Гелена Ромэр-Ахенкоўская
Гелена Ромэр-Ахэнкоўская | |
Helena Romer-Ochenkowska | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Helena Antonina Rachela Römer |
Псэўданімы | Scipio, Spectator, Widz |
Нарадзілася | 2 жніўня 1875[1] |
Памерла | 26 сакавіка 1947[1] (71 год)
|
Пахаваная | |
Бацькі | Альфрэд Ізідар Ромэр Ванда з Сулістроўскіх[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | журналістка, публіцыстка, тэатральны крытык, драматург, празаік, пэдагог |
Мова | польская мова[2] |
Дэбют | 1904 |
Значныя творы | Majaki (1911), Swoi ludzie (1922), Tutejsi (1931) |
Узнагароды | |
Гелéна Ромэр-Ахенкоўская (па-польску: Romer-Ochenkowska Helena; 2 жніўня 1875, Вільня ― 26 сакавіка 1947, Торунь, Польшча) ― польская і беларуская пісьменьніца, публіцыстка, драматургіня, мастачка, пэдагогіца, а таксама асьветніца і грамадзкая дзяячка[3].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў Вільні 2 жніўня 1875 году ў сям’і вядомага мастака Альфрэда Ізідара Ромэра і графіні Ванды Ромэр (з Сулістроўскіх). Калі Гелене споўніўся год, маці пераехала зь Вільні ў радавую сядзібу Каралінова (цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласьць)[4].
Першапачатковую адукацыю атрымала дома. У 1884 г. бацька адправіў яе на вучобу ў платны Кракаўскі пансіён Люцыі Жэлешкевіч, які яна скончыла з адзнакай у 1892 г.[4]
Пасьля вяртаньня ў родны край стала прымаць актыўны ўдзел у культурна-асьветніцкім жыцьці. У Камаях адкрыла гарбатны салён, які стаў своеасаблівым цэнтрам для ейнай далейшай дзейнасьці. Арганізавала 6 перасоўных бібліятэкаў: у Каралінове, Камаях, Кабыльніку (Нарач), Сьвіры, Лынтупах і Вішнёве[5].
У Камаях, Канябічах і Каралінаве за свой кошт адкрыла тры школы, у якіх навучалася па 50-60 вучняў. У школе ў Каралінове заняткі праводзіла сама. Школы працавалі таемна, бо царскія ўлады не дазвалялі адчыняць прыватныя школы[5].
У 1904 г. выйшла замуж за Гэнрыха Ахянкоўскага (1872 — 21.02.1925). Некаторы час жылі ў яго сядзібе Вуюўка пад Радзімінам. Шлюб аказаўся непрацяглым і праз пару гадоў яны разьвяліся. Дзяцей у іх не было[4].
У 1905 г. напісала і выдала падручнік па геаграфіі пад назвай «Што ёсьць на небе і зямлі» (у 1926 г. падручнік быў перавыдадзены восем разоў). На аснове асабістага пэдагагічнага досьведу напісала мэтадычку «Парады для народных настаўнікаў»[4].
У 1906—1908 гг. навучалася ў Францыі ў Школе вышэйшых сацыяльных навук (École des Hautes Études Sociales). За час вучобы падрыхтавала дасьледаваньне пра францускую сыстэму адукацыі — «Szkola Batiniolska w Paryzu»[3].
Працягнула навучаньне ў Бэльгіі. За час навучаньня ва ўнівэрсытэце на факультэце журналістыкі і грамадхкіх навук напісала працу «Нямецкая іміграцыя ў Польшчу і Расію» («Immigration allemands en Russie et en Pologne»). Атрымала дыплём журналісткі[3].
1915—1916 гадах у Вільні выкладала гісторыю Польшчы на папулярных рамесьніцкіх курсах Зыгманта Наградзкага, а ў Народным унівэрсытэце імя А. Міцкевіча навучала польскай мове малапісьменных дарослых. У канцы 1916 году паехала ў Варшаву, дзе працавла ў «Гуртку полек», ладзіла бібліятэкі, займалася раздачай ежы для галадаючых, супрацоўнічала з Чырвоным Крыжам. Дасылала допісы ў «Ілюстраваны тыгоднік», «Свет», «Плюшч» і іншыя, працягвала гарачы ўдзел у палітычным жыцьці, бязьзьменна стоячы на баку Ю. Пілсудзкага[3].
У 1919 г. стала працаваць у віленскай газэце «Наш край» (Nasz Kraj)[4].
14.07.1920 г. бальшавікі ў Вільні арыштавалі Гелену Ромэр-Ахянкоўскую. Яе адпусьцілі толькі дзякуючы заступніцтву летувісаў М. Біржышкі і А. Алекнавічуса, аднак яна была вымушаная хавацца[6].
У 1939 г. у Заходнюю Беларусь прыйшла Чырвоная армія. Маёнтак нацыяналізавалі разам з кватэрамі Ромэраў у Вільні, а ў сядзібе ў Каралінове адкрылі бальніцу. Гелена ў сьпешным парадку перадала кнігі свайго бацькі ў бібліятэку Вільні (цяпер бібліятэка імя Ўрублеўскіх Акадэміі навук Летувы). Гелену і ейную маці, якой было 86 гадоў, не адправілі ў Сібір з прычыны заступніцтва за іх мясцовых жыхароў[5].
У красавіку 1945 г. выехала на пастаяннае месца жыхарства ў Торунь (Польшча), пасялілася з сваячкай Геленай Фэліцыянаўнай Ромер (1860—1946)[4].
Памерла 26 сакавіка 1947 году, пахаваная на могілках сьв. апостала Якуба ў Торуні[7].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэбютавала ў 1904 годзе вершаванай п’есай «Karylla czyli miłość patriotyczna»[6].
У 1908 годзе апублікавала найбольш слынны свой твор — аповесьць «Маякі»(«Прывіды»). Сучасьнікі адзначалі аповесьць «Маякі», як цікавы і сур’ёзны твор, дзе яна закранае рэгіянальныя праблемы. Аповесьць была апублікаваная ў зборніку «Бібліятэчка выдатных твораў» (Варшава, 1910 год). Тагачасны літаратурны крытык Зыгмант Любіч-Залескі хваліў аповесьць за «мастацкую шляхетнасьць»[4].
Гелена Ромэр-Ахенкоўская — аўтарка шматлікіх брашурак і артыкулаў, каштоўных для вывучэньня мінулага Віленскага краю: «Кароткая гісторыя асьветы на Беларусі і Літве»(1919), «Гісторыя двух абразоў: у Чанстахове і Вострай Браме» (1919), «Як здабылі незалежнасьць», «Даведнік па Вільні». Супрацоўнічала з радыёвяшчаньнем, апрацавала шмат радыёперадачаў, у тым ліку «Віленская Вялікодная ютрань ў 1910 годзе», «Віленская батлейка», «1863 год на Літве», «Вігілія ў Навагрудку ў Міцкевічаў», аставіла ў рукапісе дзёньнік «Стан душы Г. Ромэр у розных фазах (псыхалагічныя нататкі)», які вяла ў Каралінове ў 1895-97 годзе[8].
Падпісвалася крыптанімамі Hro, H., R., H.R., Hr., r. ці псэўданімамі Spectator, Widz, Scypio[4].
Як дзядуля і бацька, мела здольнасьць да выяўленчага мастацтва, добра малявала. У 1911 годзе на выставе былі прадстаўленыя ейныя этуды і пэйзажная карціна «Дарога». Захаваліся наступныя працы мастачкі: «Партрэт Міхала Казімера Ромэра», «Коні на лузе», «Каровы ў бярозавым гаі», якія яна намалявала ў маладосьці. Ейнаму пэндзлю належаць таксама працы «Вуліца шкляроў у Вільні», «Пэйзаж з трысьцём», «Пэйзаж», «Пляц і касьцёл Усіх Сьвятых у Вільні» і іншыя[4].
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Karylla czyli miłość patriotyczna (1904) — п’еса,
- Majaki (1911) — аповесьць,
- Swoi ludzie (1922) — зборнік навэляў,
- Wesele na Wileńszczyźnie (1929) — п’еса,
- Tutejsi (1931) — зборнік навэляў,
- Rok 1863 na Litwie (1934) — п’еса.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
- ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б в г Stanisław Łoza (red.): Czy wiesz kto to jest?. Warszawa: Wydawnictwo Głównej Księgarni Wojskowej, 1938, s. 625—626.
- ^ а б в г д е ё ж з Яська Драўніцкі, Гэлена Ромэр-Ахэнкоўская, arche.by, 21.02.2013, https://news.arche.by/by/page/science/historya-navuka/10859(недаступная спасылка)
- ^ а б в Cecylia Gajkowska: Romer-Ochenkowska Helena. W: Literatura polska: przewodnik encyklopedyczny. red. Julian Krzyżanowski, Czesław Hernas. T. 2: N-Ż. Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1991.
- ^ а б Helena Romer-Ochenkowska, Encyklopedia teatru polskiego (krytycy), https://encyklopediateatru.pl/krytyk/82473/-
- ^ Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Пастаўскага раёну. — Мінск: БЕЛТА, 2001.- С.121.
- ^ Гэта варта ведаць жыхарам Пастаўшчыны. Ч. 1./ укладальнік М. Гіль. — Паставы: «Сумежжа», 2016. — с.34-36.
- Нарадзіліся 2 жніўня
- Нарадзіліся ў 1875 годзе
- Нарадзіліся ў Вільні
- Памерлі 26 сакавіка
- Памерлі ў 1947 годзе
- Узнагароджаныя крыжам афіцэрскім ордэна Адраджэньня Польшчы
- Польскія літаратаркі
- Беларускія літаратаркі
- Польскамоўныя пісьменьніцы
- Польскія журналісты
- Польскія пэдагогі
- Польскія рэдактары
- Беларускія публіцысты
- Краёўцы
- Польскія драматургі
- Беларускія драматургі