Перайсьці да зьместу

Шатляндцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Шатляндцы
Агульная колькасьць ~ 6—8 млн. чал.,
28—40 млн. чал. (дыяспара шатляндзкага паходжаньня)
Рэгіёны пражываньня Вялікабрытанія Вялікабрытанія 6 001 620 чал.,
ЗША ЗША 6 006 955 (шатляндцы), 5 393 554 (ольстэрскія шатляндцы),
Канада Канада 4 719 850,
Аўстралія Аўстралія 1 792 600,
Аргентына Аргентына 100 000,
Чылі Чылі 80 000,
Францыя Францыя 65 000,
Польшча Польшча 15 000,
Новая Зэляндыя Новая Зэляндыя 12 792
Мовы ангельская (галоўным чынам шатляндзкі варыянт ангельскае мовы),
шатляндзкая германская, шатляндзкая кельцкая мовы
Рэлігія хрысьціянства (прэсьбітэрыянства, шатляндзкая эпіскапальная царква і г.д.), агнастыцызм, атэізм
Блізкія этнасы іншыя кельцкія народы (у прыватнасьці, ірляндцы й мэнцы),
некаторыя германскія народы
Выкананьне народнае музыкі на дудзе ў нацыянальных строях.

Шатля́ндцы (анг. Scottish people, Scots, анг.-шат. Scots fowk, Scots, гэльск. Albannaich) — этнічная група, якая пражывае на поўначы Вялікабрытаніі ў Шатляндыі, аўтахтонная этнічная група й асноўнае насельніцтва Шатляндыі. У гістарычным дачыненьні мае складанае паходжаньне, паходзячы ў выніку даўняга ўзаемадзеяньня такіх этнічных і пляменных групаў як пікты, гэлы, брыты, пасьля чаго значны гістарычны ўнёсак аказалі германскія народы — англасаксы, старажытныя скандынавы й нарманы.

Сучаснае найменьне ў беларускай мове паходзіць ад тэрміну лацінскага паходжаньня Scotti, якое тычыла плямёнаў гэлаў, што ў V ст. н.э. засялілі захад Шатляндыі з тэрыторыі паўночнай Ірляндыі[1].

З гістарычных прычынаў шатляндцы або насельніцтва шатляндзкага паходжаньня шырока прадстаўленае дыяспарай краінаў, якія ў мінулым знаходзіліся пад культурным уплывам Вялікабрытаніі, эміграцыі спрыялі таксама прамысловы спад і рэзкія зьмены ў сельскай гаспадарцы, якія адбываліся ў пэрыяд XVIIIХІХ стст. На цяперашні час найбольшая колькасьць шатляндцаў за выняткам Шатляндыі пражывае ў ЗША й Канадзе[2].

Сучасныя беларускія тэрміны шатляндцы й Шатляндыя зьвязваюцца з запазычваньнем лацінскага Scotia, якое ўпершыню было ўжыта рымлянамі ў І ст. н.э. у якасьці экзаэтноніму аднаго з тагачасных плямёнаў Шатляндыі. Пазьней гэты ж тэрмін выкарыстоўваўся ў лацінскіх дакумэнтах для абазначэньня гэльскіх пасяленцаў у Шатляндыі[3]. Нартумбрыйскі манах Бэда Вялебны ва ўласных лацінскамоўных трактатах VII ст. апісваў Scottorum nationem in Pictorum parte recipit (бел. скоты, якія пасяліліся на зямлі піктаў), дзе Scottorum выкарыстоўвалася ў значэньні перасяленцаў з Ірляндыі. У Х ст. у Англа-Саксонскай Хроніцы слова Scot выкарыстоўваецца ў значэньні «зямля гэлаў». Эдгар І, які кіраваў Шатляндыяй у ХІ ст., меў тытул Цара скотаў, які працягваў выкарыстоўвацца да Якуба ІІ (сярэдзіна XV ст.)[4].

Этнапляменныя групы Брытанскіх астравоў у І тыс. н.э.

     гэлы

     пікты

     брыты

У раньнім Сярэднявеччы на тэрыторыі сучаснае Шатляндыі пражывала некалькі адрозных этнічных групаў, якія ў сьведчаньнях тагачасных аўтараў пазначаліся розным чынам. З V ст. н.э. заходняе ўзьбярэжжа сучаснае Шатляндыі з тэрыторыі паўночнай Ірляндыі засяляюць кельцкія плямёны гэлаў, якія паступова пачалі працэс адцясьненьня й асыміляцыі ранейшага насельніцтва рэгіёну — іншага кельцкага племені, брытаў, якія засялялі поўдзень, і піктаў — этнічнае групы дыскусійнага паходжаньня, якая шэрагам гісторыкаў лічыцца рэшткамі даіндаэўрапейскага насельніцтва Вялікабрытаніі і засяляла цэнтар і поўнач Шатляндыі ад ракі Форт.

У сваю чаргу, тэрыторыі між рэкамі Форт на поўначы і Тўід на поўдні паступова засялілі плямёны англаў, якія пранікалі ў Шатляндыі з боку Нартумбрыі. Стараангельскія гаворкі англаўскага насельніцтва паўднёва-ўсходняй Шатляндыі цягам часу пачалі закладацца ў аснову адной з нацыянальных моваў шатляндцаў, шатляндзкай германскай.

З боку гэлаў працягваліся працэсы асыміляцыі піктаў і брытаў, у выніку чаго ўжо ў сярэдзіне ІХ ст. скоты і пікты аб’ядноўваюцца ў адзінае Шатляндзкае Каралеўства, дзе асноўнай мовай становіцца шатляндзкая кельцкая, якая на пэўны час становіцца прэстыжнай мовай[5][6]. У выніку аб’яднаньня пікты й брыты канчаткова асымілююцца плямёнамі гэлаў, што заклала пачатак этнічнай аднастайнасьці ў Шатляндыі.

Поўнач Шатляндыі, а таксама астраўныя архіпэлягі на захад і поўнач ад Шатляндыі зьведваюць наплыў старажытнага скандынаўскага насельніцтва, у выніку чаго скандынаўскія этнічныя групы засяляюць Аркнэйскія й Шэтландзкія астравы, але зазнаюць асыміляцыю на заходніх архіпэлягах, у прыватнасьці, Гебрыдзкіх астравох. Скандынаўская эліта, якая ажыцьцявіла таксама заваёву Гебрыдзкіх астравоў, пераходзіць на шатляндзкую кельцкую мову[7].

Ужо ў ІХ ст. асноўнай мовай Шатляндыі становяцца позьнія формы старажытнаірляндзкае мовы, якая пазьней разьвілася ў асобную шатляндзкую мову і дасягнула піку свайго ўжываньня ў ХІХІІІ ва ўсёй Шатляндыі за выключэньнем паўднёвага ўсходу краіны. Напрыканцы Х ст. кароль Эдгар падзяляе Нартумбрыю між Шатляндыяй і тагачаснай Ангельшчынай, з прычыны чаго пад уладу Шатляндыі трапляе значная частка англаўскага насельніцтва, унёсак у эміграцыю якога ў Шатляндыю, верагодна, магла зрабіць нарманская заваёва Ангельшчыны гэтага ж пэрыяду. На паўднёвы ўсход ад ракі Форт, у прыватнасьці, у гістарычным рэгіёне Лотыен, у гэтыя часы канчаткова зацьвярджаюцца паўночныя гаворкі страангельскае мовы, вядомыя таксама як раньнешатляндзкая мова (якую, у сваю чаргу, ня варта блытаць з раньнімі формамі шатляндзкае кельцкае мовы).

У ХІІ ст. Шатляндыя прымае хвалю перасяленцаў з краінаў Заходняй Эўропы, асабліва Францыі й Нідэрляндаў, праз што ўзьнікла прыкметная колькасьць нацыянальных шатляндзкіх прозьвішчаў (Брус, Баліёль, Мюрэй, Ст’юарт і да т.п.).

Аркнэйскія, Шэтландзкія астравы, а таксама поўнач сучаснага графства Кэйтнэс (крайні поўнач Шатляндыі) становяцца заселенымі групамі скандынаўскага паходжаньня, дзе разьвіваецца мова норн. У пэрыяд між ХІІІ і XVI стст. раньнешатляндзкая мова пашыраецца ў нізіннай частцы Шатляндыі (поўдзень краіны), у выніку чаго шатляндцы гэтага рэгіёну пераходзяць з шатляндзкае кельцкае мовы на шатляндзкую германскую.

З пачатку XVI ст. афармляецца падзел шатляндцаў на дзьве этнаграфічныя групы паводле моўнага крытэру: на шатляндцаў-гайлэндэраў, якія пражывалі на паўночным і заходнім высакагор’і й захоўвалі ў выкарыстаньні шатляндзкую кельцкую мову (таксама вядомая як гэльская), і шатляндцаў-лаўлэндэраў, якія праз урбанізацыю раўніннай паўднёвай Шатляндыі пераходзяць на шатляндзкую германскую мову (скотс). Кіроўчая эліта й мескае насельніцтва Шатляндыі пераходзіць на скотс, у гэтую ж эпоху стараангельская назва Scottis зьведвае сэмантычны зрух і пачынае ўжывацца ў значэньні германскамоўных шатляндцаў, тады як у значэньні ранейшага гэльскамоўнага насельніцтва пашыраецца тэрмін Erse у літаральным значэньні блізкароднаснай ірляндзкае мовы[8].

У XVIІ ст. шатляндцы разам з ангельцамі засяляюць ірляндзкі гістарычны рэгіён Ольстэр, дзе складаецца асобная этнаграфічная група шатляндцаў — ольстэрскія шатляндцы[9]. Пачынаючы прыкладна з гэтага пэрыяду прадстаўнікі шатляндзкага этнасу пачынаюць эміграваць у краіны кантынэнтальнай Эўропы, дзе яны складалі часткі мясцовага мескага насельніцтва. З XIV ст. шатляндцы вядомыя ў Масковіі, у 1576 годзе кароль Стэфан Баторы вылучае ў Кракаве асобныя землі для перасяленьня шатляндцаў, у наступным стагодзьдзі паводле ацэнак шатляндцы ў Рэчы Паспалітай складалі ад 30 тыс. да 40 тыс. чалавек[10]. У ВКЛ шатляндцы былі вядомыя пад тэрмінам шкоты, дзе яны займаліся пераважна вайсковай або гандлёвай дзейнасьцю і карысталіся прыхільнасьцю ў пратэстанцкай часткі магнатаў.

У сучаснай Шатляндыі пражывае амаль 4,5 млн. чал., якія вызначаюць сваю нацыянальную прыналежнасьць да шатляндцаў, што складае 88,09% ад насельніцтва гэтага рэгіёну[11]. Па-за межамі цяперашняе Вялікабрытаніі пражывае насельніцтва, якое таксама адносіць сябе да шатляндцаў або вызначае сваё шатляндзкае паходжаньне, якое пры гэтым агулам пераўзыходзіць насельніцтва Шатляндыі.

За выключэньнем Шатляндыі першай краінай паводле колькасьці шатляндзкага насельніцтва зьяўляецца ЗША, дзе згодна зь перапісам насельніцтва 2000 году блізу 4,8 млн. чалавек паведамілі пра шатляндзкае паходжаньне, што агулам складае 1,7% ад насельніцтва краіны. Міграцыя шатляндцаў у ЗША мае даўні гістарычны характар і праводзілася ў асноўным у пэрыяд шырокіх культурных і палітычных сувязяў Вялікабрытаніі з сучаснымі англамоўнымі краінамі: так, у пэрыяд пачатку—сярэдзіны XVIII ст. у ЗША эмігравала каля 250 тыс. шатляндцаў Ольстэру.

Іншай краінай са значнай шатляндзкай дыяспарай зьяўляецца Канада, дзе колькасьць шатляндцаў зьяўляецца трэцяй у сьвеце, а насельніцтва, якое сьцьвярджае пра шатляндзкае паходжаньне, складае трэцюю велічынёю этнічную групу краіны, налічваючы 4 719 850 чалавек паводле зьвестак перапісу насельніцтва 2001 году. Асаблівы росквіт шатляндзкае культуры адзначыўся ў правінцыі Новая Шатляндыя, якая атрымала назву ў гонар краіны; у склад правінцыі ўваходзіць востраў Кэйп-Брэтан, дзе захоўваюцца носьбіты шатляндзкае кельцкае мовы і дзейнічае Гэльскі каледж кельцкіх мастацтваў і ўменьняў. Акругу Глэнгары, якая месьціцца ў правінцыі Антарыё, актыўна засялялі шатляндцы, якія былі змушаныя перасяліцца ў выніку г.зв. гайлэндзкіх чыстак; у гэтай мясцовасьці таксама ў пэўнай ступені захоўваецца шатляндзкая кельцкая мова.

Апрача Шатляндыі этнічныя шатляндцы маюць дыяспары ў іншых частках Вялікабрытаніі. З пачатку XVII ст. у Паўночнай Ірляндыі склалася асобная этнаграфічная група шатляндзкіх каляністаў. З прычыны асаблівасьцяў перапісной палітыкі Вялікабрытаніі вызначэньне колькасьці этнічных шатляндцаў у Ангельшчыне й ва Ўэйлзе зазнае цяжкасьці, аднак вядома пра пражываньне ў гэтых рэгіёнах, а таксама ў Паўночнай Ірляндыі каля 800 тыс. нараджэнцаў Шатляндыі[12]. Іншыя прыкметныя грамады шатляндцаў пражываюць у краінах Лацінскай Амэрыкі, а таксама ў Аўстраліі й Новай Зэляндыі.

Этнічныя й пляменныя групы, што гістарычна палеглі ў аснову шатляндзкага этнасу, размаўлялі на розных мовах — пікцкай, старажытнаірляндзкай, стараангельскай, мове норн, а таксама на гаворках брыцкага паходжаньня. Тым ня менш, ніводная з гэтых моваў не захавалася, пры гэтым толькі старажытнаірляндзкая й стараангельская мовы захаваліся ў дастатковай ступені, у выніку чаго на іх грунце разьвіліся дзьве гістарычныя нацыянальныя мовы шатляндцаў — шатляндзкая кельцкая (гэльская) і шатляндзкая германская (скотс). Сярод сучасных шатляндцаў асноўнай мовай камунікацыі зьяўляецца ангельская мова, таксама распаўсюджаныя асноўныя мовы краінаў, дзе месьцяцца шатляндзкія дыяспары.

Шатляндзкая кельцкая мова ўяўляе сабою кельцкую мову гайдэльскае падгрупы, зьяўляецца роднаснай ірляндзкай, паходзячы разам зь ёй са старажытнаірляндзкае мовы. Па засяленьні гэламі захаду Шатляндыі гаворкі старажытнаірляндзкае мовы сталі асноўнай мовай каралеўства Дал Рыяда, пазьней гэтыя ж гаворкі сталі пашырацца сярод пікцкага насельніцтва цэнтральнай і ўсходняй Шатляндыі. Ужо з пачатку другога тысячагодзьдзя шатляндзкая кельцкая мова канчаткова вылучаецца ў якасьці асобнае мовы й распаўсюджваецца па ўсёй Шатляндыі, працэс чаго скончыўся ў ХІІІ ст., калі шатляндзкая кельцкая мова была выцесьненая гаворкамі стараангельскае мовы на гарыстую поўнач і паўднёвы захад краіны (Галоўэй). У XVIII ст. гэльская мова была выцесьненая з Галоўэю, у ХІХ ст. адбылося звужэньне карыстаньня мовай у высакагорным Гайлэндзе, чаму спрыяла адмоўная палітыка Вялікабрытаніі ў дачыненьні да гэтае мовы[13]. На цяперашні час адносна трывалыя пазыцыі гэльская мова захоўвае толькі на астраўных архіпэлягах на паўночным захадзе Шатляндыі, на мове можа размаўляць 92 400 чалавек або 1,9% ад насельніцтва Шатляндыі[14]. У сучаснай Шатляндыі прадпрымаюцца захады па захаваньні й пашырэньні выкарыстаньня мовы, мова прызнаная рэгіянальнай мовай урадам Вялікабрытаніі, урадам Шатляндыі ён нададзеныя некаторыя афіцыйныя функцыі, указальнікі ў гэльскамоўных рэгіёнах Шатляндыі, як правіла, прадубляваныя на гэльскай мове. Гэльскае паходжаньне маюць беларускія тэрміны, якія апісваюць некаторыя тыповыя шатляндзкія культурныя рэаліі (віскі, клан і да т.п.).

Шатляндзкая германская мова зьяўляецца адной з германскіх моваў і разьвілася ў выніку асобнай эвалюцыі паўночных гаворак стараангельскае мовы, на якой размаўлялі германскія перасяленцы на паўднёвым усходзе Шатляндыі (гл. вышэй). Зь сярэдзіны XVI ст. на шатляндзкую германскую мову перамяшчаецца назва Scottis, ужываная да гэтага адносна гэльскай, прыходзячы на замену тэрміну Inglis. З XVIII ст. пад уплывам юрыдычнай і адукацыйнай сыстэмаў на замену мове прыходзіць ангельская мова. На цяперашні час у той ці іншай ступені носьбітамі шатляндзкай германскай мовы зьяўляюцца каля 1,5 млн. шатляндцаў у Шатляндыі і прыкладна 30 тыс. шатляндцаў Ольстэру. Мова прызнаная ў якасьці рэгіянальнай у Шатляндыі й Паўночнай Ірляндыі, аднак і ў цяперашнія часы мова часта традыцыйна разглядаецца ў сыстэме дыялекталёгіі ангельскае мовы.

Пасьля дынастычнай уніі між Шатляндыяй і Ангельшчынай у 1603 годзе ангельская мова стала паступова набываць статус мовы шатляндзкай арыстакратыі[15]. Утвараецца шатляндзкі варыянт ангельскае мовы, які з XVIII ст. выцясьняе шатляндзкую германскую мову з кнігадруку, з ХІХХХ ст. пачынаецца распаўсюджаньне шатляндзкага варыянту ангельскае мовы як асноўнае мовы большасьці насельніцтва Шатляндыі, пры гэтым у размоўнай практыцы шатляндзкі варыянт ангельскае мовы ў рознай ступені можа камбінавацца з шатляндзкай германскай мовай або мець адстратны ўплыў з боку гэльскае мовы (у Гайлэндзе).

Згодна зь перапісам насельніцтва Вялікабрытаніі ў 2011 годзе 53,8% насельніцтва Шатляндыі аднесла сябе да хрысьціянаў; 32,4% аднесла сябе прэсьбітэрыянаў, 15,9% — да каталікоў[16].

Як лічыцца, хрысьціянства ў Шатляндыі пашырылася ў V ст. дзякуючы дзейнасьці ірляндзкіх місіянэраў[17]. З пачатку другога тысячагодзьдзя шатляндзкая царква атрымлівае самастойнасьць, а ў XVI ст. падтрымлівае Рэфармацыю, якая не закранула толькі часткі Гайлэнду й заходнія архіпэлягі. З 1688 году ў краіне канчаткова зацьвярджаецца прэсьбітэрыянская плыня пратэстантызму. У ХІХ ст. пашыраюцца правы каталікоў, якія прыцясьняліся ў Вялікабрытаніі, ствараецца англіканскае аддзяленьне ў Шатляндыі — Эпіскапальная Царква[18].

Імёны й прозьвішчы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большасьць сучасных імёнаў шатляндцаў мае хрысьціянскае паходжаньне, будучы запазычанымі з лаціны, грэцкай мовы або іўрыту. Большая частка прозьвішчаў, нягледзячы на раньняе перайманьне шатляндзкае германскае мовы і, пазьней, ангельскай, захоўваюць гэльскую этымалёгію, але маюць ангельскае напісаньне.

Найбольш распаўсюджанымі шатляндзкімі прозьвішчамі зьяўляюцца Сьміт і Браўн. Адметнай рысай шатляндзкіх прозьвішчаў зьяўляецца частае выкарыстаньне прыставак Мак (Mac або, скарочана, таксама Mc) і O’, якія маюць значэньне адпаведна сына й унука; пасьля гэтых прыставак, як правіла, знаходзіцца мужчынскае імя. Падобная сыстэма складаньня шатляндзкіх прозьвішчаў збліжае іх з ірляндзкімі.

Іншымі адметна шатляндзкімі прозьвішчамі лічацца прозьвішчы Ўолэс і Мортан, якія сьведчаць пра засяленьне Шатляндыі этнічнымі групамі нягэльскага паходжаньня. У Гайлэндзе й заходніх архіпэлягах, дзе дагэтуль захоўваецца гэльская культура, распаўсюджанай зьявай зьяўляецца адзінае прозьвішча ў межах аднае вёскі або мясцовасьці, што сьведчыць пра кланавыя сувязі, якія забясьпечвалі атрыманьне аднаго прозьвішча.

Кланы й роды Шатляндыі.

Гістарычна для шатляндцаў, асабліва шатляндцаў Гайлэнду, было ўласьцівае аб’яднаньне ў радавыя тэрытарыяльныя групы, вядомыя пад тэрмінам гэльскага паходжаньня клан (ад гэльск. clann «нашчадзтва»). Кожны клан, як правіла, мае тэрыторыю, якая атаясамліваецца зь ягонымі чальцамі, а таксама ўласны малюнак тартану — рознакаляровае клятчастае тканіны, якая ўключалася ў традыцыйную вопратку. Звычайна чальцы клану зьяўляюцца сваякамі ягонага заснавальніка й носяць ягонае прозьвішча, але гэтае прозьвішча маглі прымаць таксама прыхадні, якія зьявіліся ў клане. Кожны клан меў легендарнага прабацьку, пры гэтым сама кланавая сыстэма ўзьнікла ў выніку прыняцьця аховы ад уварваньняў скандынаваў з боку мясцовых даводцаў, якія паступова ачольвалі мясцовыя групы ў абмен на гарантыі абароны[19]. Сыстэма кланаў звычайна добра кантралявалася ўрадам і не прыводзіла да расколу краіны ў выніку трайбалізму.

У 1745 годзе прынц Ўільям Аўгуст заклаў пачатак разбурэньню кланавае сыстэмы з прычыны падтрымкі кланамі Якабіцкага паўстаньня, якое пацярпела паразу[20]. Было забароненае выкарыстаньне традыцыйных шатляндзкіх сукенак і тартанаў, якія мелі функцыі своеасаблівае сымболікі кланаў[21]. Зь іншага боку, адмоўны ўплыў на кланавую сыстэму аказалі таксама вялікія міграцыі насельніцтва Гайлэнду, якія працягваліся і ў ХІХ ст.[20] У гэтым жа стагодзьдзі кланавая сыстэма была таксама фармальна ліквідаваная й у Лаўлэндзе.

  1. ^ Roger Collins, Judith McClure. The Ecclesiastical History of the English People: The Greater Chronicle. — Oxford University Press, 1999. — С. 386.
  2. ^ Landsman, Ned C. Nation and Province in the First British Empire: Scotland and the Americas. — Bucknell University Press, 2001.
  3. ^ Lehane, Brendan. The Quest of Three Abbots: the golden age of Celtic Christianity. — SteinerBooks, 2000. — С. 121.
  4. ^ Greenway, D. E. (EDT); E. B. (Edmund Boleslaw) Fryde. Handbook of British Chronology. — Cambridge University Press, 1996. — С. 55. — ISBN 9780521563505
  5. ^ Brown, Dauvit. Kenneth mac Alpin / M. Lynch. — The Oxford Companion to Scottish History. — Oxford: Oxford University Press, 2001. — С. 359. — ISBN 978-0-19-211696-3
  6. ^ Foster, Sally. Picts, Gaels and Scots (Historic Scotland). — London: Batsford, 1996. — ISBN 978-0-7134-7485-5
  7. ^ History of Gaelic. Gaelic Scotland: a brief history // Bòrd na Gàidhlig. — 2006.
  8. ^ A. J. Aitken. The Oxford Companion to the English Language. — Oxford University Press, 1992. — С. 894.
  9. ^ Montgomery, Michael and Robert Gregg. The Scots language in Ulster / Jones (ed.). — 1997. — С. 572.
  10. ^ Eric Richards. Britannia's children: emigration from England, Scotland, Wales and Ireland. — Continuum International Publishing Group, 2004. — С. 53. — ISBN 1-85285-441-3
  11. ^ Analysis of Ethnicity in the 2001 Census - Summary Report (анг.) Афіцыйны партал ураду Шатляндыі Праверана 19 ліпеня 2014 г.
  12. ^ Scotland. Overview // BBC News.
  13. ^ Pagoeta, Mikel Morris. Europe Phrasebook. — Lonely Planet, 2001. — С. 416. — ISBN 978-1741799736
  14. ^ Mixed report on Gaelic language // BBC News. — 2005.
  15. ^ Crystal, David. The Cambridge Encyclopedia of the English Language. — Cambridge University Press, 2003.
  16. ^ Вынікі перапісу (анг.) Афіцыйны партал ураду Шатляндыі Праверана 19 ліпеня 2014 г.
  17. ^ R. A. Fletcher. The Barbarian Conversion: from Paganism to Christianity. — Berkeley CA: University of California Press, 1999. — С. 79-80. — ISBN 0520218590
  18. ^ J. T. Koch. 1-5 // Celtic Culture: a Historical Encyclopedia. — London: 2006. — С. 416-417. — ISBN 1-85109-440-7
  19. ^ Squire, Romilly. Scottish Clan & Family Encyclopedia. — Glasgow: HarperCollins, 1994. — С. 13-14. — ISBN 0-00-470547-5
  20. ^ а б Squire, Romilly. Scottish Clan & Family Encyclopedia. — Glasgow: HarperCollins, 1994. — С. 20. — ISBN 0-00-470547-5
  21. ^ Squire, Romilly. Scottish Clan & Family Encyclopedia. — Glasgow: HarperCollins, 1994. — С. 36. — ISBN 0-00-470547-5
  • David Armitage. The Scottish Diaspora // Scotland: A History / Jenny Wormald (ed.). — Oxford: Oxford UP, 2005.
  • Ritchie, A. & Breeze, D.J. Invaders of Scotland. — HMSO, 1991.
  • Spence, Rhoda. The Scottish Companion: a Bedside Book of Delights. — Edinburgh: R. Paterson, 1955.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]