Перайсьці да зьместу

Царква Сьвятой Тройцы (Вільня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Царква Сьвятой Тройцы
Царква Сьвятой Тройцы па маскоўскай перабудове
Царква Сьвятой Тройцы па маскоўскай перабудове
Краіна Летува
Места Вільня
Каардынаты 54°40′31″ пн. ш. 25°17′18″ у. д. / 54.67528° пн. ш. 25.28833° у. д. / 54.67528; 25.28833Каардынаты: 54°40′31″ пн. ш. 25°17′18″ у. д. / 54.67528° пн. ш. 25.28833° у. д. / 54.67528; 25.28833
Царква Сьвятой Тройцы на мапе Летувы
Царква Сьвятой Тройцы
Царква Сьвятой Тройцы
Царква Сьвятой Тройцы

Царква Сьвятой Тройцы — помнік гісторыі і архітэктуры XVI—XIX стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на Вастрабрамскай вуліцы[a]. Дзее. Твор гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага і барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку маскоўскай перабудовы. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.

Траецкая царква — адна з найстарэйшых у Вільні, заснаваная на месцы казьні віленскіх мучанікаў. Архітэктурная дамінанта комплексу Траецкага базылянскага манастыра.

Маці Божая Віленская

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першую драўляную Траецкую царкву ў Вільні збудавалі ў 1347 годзе ў дуброве, на месцы казьні Віленскіх мучанікаў сьвятых Антона, Яна і Яўстаха. У 1514—1516 гадох з фундацыі Канстантына Астроскага збудавалі мураваную царкву абарончага тыпу. У канцы XVI або пачатку XVII стагодзьдзя ўнутраныя сьцены царквы атынкавалі і аздобілі фрэскамі.

Па складаньні Берасьцейскай уніі царква разам з манастыром адразу прынялі яе. У 1622—1624 гадох да бакавых фасадаў царквы прыбудавалі дзьве капліцы і рызьніцу. Направа ад уваходу разьмясьцілася капліца, збудаваная на сродкі Януша Скуміна Тышкевіча і асьвячоная пад тытулам Покрыва Багародзіцы. Налева ад уваходу — капліца Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа, неўзабаве прыстасаваная пад царкву жаночага базылянскага манастыра[1].

У 1706 і 1748 гадох царква атрымала моцныя пашкоджаньні ад пажараў. Неўзабаве яе аднавілі ў барокавым стылі: на месцы заходняй сьцяны зрабілі прыбудову, якая надала інтэр’еру базылікальную падоўжанасьць. У адноўленай царкве, апроч галоўнага алтара, уладкавалі шэсьць новых — Сьвятога Крыжа, Сьвятога Васіля Вялікага, Божай Маці, Сьвятога Язафата (Кунцэвіча), Сьвятога Мікалая і Сьвятога Анупрэя. Перад галоўным алтаром паставілі здымны іканастас.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзеяць як уніяцкая.

Па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі царкву ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Адначасна з канчатковай ліквідацыяй манастыра ў 1869 годзе, мастацкае аблічча царквы зьнявечылі маскоўскай перабудовай паводле праекту расейскага архітэктара Мікалая Чагіна. У 1878 годзе на кутнімі кампартамэнтамі заходняй часткі царквы надбудавалі дзьве невялікія вежы. У канцы XIX — пачатку XX ст. да ўсходняга фасаду капліцы Покрыва Багародзіцы прыбудавалі царква Сьвятога Яна Багаслова.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе абразы, якія захоўваліся ў манастырскай царкве, вывезьлі ў Расею.

У 1940 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву.

У 1991 годзе ўлады Летувы перадалі царкву Ўкраінскай грэцка-каталіцкай царкве.

Эпітафія Апанаса Брагі, 1874 г.
Эпітафія сёстраў Яленскіх

Помнік гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага і барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку маскоўскай перабудовы.

Гэта прастакутная ў пляне 3-нэфавая пабудова пад 2-схільным дахам, якая заканчваецца трыма паўцыркулярнымі апсыдамі. Ад пачатку мела блізкі да квадрата плян, купал і фартыфікацыйныя элемэнты[2] (схаваныя пад тынкоўкай масіўныя сьцены гатычнага мура захавалі сьляды контрфорсаў). У выніку рэканструкцыя 1761 году пад кіраўніцтвам Яна Глаўбіца на кутох заходняга і ўсходняга фасадаў збудавалі чатыры вежы (захаваліся дзьве пры ўсходнім фасадзе). 2-ярусныя вежы з валютамі і ляпнінай у пляне маюць форму авалу, кожны ярус аздабляецца чатырма парамі пілястраў. Вежы завяршаюцца купаламі-банямі ў выглядзе званоў з глухімі імітацыямі паддашкавых акенцаў. Да паўночнага і паўднёвага фасадаў далучаюцца капліцы.

У выніку маскоўскай перабудовы 1869 году надбудавалі невялікія вежы над галоўным заходнім фасадам і паставілі новы ўсходні франтон кілепадобнай формы, а таксама зрабілі драўляны купал з размаляванымі вокнамі (разабраны ў сярэдзіне XX ст.).

Унутраная прастора перакрываецца крыжовымі скляпеньнямі. Масіўныя 8-гранныя пілёны завяршаюцца стукавымі капітэлямі. Пад тынкам на сьценах захаваліся сьляды фрэсак. Інтэр’ер аздабляюць клясыцыстычны алтар і арган. На пілёнах, якія падтрымлівалі купал, разьмяшчаліся выявы сьвятых. Драўляны іканастас быў простым, пафарбаваныьм алейнай фарбай і месцамі аздоблены пазалотай. Абраз Збаўцы ў царскай браме зьмяшчаўся ў масіўнай срэбранай шаце. У інтэре’ры захоўваліся абразы, напісаныя Янам Хруцкім, які быў сынам уніяцкага сьвятара, а таксама абразы Сьвятога Анупрэя, сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ды іншыя, выкананыя Францішкам Смуглевічам.

У паўднёвай сьцяне на вышыні прыкладна аднаго мэтра ад падлогі месьціцца надмагільная мэталёвая рэльефная пліта (памерам 1,55 на 2,25 мэтра) канца XVI стагодзьдзя. Пліта складаецца зь дзьвюх частак: у левай частцы знаходзіцца гербавы картуш, вакол якога — ляўровы вянок, лісьце аканта і галоўкі анёлаў, направа — апраўленае арнамэнтам надмагільле з кірылічнай эпітафіяй віленскага бурмістра Апанаса Брагі і яго сына Антона:

«

Түт лежит раб Божии Ѡѳана
сеі Ѳедорович Брага, бүрми
стр места Виленского. А пре
стависѩ в лето ѡт вопло
щеніѩ Сп(а)са нашего ҂а҃ф҃оs (1576)
мѣсеца ѡктебра к҃s҃ (26) днѩ.
А жил на свете лѣт н҃з҃ (57). Түт
же лежит і сын его Анто
ніи. Ѡн же престависѧ
в лето ҂а҃ф҃п҃ (1580), м(еся)ца ѡк
тебра г (3) днѧ

»

Мастацкім асаблівасьцям гэтага надмагільля прысьвяціла свае працы летувіская дасьледніца Марыя Матушакайце[3].

У процілеглай паўночнай сьцяне месьціцца пліта з эпітафіяй сёстрам Яленскім, якія памерлі ў 1757 і 1758 гадох.

Налева ад галоўнага ўваходу пры заходнім фасадзе, у нішы — выява сьвятых віленскіх мучанікаў Антонія, Яна і Яўстаха. Пад гэтай нішай зьмяшчаецца мэталёвая мэмарыяльная табліца. Побач з уваходам у царкву ёсьць мэмарыяльная шыльда ў памяць Сьвятога Язафата (Кунцэвіча).

У капліцы направа ад уваходу ў багатым мармуровым саркафагу спачыў яе фундатар Ян Скумін Тышкевіч з сваёй жонкай Барбарай, народжанай Нарушэвіч, пра што сьведчыць надпіс на пліце ў сьцяне.

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Афіцыйны адрас — Aušros Vartų g. 7b
  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 436.
  2. ^ Габрусь Т. Саборы помняць усё. — Менск, 2007. С. 53.
  3. ^ Лісейчыкаў Д. Надмагільныя камяні з «рускімі» надпісамі XVI—XVII стст. каля вёскі Малькавічы // Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт.; вып. 13 / рэд.: Ю. Бохан [і інш.] — Менск, 2015. С. 107—108.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]