Перайсьці да зьместу

Антыбальшавіцкі блёк народаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Антыбальшавіцкі блёк народаў
анг. Anti-Bolshevik Bloc of Nations
Абрэвіятура АБН
Папярэднік Камітэт паняволеных народаў(uk)
Дата ўтварэньня 16 красавіка 1946 (78 гадоў таму)
Дата спыненьня існаваньня 1996
Тып Няўрадавая
Юрыдычны статус Міжнародная арганізацыя
Мэта Разгром бальшавізму і канчальны падзел Расеі-імпэрыі
Штаб-кватэра Мюнхэн (Баварыя, Нямеччына)
Сяброўства 18 грамадзкіх аб’яднаньняў ад 14 народаў
Генэральны сакратар Ц. Пакорны
Прэзыдэнт Яраслаў Стэцько(en)
Старшыня Рады Радаслаў Астроўскі
Кіроўны орган Рада
Матчына кампанія Сусьветная антыкамуністычная ліга(en)

Антыбальшаві́цкі блёк наро́даў — міжнародная антыкамуністычная палітычная арганізацыя, дзейнасьць якой была накіравана на каардынацыю антысавецкага змаганьня ва Ўсходняй Эўропе і Азіі.

Ідэйныя асновы для арганізацыі АБН паклаў яшчэ маніфэст Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) ад сьнежня 1940 г. Аднак спробы структурна аформіць арганізацыю былі зроблены толькі ў 1943 годзе. 25 чэрвеня 1943 г. бандэраўцы правялі падрыхтоўчую нараду прадстаўнікоў паняволеных народаў, а 21-22 лістапада 1943 году ў Жытомірскіх лясах адбылася нелегальная канфэрэнцыя дэлегатаў «нацыянальна-рэвалюцыйных арганізацый паняволеных Масквой народаў». На ёй быў утвораны Нацыянальны Камітэт Паняволеных Народаў для каардынацыі іх «рэвалюцыйнай барацьбы» («рэвалюцыйнага ходаньня») супраць «камунізму», прынятая палітычная плятформа й маніфэст (у канфэрэнцыі бралі ўдзел два прадстаўнікі Беларускай Незалежніцкай Партыі: капітан В. Ермаковіч і старэйшы лейтэнант Г. Маліноўскі. Капітан Ермаковіч пад псэўданімам «Дружны» падпісаў рэзалюцыю канфэрэнцыі). У 1944 годзе ў Кракаве адбылася новая канфэрэнцыя прадстаўнікоў «паняволеных народаў», на якой былі выпрацаваны канкрэтныя напрамкі супольнай працы й барацьбы. Антыбальшавіцкі Блёк Народаў быў утвораны 16 красавіка 1946 г. у Пазінгу каля Мюнхэна ў Заходняй Нямеччыне на нелегальнай канфэрэнцыі дэлегатаў нацыянальна-вызвольных арганізацыяў народаў Усходняй Эўропы й Азіі.

АБН разгортвае актыўную прапагандысцкую працу на Захадзе: высылае звароты на міжнародныя канфэрэнцыі й кангрэсы, да ўрадаў заходніх краінаў, у якіх перасьцерагаў іх перад «маскоўска-бальшавіцкай небясьпекай», арганізуе мітынгі й прэс-канфэрэнцыі. Антыбальшавіцкі Блёк Народаў аказвае падтрымку антыбальшавіцкаму падпольлю ў СССР, вядзе шырокую прапаганду. У праграмных дакумэнтах АБН адзначалася: «Разгром бальшавізму і канчальны падзел Расеі-імпэрыі — гэта першая мэта АБН, асноўная догма нашага змаганьня», «Мядзьведзя трэба задушыць у яго бярлозе. Бальшавізм зьнікне аканчальна тады, калі будзе пераможаны ў сваім цэнтры — эвэнтуальная перамога на пэрэфэрыях заўсёды будзе часовай, бо атрутны газ будзе ізноў пранікаць усюды, дзе яшчэ яго няма, паводле закону распаўсюджваньня». У той жа час АБН стаяў на прынцыпе поўнай незалежнасьці кожнага народу ў яго этнаграфічных межах. АБН супрацоўнічаў зь іншымі антыкамуністычнымі міжнароднымі арганізацыямі (у тым ліку з Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігай, у склад якое ўвайшоў у 1967, і Эўрапескай Радай Свабоды), актыўна рэагаваў на падзеі ў СССР. Фактычна арганізацыя даіснавала да распада савецкай імпэрыі, у якім ёсьць і яе заслуга.

Ад самага пачатку ў працы АБН бралі актыўны ўдзел беларускія арганізацыі: Беларуская Незалежніцкая Партыя, Беларускі Нацыянальны Цэнтар, Беларуская Цэнтральная Рада, Беларускі Вызвольны Фронт. Вядомыя беларускія дзеячы, як Станіслаў Станкевіч, Уладзімер Тамашчык і Зьміцер Касмовіч, уваходзілі ў кіраўніцтва АБН. У ЗША існавала група «Беларускія сябры АБН». У яе кіраўніцтва ўваходзілі Анатоль Плескачэўскі, Уладзімер Пеляса й Міхась Сенька. Апроч таго ў склад Блёку ўваходзілі наступныя арганізацыі:

  • Аб’яднаная Гетманская Арганізацыя (Украіна)
  • Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў
  • Баўгарскі Нацыянальны Фронт
  • Вугорскі вызвольны рух
  • Грузынская Нацыянальная Арганізацыя
  • Зьвяз Эстонскіх Змагароў за волю
  • Казацкі Нацыянальны Вызвольны Рух
  • Камітэт «Вольная Армэнія»
  • Латыская асацыяцыя за змаганьне супраць камунізму
  • Летувіскі Рух Адраджэньня
  • Нацыянальны Туркестанскі Злучаны Камітэт
  • Славацкі Вызваленчы Камітэт
  • Харвацкі Нацыянальны Вызвольны Рух
  • Чэскі Нацыянальны Камітэт
  • Чэскі Рух за Свабоду
  • Эстонскі вызвольны рух

Аднак найбольшую актыўнасьць праяўлялі ўсё ж украінскія арганізацыі. Сваю дзейнасьць Блёк спыніў у 1996 у сувязі з выкананьнем пастаўленых мэтаў, аднак яшчэ сёньня існуюць асобныя групы АБН у ЗША, Бэльгіі, Італіі, Аўстраліі, Аргентыне, як то Амэрыканскія Сябры АБН, куды ў свой час уваходзіў былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш Старэйшы. Моладзевыя сэкцыі дзейнічаюць у ЗША й Вялікай Брытаніі.

  • 1946—1986 Яраслаў Сэмэнавіч Стэцько (1912—1996)
  • 1986—1996 Яраслава Ёсіпаўна Стэцько (1920—2003), жонка

Старшыні Народнае Рады АБН

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

В.Берзіньш, В.Каюм-Хан, Ф.Дзюрчанскі, Ф.Фаркас дэ Кісбарнак і Р.Астроўскі

Генэральныя Сакратары

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Н.(Ніно ?)Накашыдзэ й Ц.Пакорны

Сродкі масавае інфармацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • «ABN Correspondence» («Карыспандэнцыя АБН»; 1950—1996, на ангельскай, нямецкай і францускай, пасьля толькі на ангельскай)
  • «Resistencia y Liberación» («Рэзыстанс і Вызваленьне»; Буэнас-айрэс)
  • «L’est européen» («Эўрапеец»; Парыж)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]