашэньне, што і было зроблена. У выніку опэра атрымала вялікі посьпех.
У гэты пэрыяд Аспэдале-дэльля-П’ета замовіла некалькі літургічных твораў. Найбольш важнымі зь іх былі дзьве араторыі. «Moyses Deus Pharaonis» зьяўляецца страчанай на сёньняшні дзень. Другі твор, «Juditha triumphans», праслаўляў перамогу Вэнэцыянскай рэспублікі супраць туркаў і адваяваньне вострава Корфу. Складзены ў 1716 годзе, гэты твор ёсьць адным з самых сакральных шэдэўраў кампазытара. Усе адзінаццаць сьпеўных частак выканалі дзяўчынкі з прытулку як жаночыя, гэтак і мужчынскія ролі. Шмат якія арыі ўключаліся у сябе часткі для сольных інструмэнтаў, як то блёкфлейта, габой, віёля д’амур і мандаліна, што дазволі прадэманстраваць спэктар талентаў дзяўчынак[33].
Таксама ў 1716 годзе Вівальдзі напісаў і паставіў яшчэ дзьве оперы: «L'incoronazione di Dario» і «La costanza trionfante degli amori e degli odi». Апошняе была настолькі папулярная, што праз два гады яна была пастаўленая зноўку, пасьля невялікіх зьменаў у кампазыцыі назове, які быў заменены на «Artabano re dei Parti». Гэта твор, акрамя таго, быў пастаўлены і выкананы ў Празе ў 1732 годзе. У наступныя гады Вівальдзі напісаў некалькі опэраў, якія ставіліся потым па ўсёй Італіі.
Ягоны прагрэсіўны опэрны стыль выклікаў некаторыя праблемы з больш кансэрватыўнымі музыкамі як то Бэнэдэта Марчэльлё, магістратам і музыкам-аматарам, які напісаў адмысловы памфлет «Il teatro alla moda», у якім асуджаў Вівальдзі й ягоны опэры. Гэты памфлет атакуе кампазытара нават наўпрост не згадваючы ягонага імя. На малюнку вокладкі была намаляваная лодка, якая сымбалізавала тэатар Сан-Анджэлё, на левым канцы якой стаіць маленькі анёл у шапцы сьвятара й грае на скрыпцы. Трэба дадаць, што сям’я Марчэльлё прэтэндавала на ўладаньне гэтага тэатру й доўгі час вяла юрыдычныя спрэчкі з кіраўніцтвам забаўляльнай установы, аднак без асаблівага посьпеху. У невыразным тэксце пад гравюрай згадваюцца неіснуючыя месцы й імёны як то Aldiviva, што верагодна ёсьць анаграмай імя знакамітага кампазытара.
У лісьце, напісаным Вівальдзі свайму патрону Маркезэ Бэнтывольлё ў 1737 годзе, ён спасылаецца на свае 94 опэры. На сёньня выяўлена толькі каля 50 опэраў Вівальдзі, а астатніх опэраў не існуе як вядома па дакумэнтах. Верагодна, Вівальдзі перабольшвае колькасьць опэраў, аднак, магчыма, улічваючы ягоную ролю кампазытара й імпрэсарыё ён быў адказны за пастаноўку ажно 94 опэраў, улічваючы, што ягоная кар’ера цягнулася ажно амаль 25 гадоў[34]. У той час як Вівальдзі, безумоўна, ствараў шмат вядомых опэраў у свой час, ён ніколі не дасягнуў вядомасьці такіх выдатных кампазытараў, як то Алясандра Скарляцьці, Ёган Адольф Гасэ, Леанарда Лео й Бальдасарэ Галюпі, пра што сьведчыць ягоная няздольнасьць працаваць працяглы час у любым буйным опэрным тэатры[35].
Мантуя й «Поры году»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
|||||
Патрэбная дапамога па праслухоўваньні гэтага файла? Зьвярніцеся да старонкі дапамогі. |
У 1717 ці 1718 годзе Вівальдзі была прапанавана новая прэстыжная праца ў якасьці маэстра капэлы пры двары князя Філіпа Гэсэн-Дармштацкага, кіраўніка Мантуі, на паўночным захадзе Італіі[36]. Ён пераехаў туды на тры гады й паставіў некалькі опэраў, сярод якіх была опэра «Tito Manlio». У 1721 годзе ён апынуўся ў Міляне, дзе прадставіў пастырскую драму «La Silvia», зь якой захаваліся толькі дзевяць арыяў. У наступным годзе ён зноў наведаў Мілян з араторыяў «L'adorazione delli tre re magi al bambino Gesù». У 1722 годзе ён пераехаў у Рым, дзе прадставіў новы стыль сваёй опэры. Новы папа Бэнэдыкт XIII запрасіў Вівальдзі, каб той ставіў опэры ў Папскай дзяржаве. У 1725 годзе Вівальдзі вярнуўся ў Вэнэцыю, дзе ў тым жа годзе паставіў чатыры опэры.
У гэты пэрыяд Вівальдзі напісаў «Поры году», чатыры канцэрты для скрыпкі, якія праз сваё гучаньне перадаюць чатыры поры году. Не зважаючы на тое, што тры канцэрты ёсьць цалкам арыгінальныя, першая частка, якая адпавядае сэзоне вясны ёсьць запазычанай з опэры ««Il Giustino». Натхненьнем для стварэньня опэры, верагодна, зьяўляюцца ваколіцы Мантуі. Гэтыя канцэрты апынуліся рэвалюцыйнымі ў музычнай канцэпцыі. У іх Вівальдзі перадаў плынь ручаёў, сьпеў птушак, брэх сабакаў, гудзеньне камароў, плач пастухоў, штормы, п’яных танцораў, маўклівыя ночы, паляваньне з пункту гледжаньня паляўнічых і здабычы, застылыя пэйзажы, катаньне на каньках і пацяпленьне зімовых вечароў. Кожны канцэрт злучаны з санэтам, у якім, магчыма, Вівальдзі апісваў сцэны, намаляваныя ў музыцы. Яны былі апублікаваныя ў якасьці першых чатырох канцэртаў у зборніку з дванаццаці канцэртаў «Il cimento dell'armonia e dell'inventione», які быў апублікаваны ў Амстэрдаме Мішэлем-Шарлем Лё Сэнам у 1725 годзе.
Падчас свайго знаходжаньня ў Мантуі Вівальдзі пазнаёміўся з маладой сьпявачкай Ганнай Жыро, якая стала ягонай вучаніцай, пратэжэ й улюбёнай прымадонай[37]. Ганна, разам са старэйшай сястрой Паолінай, пераехала да Вівальдзі й рэгулярна суправаджала яго ў шматлікіх падарожжах. Былі здагадкі пра характар адносінаў Вівальдзі й Жыро, але не існуе аніякіх доказаў, якія б сьведчылі, што адносіны пераўзыходзілі сяброўства й прафэсійнае супрацоўніцтва. Фактычна Вівальдзі непахісна адмаўляў рамантычныя адносіны з Жыро ў лісьце да свайго заступніка Бэнтывольлё, які ён напісаў 16 лістапада 1737 году[38].
Апошнія гады й сьмерць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У разгар кар’еры Вівальдзі атрымліваў замовы ад эўрапейскай шляхты і каралеўскіх уладаў. Сэрэната «Gloria e Imeneo» была замоўленая амбасадарам Францыі ў Вэнэцыі ў 1725 годзе і прысьвячалася шлюбу Людовіка XV. У наступным годзе яшчэ адна сэрэната, «La Sena festeggiante», была напісаная й прэзэнтаваная ў францускай амбасадзе, калі адзначалася нараджэньне францускіх прынцэсаў, Гэнрыэты і Люізы Элізабэты. Твор «La cetra» быў прысьвечаны імпэратару Карлу VI. У 1728 годзе Вівальдзі сустрэўся з імпэратарам, у той час калі імпэратар наведваў Трыест, каб назіраць за будаўніцтвам новага порту. Карл захапляўся музыкай Вівальдзі гэтак моцна, што, як кажуць, ён больш размаўляў з кампазытарам падчас іхнай адной сустрэчы, чым ён размаўляў са сваімі міністрамі на працягу двух гадоў. Ён дараваў Вівальдзі тытул рыцара, залаты мэдаль і запрашэньне ў Вену. Вівальдзі адорыў Карла копіяй рукапісу «La cetra», зборнікам канцэртаў, амаль цалкам адрозны ад зборніка з аднайменнай назвай, апублікаванага як «Opus 9». Друк, верагодна, зацягнуўся, прымусіўшы Вівальдзі сабраць імпэратарскую калекцыю для імпэратара.
У суправаджэньні свайго бацькі Вівальдзі адправіўся ў Вену й Прагу ў 1730 годзе, дзе была прадстаўленая ягоная опэра «Farnace»[39], якая выклікала фурор[35]. Некаторыя зь ягоных пазьнейшых опэраў былі створаны ў супрацоўніцтве з двума выбітнымі пісьменьнікамі Італіі таго часу. «L'Olimpiade» і «Catone in Utica» былі напісаныя ў суаўтарстве з П’етра Мэтастасіё, галоўным прадстаўніком аркадзкага руху й прыдворным паэтам у Вене. «La Griselda» была перапісаная маладым Карлё Гальдоні зь яшчэ больш раньняга лібрэта Апастолё Дзэна.
Як і многія кампазытары таго часу, у наступныя гады Вівальдзі сутыкнуўся зь фінансавымі цяжкасьцямі. Ягоныя кампазыцыі больш не цікавілі публіку, як гэта было калісьці ў Вэнэцыі. Зьмены музычных густаў хутка зрабілі ягоныя творы састарэлымі. Вівальдзі вырашыў прадаць значную колькасьць сваіх рукапісаў па мізэрных цэнах, каб пераехаць у Вену[40]. Прычыны ад’езду Вівальдзі з Вэнэцыі ёсьць незразумелымі, але, верагодна, пасьля сустрэчы з імпэратарам Карлам VI ён пажадаў заняць пасаду кампазытара ў імпэратарскім двары. Па дарозе ў Вену Вівальдзі, магчыма, спыніўся ў Грацы, каб наведаць Ганну Жыро[41].
Неўзабаве пасьля прыезду ў Вену Карл VI памёр, што канчаткова пакінула кампазытара без каралеўскай абароны і ўстойлівай крыніцы прыбытку. Вівальдзі зьбяднеў[42][43] і памёр у ноч з 27 на 28 ліпеня 1741 году ва ўзросьце 63 гадоў[44][45] у доме, які належыў удаве венскага майстра вырабу сёдлаў. 28 ліпеня Вівальдзі пахавалі падчас сьціплай цырымоніі на могілках, якія належалі фонду дзяржаўнага шпіталю. Служба прайшла ў саборы сьвятога Стэфана. Насуперак распаўсюджанай легендзе, малады Ёзэф Гайдн не сьпяваў на пахаваньні вэнэцыянскага кампазытару[46].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Dizionario Biografico degli Italiani (італ.) — 1960.
- ^ https://www.musicsperlacobla.cat/compositor.php?autor_id=1596
- ^ а б https://www.francemusique.fr/personne/antonio-vivaldi
- ^ Антонио Вивальди(недаступная спасылка). Большая советская энциклопедия.
- ^ а б Michael Talbot. «Vivaldi, Antonio». Grove Music Online.
- ^ а б в Talbot 1978. С. 39.
- ^ Landon 1996. С. 15.
- ^ Heller 1997. С. 41.
- ^ Talbot 1978. С. 36.
- ^ Heller 1997. С. 40.
- ^ Landon 1996. С. 16.
- ^ Pincherle 1957. С. 16.
- ^ Kolneder 1970. С. 202.
- ^ Kolneder 1970. С. 29.
- ^ Landon 1996. С. 49.
- ^ Heller 1997. С. 51.
- ^ Pincherle 1957. С. 18.
- ^ Heller 1997. С. 77.
- ^ Heller 1997. С. 78.
- ^ Pincherle 1957. С. 24.
- ^ а б Talbot 1978. С. 48.
- ^ Heller 1997. С. 54.
- ^ Talbot 1978. С. 59.
- ^ Pincherle 1957. С. 38.
- ^ Landon 1996. С. 26.
- ^ Landon 1996. С. 31.
- ^ Landon 1996. С. 42.
- ^ а б в Talbot 1978. С. 54.
- ^ Talbot 1978. С. 58.
- ^ Talbot 1978. С. 71.
- ^ Heller 1997. С. 98.
- ^ «Вивальди — биография». Музлитра.
- ^ Landon 1996. С. 52.
- ^ Heller 1997. С. 97.
- ^ а б Heller 1997. С. 114.
- ^ Talbot 1978. С. 64.
- ^ Talbot 1978. С. 664.
- ^ Talbot 1978. С. 67.
- ^ Daniel E. Freeman (1992). «The Opera Theater of Count Franz Anton von Sporck in Prague». Stuyvesant, N.Y. Pendragon Press. — ISBN 0-945-19317-3.
- ^ Kolneder 1982. С. 179.
- ^ Kolneder 1982. С. 180.
- ^ Landon 1996. С. 166.
- ^ Pincherle 1957. С. 53.
- ^ Talbot 1978. С. 69.
- ^ Heller 1997. С. 263.
- ^ Michael Lorenz, «Haydn Singing at Vivaldi's Exequies: An Ineradicable Myth». Musicological Trifles and Biographical Paralipomena.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Talbot, Michael Vivaldi. — London: J. M. Dent & Sons Ltd., 1978. — 275 с. — ISBN 0-460-02204-0
- Robbins Landon, H. C. Vivaldi: Voice of the Baroque. — University of Chicago Press, 1996. — ISBN 0-226-46842-9
- Heller, Karl Antonio Vivaldi: The Red Priest of Venice. — Amadeus Press, 1997. — ISBN 1-57467-015-8
- Kolneder, Walter Antonio Vivaldi: His Life and Work. — Los Angeles: University of California Press, 1970. — ISBN 0-520-01629-7
- Kolneder, Walter Antonio Vivaldi: Documents of His Life and Works. — C. F. Peters Corp., 1982. — 239 с. — ISBN 3-795-90338-6
- Pincherle, Marc Vivaldi: Genius of the Baroque. — Paris: W. W. Norton & Company, Inc., 1957. — ISBN 0-393-00168-7
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Каталёг інструмэнтальных твораў Вівальдзі.
- Поўны каталёг твораў.
- Антоніё Вівальдзі на Open Music Library.
- Антоніё Вівальдзі на International Music Score Library Project.
- Антоніё Вівальдзі на Choral Public Domain Library.