Ірэна Крывіцкая

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Ірэна Крывíцкая (часам Крывіцка, Кшывіцка; пры нараджэньні Гольдбэрг, па-польску: Irena Krzywicka; 28 траўня 1899, Енісейск, Расейская імпэрыя – 12 ліпеня 1994, Бюр-сюр-Івэт, Францыя) – польская пісьменьніца, фэміністка, прапагатарка сэксуальнай адукацыі, кантрацэпцыі і плянаваньня бацькоўства.

Ірэна Крывіцкая
Irena Krzywicka
Irena Krzywicka (cropped).jpg
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Irena Goldberg
Нарадзілася 28 траўня 1899
Енісейск, Расейская імпэрыя
Памерла 12 ліпеня 1994
Бюр-сюр-Івэт, Францыя
Пахаваная Варшава
Дзеці Andrzej Krzywicki[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці Пісьменьніца, фэміністка
Гады творчасьці 1930-1992
Мова Польская
Дэбют 1930
Значныя творы Pierwsza krew, 1930,Wyznania gorszycielki, 1992

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ірэна Крывіцкая нарадзілася ў сям'і польска-габрэйскай левай інтэлігенцыі. Ейныя бацькі былі сацыялістычнымі актывістамі, сасланымі ў Сыбір. Там нарадзілася Ірэна. Ейны бацька, Станіслаў Гольдбэрг, быў лекарам, маці - стаматалягіняй. Падчас ссылкі бацька Ірэны захварэў на сухоты і памёр праз тры гады пасьля вяртаньня ў Польшчу. Маці выхоўвала дачку ў духу талерантнасьці і рацыяналізму[1].

У 1922 годзе Крывіцкая скончыла Варшаўскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «польская мова». Яна не скончыла доктарскую дысэртацыю з-за канфлікту з сваім кіраўніком. Яшчэ падчас навучаньня ва ўнівэрсытэце, яна апублікавала сваё першае эсэ «Kiść bzu» (Гронка бэзу)[2].

У 1923 годзе Ірэна выйшла «па сяброўству» замуж за Ежы Крывіцкага, сына сацыёлага і абаронцы правоў жанчынаў Людвіка Крывіцкага. Каб пры неабходнасьці лёгка разьвесціся, яна прыняла лютэранскае хрышчэньне (хаця і была атэісткай)[3]. Разам з мужам яны вызначыліся з адкрытым характарам іх шлюбу. Неўзабаве пасьля вясельля Крывіцкая адправілася на Корсыку з сваім каханкам Вальтэрам Газэнклевэрам, вядомым нямецкім паэтам і драматургам. Яна паважала і цаніла мужа і імкнулася захаваць гэты шлюб, які, на ейную думку, быў пасьпяховым. Нарадзіла сыноў Пятра (1927–1943) і Анджэя (1937–2014). У 1928–1930 гадах яна пабудавала авангардны летнік у Падкове-Лясной недалёка ад Варшавы, г.зв. Шкляны дом, які таксама быў ейнай кватэрай падчас акупацыі. Крывіцкая заснавала ў адным з пакояў гэтага дома першую публічную бібліятэку ў Падкове-Лясной (сёньня калекцыі гэтай бібліятэкі знаходзяцца ў музэі ў Ставіска)[4].

Падчас Другой сусьветнай вайны І. Крывіцкая хавалася пад выдуманым імем Пятроўская з-за свайго жыдоўскага паходжаньня і таго, што яна была ў сьпісе людзей, прызначаных да забойства нацыстамі. Яна супрацоўнічала з Арміяй Краёвай, страціла сваякоў: мужа (верагодна, памёр у Катыні альбо, паводле іншых зьвестак, у Дэргачах пад Харкавам)[5], каханка (забітага ў Львове) і сына Пятра.

Па вайне працавала аташэ па культуры ў пасольстве Польшчы ў Парыжы (1945–1946). Пасьля вяртаньня ў Польшчу пісала тэатральныя агляды. Была чаліцай Саюзу пісьменнікаў Польшчы, пасля 1956 г. - чаліцай Галоўнай рады гэтай арганізацыі. У 1954 г. яна стала дарадніцай места Варшавы. У 1955–1962 гадах яна вяла вядомы літаратурны салён у Варшаве[6].

У 1962 г. дзякуючы кар'еры сына Анджэя, які атрымаў стыпэндыю Фонду Форда, яна пакінула разам зь ім краіну. Спачатку жыла ў Швайцарыі, а потым у Францыі, і ніколі не вярнулася ў Польшчу. Яна жыла ў Бур-сюр-Івэт, дзе памерла ў 1994 годзе.

Пахавана на эвангеліцка-аўгсбурскіх могілках у Варшаве.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1930 г. І. Крывіцкая апублікавала «Першую кроў», дэбютны раман пра маладосьць, сталеньне і ўступленьне ў дарослае жыцьцё. Ірэна Крывіцкая была аўтаркай некалькіх раманаў, яна пераклала, сярод іншага, працы Г. Уэлза, М. Фрыша і Ф. Дурэнамата, яна папулярызавала творы Марсэля Пруста ў Польшчы. Заснавала дадатак да Wiadomości Literackie пад назвай Życie Świadome, які прапагаваў сэксуальнае выхаваньне і ў якім пісалі такія пісьменьніцы, як Зоф'я Налкоўская, Марыя Паўлікоўская-Яснажэўская і Ванда Мельцэр[7]. У 1992 г. яна выдала сваю апошнюю і найбольш папулярную (5 перавыданьняў) аўтабіяграфічную кнігу «Прызнаньні спакусьніцы»[8].

Фэмінісцкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З студэнцкіх гадоў вызначалася як фэміністка. Прарывам для яе стала супрацоўніцтва з Тадэвушам Бой-Жаленьскім, у якога яна закахалася. Гэтыя гучныя пазашлюбныя адносіны, а таксама сумесная дзейнасьць з палюбоўнікам па папулярызацыі сэксуальнага выхаваньня і кантролю над нараджальнасьцю зрабілі Крывіцкую самай вядомай фэмінісцкай актывісткай даваеннага пэрыяду. Яна была скандалісткай, якая сьвядома ўздымала калючыя праблемы абортаў, жаночай сэксуальнасьці і гомасэксуальнасьці. Яна была супраць манагаміі і абвясьціла сэксуальную свабоду для жанчынаў, а таксама патрабавала паляпшэньня ўмоваў жыцьця зьняволеных, каб абмежаваць разьвіццё адхіленьняў. Яна прапаведавала памяркоўнасьць да гомасэксуальнасьці, якую яна ахарактарызавала як «пералом сэксуальнага інстынкту», што цалкам натуральна па сваёй сутнасьці. Яна запатрабавала легалізацыі спаронаў з мэтай ліквідацыі падпольных спаронаў, якія ўяўляюць пагрозу для жыцьця жанчынаў[9]. Разам з Т. Бой-Жаленьскім яна адкрыла клініку ў Варшаве, дзе была прадастаўленая бясплатная кансультацыя па плянаваньні мацярынства і бацькоўства наагул[10].

Яна была аб'ектам нападаў з боку правіцы, якая абвінавачвала яе ў «нанясеньні шкоды нацыі», а таксама падвяргалася нападам вядомых лібэральных пісьменьнікаў, такіх як Ян Лехань, Марыя Дамброўская і Яраслаў Івашкевіч, якія пратэставалі супраць панаваньня сэксуальных праблемаў у ейнай працы і творчасьці[11].

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

● Pierwsza krew nakładem Księgarni F. Hoesicka, Warszawa 1930 (ад 1948 пад новай назвай Gorzkie zakwitanie), wzn. Wydawnictwo Krytyki Politycznej, Warszawa 2008, ​ISBN 978-83-61006-30-5​.

● Sekret kobiety, Towarzystwo Wydawnicze „Rój”, Warszawa 1933

● Sąd idzie, reportaże sądowe, Towarzystwa Wydawniczego „Rój” 1935, wzn. „Czytelnik”, Warszawa 1998 ​ISBN 83-07-02657-1​.

● Zwycięska samotność. Kobieta szuka siebie, Towarzystwo Wydawnicze „Rój”, Warszawa 1935

● Co odpowiadać dorosłym na drażliwe pytania, eseje, Towarzystwo Wydawnicze „Rój”, 1936

● Ucieczka z ciemności, nowele, 1939

● Tajemna przemoc, Wydawnictwo Awir, Katowice 1947

● Rodzina Martenów, Czytelnik, Warszawa 1947

● Bunt Kamila Martena, Czytelnik, Warszawa 1948

● Siew przyszłości, Czytelnik, Warszawa 1953

● Dzieci wśród nocy, Czytelnik, Warszawa 1948

● Dr Anna Leśna, Czytelnik, Warszawa 1951

● Żywot uczonego. O Ludwiku Krzywickim, Państwowy Instytut Wydawniczy, Warszawa 1951

● Wichura i trzciny, Nasza Księgarnia, Warszawa 1959; Wydawnictwo Poznańskie, Poznań 1975

● Wielcy i niewielcy, wspomnienia, Czytelnik, Warszawa 1960

● Mieszane towarzystwo. Opowiadania dla dorosłych o zwierzętach, Czytelnik, Warszawa 1961, wzn. 1997, ​ISBN 83-07-02574-5​.

● Miłość... małżeństwo... dzieci..., przedruk esejów publ. w latach 1950–1962, Iskry, Warszawa 1962

● Wyznania gorszycielki, autobiografia, Czytelnik, Warszawa 1992, ​ISBN 83-07-02261-4​.

● Kontrola współczesności. Wybór międzywojennej publicystyki społecznej i literackiej z lat 1924 – 1939, red. Agata Zawiszewska, Wydawnictwo Feminoteki, Warszawa 2008, ​ISBN 978-83-924783-4-8​.

● „Jazgot niewieści” i „męskie kasztele”. Z dziejów sporu o literaturę kobiecą w Dwudziestoleciu międzywojennym, red. i oprac. Joanna Krajewska, Poznań 2010

● Szkoła moralności rozumowej. Wybór międzywojennej publicystyki społecznej i literackiej, oprac. i wstęp Agata Zawiszewska, Wydawnictwo Feminoteki, Warszawa 2013.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Sławomir Koper: Wpływowe kobiety Drugiej Rzeczypospolitej. Warszawa: Bellona, 2011, s. 157–158.
  2. ^ Emilia Padoł, Irena Krzywicka. Do ostatniego naboju, 17 marca 2021, https://kultura.onet.pl/wywiady-i-artykuly/irena-krzywicka-do-ostatniego-naboju/wq0t5wc
  3. ^ Irena Krzywicka: Wyznania gorszycielki. Warszawa: Czytelnik, 2002, s. 143.
  4. ^ Małgorzata Wittels, Szklany Dom, Z cyklu Album z Podkową, http://www.podkowianskimagazyn.pl/archiwum/szklany_dom.htm
  5. ^ Agata Tuszyńska, Długie życie gorszycielki. Losy i świat Ireny Krzywickiej, Warszawa: Iskry, 1999, s. 64.
  6. ^ Agata Tuszyńska, Pora bigosu, pora intymna, Gazeta Wyborcza, 6 maja 1999.
  7. ^ Agata Tuszyńska, Długie życie gorszycielki. Losy i świat Ireny Krzywickiej, Warszawa: Iskry, 1999.
  8. ^ Wyznania gorszycielki, autobiografia, Czytelnik, Warszawa 1992.
  9. ^ Славамір Копер, Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай, Мінск, Галіяфы, 2017, с. 159.
  10. ^ Emilia Padoł, Irena Krzywicka. Do ostatniego naboju, 17 marca 2021, https://kultura.onet.pl/wywiady-i-artykuly/irena-krzywicka-do-ostatniego-naboju/wq0t5wc
  11. ^ Славамір Копер, Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай, Мінск, Галіяфы, 2017, с. 176-177.