Перайсьці да зьместу

Цытрус

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Цытрус
Клясыфікацыя
ЦарстваРасьліны
АддзелПакрытанасенныя
КлясаДвухдольныя
АтрадСапіндакветныя
СямействаРутавыя
ПадсямействаПамяранцавыя
ТрыбаЦытрусавыя
РодЦытрус
Бінамінальная намэнклятура
Citrus
ITIS 28882 ·

Цы́трус (па-лацінску: Citrus) — род кветкавых расьлінаў сямейства рутавых. Расьліны гэтага роду шырока культывуюцца чалавекам і ёсьць важнымі культурамі дзеля атрыманьня пладоў, пераважна гэта апэльсіны, лімоны, грэйпфруты, памёлы і лаймы. Род паходзіць з Паўднёвай, Усходняй і Паўднёва-Ўсходняй Азіі, а таксама з Мэланэзіі ды Аўстраліі. Разнастайныя віды цытрусу адамашніваліся тубыльцамі ўзгаданных рэгіёнаў з старажытных часоў. Адтуль іхнае вырошчваньне пашырылася на Мікранэзію і Палінэзію каля 3000—1500 гадоў да н. э., а потым на Блізкі Ўсход і Міжземнамор’е прыкладна каля 1200 году да н. э. праз гандлёвыя шляхі. У наступным культура патрапіла ў Эўропу і Амэрыку[1][2][3][4]. Таксаномія і сыстэматыка роду ёсьць досыць складанымі, а дакладная колькасьць прыродных відаў ня маецца быць вызначаннай, паколькі многія зь вядомых відаў ёсьць гібрыдамі размножанымі дзякуючы апагаміі. Генэтычныя зьвесткі выяўляюць, што нават некаторыя дзікія віды, якія сапраўды размнажаюцца, маюць гібрыднае паходжаньне.

Гэтыя расьліны ўяўляюць сабой буйныя хмызьнякі або дрэвы невялікіх ці сярэдніх памераў, якія сягаюць на 5—15 мэтраў у вышыню, з калючымі парастакамі і вечназялёным лісьцем эліптычнае формы[5]. Кветкі ёсьць адзінкавымі або ўлучаныя ў дробныя суквецьці-шчыткі, кожная кветка мае дыямэтар 2—4 см, зь пяцьцю ці радзей чатырма белымі пялёсткамі і шматлікімі тычачкамі. Кветкі часта струменяць моцны духмяны водар праз наяўнасьць залозаў, якія выпрацоўваюць этарны алей[6].

Лустачкі розных пладоў цытрусаў.

Плод уяўляе сабой ягаду віду памяранец, які мае сфэрычную ці падоўжаную форму[7]. Даўжыня можа вагацца ад 4 да 30 см, а ў дыямэтры ён можа складаць 4—20 см. Плод пакрыты скураватай лупінай, якая называецца каляплоднікам. Самы вонкавы пласт каляплодніку называецца флявэда, асабліва, гэта датычыцца менавіта цытрусу, у народзе гэтае покрыва звычайна клічуць цэдрай. Сярэднім пластам каляплодніку ёсьць міжплоднік, які ў цытрусаў складаецца зь белага губчатага альбэда. Нутраны ж пласт, які мае ядомую частку, называецца нутраплоднікам. Прастора ўнутры кожнай долькі ўяўляе сабой запоўненыя сокам пухіркі, сукупнасьць якіх ёсьць цытрусавым мякішам. Менавіта гэтыя пухіркі поўняць плод і забясьпечаюць ягонае сілкаваньне ўсьцяж ягонага разьвіцьця[8][9]. Многія цытрусавыя гатункі былі выведзеныя чалавекам адмыслова без насеньня і зь лёгкім абдзіраньнем зь іх скуры[7].

Цытрус адметны сваім водарам, збольшага дзякуючы фляваноідам і ліманоідам, якія паводле сутнасьці ёсьць тэрпэнамі. Гэтыя кампанэнты зьмяшчаюцца ў лупіне. Таксама большасьць цытрусаў насычаны сокам, які зьмяшчае вялікую колькасьць цытрынавай кісьлі ды іншых арганічных кісьляў[10], што надае ім характэрны востры смак. Род мае камэрцыйнае значэньне, паколькі многія віды культывуюцца дзеля атрыманьня іхных пладоў, якія ядуць у сьвежым выглядзе, адціскаюць з мэтай атрыманьня соку або кансэрвуюць.

Плады цытрусу багатыя на вітамін С. Ягонае ўтрыманьне ў плодзе залежыць ад віду, гатунку і спосабу вырошчваньня[11]. Фляваноіды ўключаюць розныя фляваноны і флявоны[12].

Лімоны паходзяць з Азіі, але на сёньня культывуюцца ва ўсім сьвеце.

Цытрусавыя дрэвы вельмі лёгка гібрыдызуюцца, як то ў залежнасьці ад крыніцы пылка расьліны, выгадаваныя з насеньня пэрсыдзкага лайму расьліны могуць даваць плады, падобныя на грэйпфрут. Такім чынам, усе сэлекцыянэры цытрусаў шырока выкарыстоўваюць прышчэпліваньне пажаданых урадлівых гатункаў да гатункаў, якія маюць пэўную ўстойлівасьць да хваробаў і зімнасьці.

Колер плоду адрозны ад зялёнага зьяўляецца ў цытрусаў толькі ў клімаце з прахалоднай зімой. У трапічных рэгіёнах, дзе зусім няма зімы, цытрусавыя плады застаюцца зялёнымі да высьпяваньня, не мяняючы свой колер[13]. Гэтак, пэрсыдзкі лайм, у прыватнасьці, ёсьць надзвычай адчувальным да прахалодных умоваў, таму звычайна вырошчаецца ў тых рэгіёнах, дзе ня маецца вялікай прахалоды ў любую паравіну году, каб захаваць колер сьпеласьці.

Лаймы на палічцы прадуктовай крамы.

Цытрусы ёсьць неклімактэрычнымі пладамі, то бок іхнае дыханьне павольна зьмяншаецца па пасьпяваньні, а вылучэньне этылену адбываецца паступова[14]. Цытрусавая расьліна не праходзяць працэс высьпяваньня ў тым сэнсе, што яна становіцца поўнасьцю сьпелай. Наадварот, нярэдка сустракаецца такая зьява, што на адной галінцы вісяць плады ў рознай ступені высьпеласьці і кветкі. У адрозьненьне ад некаторых іншых пладоў, як то грушаў, якіх зьбіраюць на дрэве вырослымі, а потым яны высьпяваюць ужо асобна, цытрусы праходзяць стадыю высьпяваньня толькі на расьліне. То бок, адзінае, што можа зрабіцца з плодам цытрусу, калі яго выдаліць з расьліны, гэта празь некаторы час у рэшце рэшт ён пачне гніць. Пры зборы апэльсінаў колер нельга выкарыстоўваць у якасьці паказчыка сьпеласьці, бо часам лупіна афарбоўваецца ў аранжавы колер задоўга да таго, як апэльсіны ёсьць гатовымі да ўжываньня. Пакаштаваць іх ёсьць адзіным спосабам даведацца пра сьпеласьць плоду.

Лісьце цытрусавага дрэва.

Цытрусавыя расьліны, як правіла, не марозаўстойлівыя. Напрыклад мандарын ёсьць самым марозаўстойлівым з распаўсюджаных відаў цытрусаў і вытрымлівае кароткія пэрыяды холаду ажна да -10 °C, але дзеля ягонага пасьпяховага вырошчваньня тэмпэратура не павінна апускаецца ніжэй за -2 °C. Танжэрыны, тангоры і юзу можна вырошчваць на адкрытым паветры нават у рэгіёнах з адмоўнымі тэмпэратурамі ўзімку, але гэта можа паўплываць на якасьць пладоў. Некалькі марозаўстойлівых гібрыдаў вытрымліваюць тэмпэратуру значна ніжэйшую за нуль, але яны не даюць якасных пладоў. Лімоны можна культываваць і ў прыбярэжнай Паўднёвай Каліфорніі з прахалодным летам і ўмеранай зімой, бо ад іх і не чакаюць салодкасьці. Апэльсінавы гатунак панцырус можа выжыць і даць ураджай пры тэмпэратурах нават ніжэй за -20 °C, аднак, смак ягоных пладоў у гэтым выпадку ёсьць даўкім пакуль іх не прыгатуеш.

Цытрынавыя расьліны квітнеюць пры сталым сонечным надвор’і і вільготным асяродку з урадлівай глебай і дастатковай колькасьцю ападкаў або арашэньнем. Негадаваныя расьліны ў далінах могуць пацярпець, але выжыць, засушлівым летам на горных сьцягах Каліфорніі. Цытрусавыя расьліны досыць добра растуць пры рэдкім паліваньні ў паўценю ў любым узросьце, але ўрод пладоў пры гэтым мяншае. Паходзячы з трапічнага і субтрапічнага рэгіёнаў, апэльсіны, як і ўсе цытрусы, ёсьць шырокаліставымі і вечназялёнымі. Яны не скідаюць лісьце, за выключэньнем зусім экстрэмальных выпадкаў. Сьцёблы многіх гатункаў маюць буйныя вострыя калючкі. Дрэвы квітнеюць вясной, і неўзабаве пасьля гэтага завязваюцца плады, якія пачынаюць высьпяваць восеньню ці ў пачатку зімы, у залежнасьці ад гатунку, і пасьля гэтага плады назапашваюць салодкасьць. Некаторыя гатункі мандарынаў сьпеюць да зімы. Грэйпфруты, пры гэтым, могуць высьпяваць ажно 18 месяцаў.

Аранжавым колерам вызначаны асноўныя рэгіёны вырошчваньня цытрусаў.

Паводле зьвестак Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН сусьветная вытворчасьць усіх цытрусаў у 2016 годзе складала 124 млн тон, прычым каля паловы ад усёй вытворчасьці складалі апэльсіны[15]. У 2020 годзе гандаль цытрусаў дасягаў 16,3 млрд даляраў ЗША ў эквіваленце[16], што складае палову сусьветнага гандлю садавінай, які складаў 32,1 млрд даляраў ЗША на 2018 год[17]. Грунтуючыся на зьвесткі Канфэрэнцыі ААН па гандлі і разьвіцьці вытворчасьць цытрусаў пашыралася ў пачатку XXI стагодзьдзя ў асноўным за кошт павелічэньня плошчаў вырошчваньня, паляпшэньняў у транспартаваньні і пакаваньні, росту прыбыткаў і перавагі спажыўцоў здаровай ежы[15]. У 2019—2020 гадах сусьветная вытворчасьць апэльсінаў ацэньвалася ў 47,5 млн тон. Найбуйнейшымі вытворцамі цытрусаў ёсьць Бразылія, Мэксыка, Эўрапейскі Зьвяз і Кітай[18]. Да эканамічна значных відаў і гібрыдаў роду далучаюць лімон, лайм, апэльсін, кінота, мандарын, грэйпфрут, цытрон і памяло[19].

Як дэкаратыўныя расьліны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аранжарэя батанічнага саду ў бэльгійскім Лёвэне.

Цытрусавыя дрэвы, якія вырошчваліся ў кадушках і зімавалі пад аховай, былі асаблівасьцю садоў эпохі Адраджэньня, калі тэхналёгіі вытворчасьці шкла дазвалялі вырабляць дастатковую колькасьць празрыстага шкла. Аранжарэі часта будаваліся ля каралеўскіх і шляхецкіх рэзыдэнцыяў на працягу XVII—XVIII стагодзьдзяў. Першай з такіх, якая натхніла іншых на перайманьне, сталася каралеўская аранжарэя ля Люўрскага палацу 1617 году, у той час як прынцыпы сучаснага ладу аранжарэяў склаліся ў 1840-х гадах.

Некаторыя сучасныя аматары ўсё яшчэ вырошчваюць карлікавыя цытрусавыя дрэвы ў кадушках і цяпліцах у рэгіёнах, дзе надвор’е занадта халоднае, каб вырошчваць іх на дварэ. Стабільны клімат, дастатковая колькасьць сонечнага сьвятла і належнае паліваньне маюць вырашальнае значэньне ў справе гадаваньня цытрусавых дрэваў і іхнага ўроду. У параўнаньні з многімі іншымі расьлінамі, цытрусавыя дрэвы лепш пераносяць дрэннае гадаваньне. У больш прахалодных зімовых рэгіёнах ня варта вырошчваць лаймы і лімоны, бо яны ёсьць больш адчувальнымі да зімовых халадоў, чым іншыя цытрусавыя дрэвы. Гібрыды з кумкватам валодаюць добрай устойлівасьцю да зімнасьці. Цытрусавае дрэва ў кадушках, магчыма, прыйдзецца перасаджваць кожныя пяць гадоў або каля таго, бо ягоныя карані могуць утвараць тоўсты каранёвы суплёт на дне кадушцы[20].

  1. ^ Wu GA, Terol J, Ibanez V, López-García A, Pérez-Román E, Borredá C, Domingo C, Tadeo FR, Carbonell-Caballero J, Alonso R, Curk F, Du D, Ollitrault P, Roose ML, Dopazo J, Gmitter FG, Rokhsar DS, Talon M (February 2018). «Genomics of the origin and evolution of Citrus». Nature. 554 (7692): С. 311—316. doi:10.1038/nature25447. PMID 29414943.
  2. ^ Fuller, Dorian Q.; Castillo, Cristina; Kingwell-Banham, Eleanor; Qin, Ling; Weisskopf, Alison (2017). «Charred pomelo peel, historical linguistics and other tree crops: approaches to framing the historical context of early Citrus cultivation in East, South and Southeast Asia». In Zech-Matterne, Véronique; Fiorentino, Girolamo (eds.). AGRUMED: Archaeology and history of citrus fruit in the Mediterranean. Publications du Centre Jean Bérard. — С. 29–48. doi:10.4000/books.pcjb.2107. ISBN 9782918887775.
  3. ^ Zech-Matterne, Véronique; Fiorentino, Girolamo; Coubray, Sylvie; Luro, François (2017). «Introduction». In Zech-Matterne, Véronique; Fiorentino, Girolamo (eds.). AGRUMED: Archaeology and history of citrus fruit in the Mediterranean: Acclimatization, diversification, uses. Publications du Centre Jean Bérard. — ISBN 9782918887775.
  4. ^ Langgut, Dafna (June 2017). «The Citrus Route Revealed: From Southeast Asia into the Mediterranean». HortScience. 52 (6): С. 814—822. doi:10.21273/HORTSCI11023-16.
  5. ^ Del Hotal, Tom. «Citrus Pruning». California Rare Fruit Growers.
  6. ^ Miguel, M.G.; Dandlen, S.; Figueiredo, A.C.; Barroso, J.G.; Pedro, L.G.; Duarte, A.; Faísca, J. (2008). «Essential oils of flowers of Citrus sinensis and Citrus clementina cultivated in Algarve, Portugal». Acta Horticulturae. 773 (773): С. 89—94. doi:10.17660/ActaHortic.2008.773.12.
  7. ^ а б Janick, Jules (2005). «Citrus». Purdue University Tropical Horticulture Lecture 32.
  8. ^ «Citrus fruit diagram». UCLA Life Sciences.
  9. ^ «Lith». The Free Dictionary.
  10. ^ Duarte, A.; Caixeirinho, D.; Miguel, M.; Sustelo, V.; Nunes, C.; Fernandes, M.; Marreiros, A. (2012). «Organic Acids Concentration in Citrus Juice from Conventional versus Organic Farming». Acta Horticulturae. 933 (933): С. 601—606. doi:10.17660/ActaHortic.2012.933.78.
  11. ^ Duarte, A; Caixeirinho, D; Miguel, G; Nunes, C; Mendes, M; Marreiros, A (2010). «Vitamin C Content of Citrus from Conventional versus Organic Farming Systems». Acta Horticulturae. 868 (868): С. 389—394. doi:10.17660/ActaHortic.2010.868.52.
  12. ^ «Flavonoid Composition of Fruit Tissues of Citrus Species». Japan Society for Bioscience, Biotechnology, and Agrochemistry.
  13. ^ Shailes, Sarah (4 December 2014). «Why is my orange green?». Plant Scientist.
  14. ^ Pinchas Spiegel-Roy; Eliezer E. Goldschmidt (1996). «Biology of citrus»(недаступная спасылка). Cambridge University Press. — С. 101. — ISBN 978-0-521-33321-4.
  15. ^ а б «Citrus fruit, fresh and processed: Statistical Bulletin». UN Food and Agriculture Organization.
  16. ^ «Citrus». The Observer of Economic Complexity.
  17. ^ «Fruit». The Observer of Economic Complexity.
  18. ^ «Citrus: World Markets and Trade». US Department of Agriculture.
  19. ^ «Citrus». Encyclopædia Britannica.
  20. ^ Lance., Walheim (1996). «Citrus: complete guide to selecting & growing more than 100 varieties for California, Arizona, Texas, the Gulf Coast and Florida». Tucson, Arizona: Ironwood Press. — ISBN 978-0-9628236-4-0.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]