Кансэрвацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Кансэрвацыя — сукупнасьць пастаянных, сыстэматычных працаў па захаваньні і ўтрыманьні ў належным фізычным стане прадметаў, помніка (асабліва арганічнага паходжаньня). З дапамогаю кансэрвацыйных сродкаў робіцца спроба перапыніць фізычныя і хімічныя зьмяненьні ў структуры і форме аб’екту на пэўны час.

Пад кансэрвацыяй разумеюць комплекс мераў, якія не ўваходзяць у звычайную рамонтную практыку. Неабходнасьць у кансэрвацыі ўзьнікае, калі помнік па нейкіх прычынах апынаецца ў нездавальняючым стане. Аб’ектамі кансэрвацыі часта зьяўляюцца помнікі са складанай будаўнічай гісторыяй. У дадзеным выпадку істотнай задачай робіцца ацаніць каштоўнасьць розных напластаваньняў і адкрыць адпаведна найкаштоўнейшы зь іх. Кансэрвацыя часта ўтрымлівае ў сабе элемэнты рэстаўрацыі, бо павінны ўзнаўляцца старыя канструкцыі. Кансэрвацыя мусіць прадугледжваць магчымасьць далейшага раскрыцьця помніку, выяўленьня каштоўных у мастацкім пляне рысаў.

Непасрэднымі ўмовамі кансэрвацыі мусяць быць:

  • правядзеньне навуковых дасьледаваньняў пад кіраўніцтвам спэцыяліста.
  • захаваньне пашкоджаных элемэнтаў помніку (у адрозьненьне ад рамонту).
  • помнік мусіць захаваць сваю аўтэнтычнасьць або сапраўднасьць: сапраўднасьць праекту, сапраўднасьць матэрыялу, сапраўднасьць майстра выкананьня і сапраўднасьць навакольнай абстаноўкі.

Увядзеньне новых канструкцыяў не павінна зьмяняць воблік будынку, калі гэтыя канструкцыя ня носяць часовы характар. Старыя ўнікальныя канструкцыі мусяць захоўвацца.

Асаблівым відам кансэрвацыі ёсьць кансэрвацыя руінаў або рэшткаў даўно разбураных збудаваньняў, якія ў сучаснасьці ўспрымаюцца самі па сабе як помнік. Нядаўна разбраныя пабудовы, якія яшчэ не ўвайшлі ў сьвядомасьць у якасьці руінаў і адпаведна ня маюць такой каштоўнасьці, як руіны ўспрымацца ня могуць.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Мартыненко И. О соблюдении международно-правовых требований. У: Каштоўнасьці мінуўшчыны — 5: Рэстаўрацыя і выкарыстанне помнікаў гісторыі і культуры: Матэрыялы канферэнцыі. Мінск, 17 красавіка 2001 г. Мн., 2001. ISBN 985-6305-24-1