Перайсьці да зьместу

Трыдэнцкі сабор

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Трыдэнцкі сабор». Карціна ў замку Буанкансільё (Трэнта)

Трыдэ́нцкі сабо́р — XIX Сусьветны сабор, які адкрыўся 13 сьнежня 1545 року ў Трэнце (па-лацінску: Tridentum) зь ініцыятывы Папы Паўла III, галоўным чынам ў адказ на Рэфармацыю, і закрыўся там жа 4 сьнежня 1563, у пантыфікат Піюса IV. Быў адным з найважнейшых сабораў у гісторыі Каталіцкага Касьцёлу, бо зьбіраўся для таго, каб даць адказ рэфармацыйнаму руху. Лічыцца пачаткам Контрарэфармацыі.

Пяты Лятэранскі сабор (1512—1517) пачаў рэформу царквы, але ў тэалёгіі не было разьвязана шмат спрэчных пытаньняў. Больш як 20-гадовае зацягваньне іх вырашэньня таксама было зьвязанае з палітычнаю сытуацыяй часу Рэфармацыі. Павал III вырашаў склікаць сабор у Трэнце 1 лістапада 1542, аднак з-за вайны супраць Францыі яго перанесьлі сьпярша на сакавік 1545 і ўрэшце здолелі адчыніць толькі ў сьнежні. Трыдэнцкі сабор быў адным з найзначнейшых сабораў у гісторыі Царквы, паколькі асноўнаю ягонаю мэтаю была рэакцыя на Рэфармацыю.

Паскуале Каці. «Трыдэнцкі сабор» (1588)

На саборы, апрача іншага, адбылося пацьверджаньне Нікейскага сымбалю веры, лацінскага перакладу Бібліі («Вульгаты»), прыняцьце другакананічных кніг у Біблію і Трыдэнцкага катэхізісу.

Сабор канчаткова ўсталяваў канон Сьвятога Пісаньня і вызнаў, што ўсе кнігі напісаныя пад натхненьнем Сьвятога Духа і ня могуць быць зьмененыя ці тлумачаныя так, як камусьці схочацца. Першародны грэх усеагульны, аднак змываецца хростам. Прынята, што чалавек бяз ласкі не ўратуецца. Кадыфікаваная форма служэньня літургіі лацінскага ўзору — так званая «Трыдэнцкая меса». Усяго было прынята 16 дагматычных пастановаў, якія складаюць большую частку каталіцкай дактрыны.

Колькасьць Айцоў сабора (біскупаў і прэлатаў з правам голасу), якія ўдзельнічалі ў яго працы, вагалася: на першай сэсіі прысутнічалі 34, а на дваццаць пятай і апошняй — 215. Ім дапамагалі тэолягі-кансультанты, сярод якіх былі знакамітыя дамініканцы Катарына і Сота, езуіты Лайнес і Сальмерон. Запрошаныя пратэстанцкія багасловы адмовіліся ўзяць удзел у дэбатах.

Срэбны мэдаль (каля 1580), выбіты дзеля асуджэньня сабору. Пры пераварочваньні манэты дагары нагамі з выявы Папы атрымлваўся шут. Надпіс па-лацінску: «Мудрацы часам ідыёты».
Разгледжаная канцэпцыя Сэсія Дата Канонаў Пастановаў
Сьвятое Пісаньне 4 8 красавіка 1546 няма 1
Першародны грэх 5 7 чэрвеня 1546 5 4
Боская ласка 6 13 студзеня 1547 33 16
Сакраманты 7 3 сакавіка 1547 13 1
Хрышчэньне 7 3 сакавіка 1547 14 няма
Канфірмацыя 7 3 сакавіка 1547 3 няма
Эўхарыстыя 13 11 кастрычніка 1551 11 8
Споведзь 14 15 лістапада 1551 15 15
Сабораваньне 14 4 лістапада 1551 4 3
Эўхарыстыя 21 16 чэрвеня 1562 4 3
тое ж 22 9 верасьня 1562 9 4
Манаскія ордэны 23 15 ліпеня 1563 8 3
Шлюб 24 11 лістапада 1563 12 1
Чысьцец 25 4 сьнежня 1563 няма 1
Культ сьвятых, абразы 25 4 сьнежня 1563 няма 3
Індульгенцыі 25 4 сьнежня 1563 няма 1

Пастановы сабора былі пацьверджаныя 26 студзеня 1564 року ў буле «Benedictus Deus».

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]