Перайсьці да зьместу

Эмоцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Эмоцыі»)

Эмо́цыя (ад лац. emoveo — «здрыгваю», «хвалюю») — эмацыянальны працэс сярэдняй працягласьці, які адлюстроўвае суб’ектыўнае ацэначнае меркаваньне да існых або магчымых сытуацыях. Эмоцыі адрозьніваюць ад афэктаў, пачуцьцяў і настрояў[1]. Пад эмоцыямі разумеюць працяглыя ў часе працэсы ўнутранай рэгуляцыі дзейнасьці чалавека альбо жывёлы, якія адлюстроўваюць сэнс (значэньне для працэсу ягонай жыцьцядзейнасьці), які маюць існуючыя ці магчымыя ў ягоным жыцьці сытуацыі. У чалавека эмоцыі спараджаюць перажываньні задавальненьня, незадавальненьня, страху, нясьмеласьці й гэтак далей, якія граюць ролю арыентыра суб’ектыўных сыгналаў. Спосабу ацаніць наяўнасьць суб’ектыўных перажываньняў (у выглядзе таго, што яны суб’ектыўныя) у жывёлаў навуковымі мэтадамі пакуль ня знойдзена. У гэтым кантэксьце важна разумець, што сама па сабе эмоцыя можа, але не абавязаная такое перажываньне спараджаць, і зводзіцца менавіта да працэсу ўнутранай рэгуляцыі дзейнасьці.

Эмоцыі эвалюцыйна разьвіліся з самых простых прыроджаных эмацыйных працэсаў, якія зводзяцца да арганічных, рухальных і сакраторных зьменаў, да значна больш складаных, якія страцілі інстынктыўную аснову працэсаў, якія маюць выразную прывязку да сытуацыі ў цэлым, то ёсьць выказваюць асабістае ацэначнае стаўленьне да наяўных альбо магчымым сытуацыях, да свайго ўдзелу ў іх. Адлюстраваньне эмоцыяў мае рысы сацыяльна фармаванай і зьменлівай зь цягам гісторыі мовы, што можна пабачыць з розных этнаграфічных апісаньняў. На карысьць гэтага погляду кажа таксама, напрыклад, своеасаблівая беднасьць мімікі ў сьляпых ад нараджэньня людзей[1].

Эмоцыі ўключаюць розныя кампанэнты, як то суб’ектыўны досьвед, пазнавальныя працэсы, экспрэсіўныя паводзіны, псыхафізыялягічныя зьмены і інструмэнтальныя паводзіны. У свой час навукоўцы спрабавалі вызначыць эмоцыі з адным з кампанентаў, як то Ўільям Джэймз з суб’ектыўным досьведам, бігэвіярысты зь інструмэнтальнымі паводзінамі, псыхафізыёлягі зь фізыялягічнымі зьменамі, і гэтак далей. Зусім нядаўна, навукоўцы прыйшлі да меркаваньня, што эмоцыі складаюцца з усіх гэтых кампанэнтаў. Розныя кампанэнты эмоцыяў клясыфікуюцца некалькі інакш, у залежнасьці ад акадэмічнай дысцыпліны. У псыхалёгіі і філязофіі, эмоцыя, як правіла, уключае ў сябе суб’ектыўны і сьвядомы досьвед, які характарызуецца перш за ўсё псыхафізыялягічным выяўленьнямі, біялягічнымі рэакцыямі і псыхічнымі станамі. Аналягічнае апісаньне эмоцыяў можна знайсьці ў сацыялёгіі.

У апошнія два дзесяцігодзьдзі значна ўзрасла колькасьць дасьледаваньняў эмоцыяў у тым ліку ў сфэры псыхалёгіі, нэўралёгіі, эндакрыналёгіі, мэдыцыне, гісторыі, сацыялёгіі і інфарматыкі. Шматлікія тэорыі, якія спрабуюць растлумачыць паходжаньне, нэўрабіялёгію, досьлед і функцыі эмоцыяў толькі спрыялі большай інтэнсіўнасьці дасьледаваньняў па гэтай тэме. Сучасныя напрамкі дасьледаваньняў у канцэпцыі эмоцыяў уключаюць распрацоўку матэрыялаў, якія стымулююць і выклікаюць эмоцыю. Акрамя таго ПЭТ-сканаваньне і сканаваньне МРТ дапамагаюць вывучыць афэктыўныя працэсы ў галаўным мозгу[2].

Эмоцыі вырабляюць розныя фізыялягічныя, паводніцкія і кагнітыўныя зьмены. Паводле меркаваньняў роля эмоцыяў складалася з матываваньня адаптыўных мадэляў паводзінаў, якія ў мінулым спрыялі выжываньню людзей. Эмоцыі зьяўляюцца адказамі на значныя ўнутраныя і зьнешнія падзеі[3].

  1. ^ а б Леонтьев Алексей Николаевич Потребности, мотивы и эмоции. — Москва: 1971. (рас.)
  2. ^ Cacioppo, J.T & Gardner, W.L (1999). «Emotion». Annual Review of Psychology. — С. 191.
  3. ^ Schacter, D. L., Gilbert, D. T., Wegner, D. M., & Hood, B. M. (2011). «Psychology» (European ed.). Basingstoke: Palgrave Macmillan.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]