Інгвар Кампрад

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Інгвар Кампрад
швэдз. Ingvar Feodor Kamprad
Ingvar Kamprad Haparanda June 2010.jpg
Гапаранда(en) (Швэцыя), 2010 г.
Імя пры нараджэньні Інгвар Фэодар Кампрад
Род дзейнасьці прадпрымальніцтва
Дата нараджэньня 30 сакавіка 1926(1926-03-30)[1][2][3][4]
Месца нараджэньня вёска П’етэруд(sv), лэн Крунубэрг, ляндзкап Смолянд(en), Швэцыя
Дата сьмерці 27 студзеня 2018(2018-01-27)[5][6][7][8][9][2][3] (91 год)
Месца сьмерці Ліяторп, Эльмгульт, Крунубэрг, Швэцыя[10][11]
Прычына сьмерці parasitic pneumonia[d]
Грамадзянства Швэцыя
Занятак бізнэсмэн і прадпрымальнік
Бацька Фёдар Кампрад
Маці Бэрта Нільсан
Жонка Кэрстына Вадлінг (1950—1960), Маргарэта Стэнэрт (пам. 2011)
Дзеці Сыны: Пітэр, Ёнас і Матыяс (ад 2-й жонкі); прыёмная дачка Аніка
Узнагароды Ордэн Сяброўства
Сайт ikeafoundation.org
Дадаткова Заснавальнік мэблевага прадпрыемства «IKEA» (1943); уласнасьць — больш за $3,4 млрд (2015)

Фэ́адар І́нгвар Ка́мпрад (па-швэдзку: Feodor Ingvar Kamprad; 30 сакавіка 1926, в. П’етэруд, камуна Эльмгульт, лэн Крунубэрг, Швэцыя — 27 студзеня 2018, в. Ліяторп, камуна Эльмгульт[12]) — швэдзкі прадпрымальнік, заснавальнік мэблевага канцэрну IKEA.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў швэдзкай вёсцы П’етэруд (цяпер камуна Эльмгульт). Дзед па мячы быў родам зь Нямеччыны, адкуль перавёз сям’ю. Дзяцінства правёў на хутары Эльмтаруд (камуна Юнгбю, лэн Крунубэрг).

У дзіцячым узросьце пачаў гуртам закупаць запалкі ў сталіцы (Стакгольм) і прыбыткова збываць іх у раздроб з ровара суседзям (парафія Агунаруд(en)). Пасьля ў продаж пайшлі рыба, калядныя ўпрыгожаньні, насеньне, шарыкавыя асадкі і алоўкі. У падлеткавым узросьце (16—18 гадоў), у 1942—1945 гг., пад уплывам бацькі і бабулі з Судэтаў зьбіраў грошы для карпаратысцкага(en) грамадзкага аб’яднаньня «Новашвэдзкі рух»(en), і прыцягваў у яго новых удзельнікаў. Адначасна быў чальцом партыі «Швэдзкі сацыялістычны сход»(en), якая адмовілася прызнаць ажыцьцяўленьне Халакосту ў Нямеччыне.

За посьпехі ў навучаньні, 17-гадовым юнаком атрымаў ад бацькі ў падарунак грошы. На атрыманую ўзнагароду ў 1943 годзе заснаваў у вёсцы Агунаруд, дзе жыў яго дзядзька Эрнст, прадпрыемства «IKEA» (акронім ад Інгвар Кампрад, Эльмтаруд, Агунаруд) для рассылкі замоўленых тавараў поштай. У 1953 годзе пашырыў дзейнасьць прадпрыемства на вытворчасьць і збыт унівэрсальна-зборнай мэблі. У 1961 годзе перавёў вытворчасьць мэблі ў Польскую Народную Рэспубліку для скарачэньня выдаткаў на заробкі супрацоўнікаў. У 1976 годзе выдаў кнігу «Запавет гандляра мэбляй» (швэдз. En möbelhandlares testamente). Тады ж пераехаў у Швайцарыю (Эпаленж(en), Лязанская акруга, кантон Во), дзе на 2009 год быў найбагацейшым жыхаром краіны.

У 1982 годзе заснаваў у Нідэрляндах (Лейдэн, правінцыя Паўднёвая Галяндыя) фонд «ІнгКа»(en) (нід. IngKa; ад Інгвар Кампрад) для кіраваньня праз аднайменны холдынг (Лейдэн) крамамі «ІКЕА». 29 сакавіка 1989 г. заснаваў у Ліхтэнштайне (Вадуц) сямейны фонд «Інтэрого»(en) (ням. Interogo) для кіраваньня «Інтэр ІКЕА» (нід. Inter IKEA; Дэльфт, прав. Паўднёвая Галяндыя), што валодае таварным знакам «ІКЕА». У чэрвені 2013 г. сышоў з кіраўніцтва «ІКЕА», старшынём якога стаў яго малодшы сын Матыяс. Вярнуўся на радзіму ў сакавіку 2014 году. Памёр 27 студзеня 2018 году.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Інгвар Кампрадсховішча мультымэдыйных матэрыялаў