Перайсьці да зьместу

Слонімская сынагога

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай і абарончай архітэктуры
Слонімская сынагога
Слонімская сынагога
Слонімская сынагога
Краіна Беларусь
Места Слонім
Каардынаты 53°5′36.57″ пн. ш. 25°19′3.33″ у. д. / 53.0934917° пн. ш. 25.3175917° у. д. / 53.0934917; 25.3175917Каардынаты: 53°5′36.57″ пн. ш. 25°19′3.33″ у. д. / 53.0934917° пн. ш. 25.3175917° у. д. / 53.0934917; 25.3175917
Канфэсія юдаізм
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d]
Дата заснаваньня 1642
Статус Ахоўная зона
Стан занядбаная
Слонімская сынагога на мапе Беларусі
Слонімская сынагога
Слонімская сынагога
Слонімская сынагога
Слонімская сынагога на Вікісховішчы

Сло́німская сынаго́га — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Слоніме. Знаходзіцца ў цэнтры места, на гістарычным Школьным Двары[a]. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікую сынагогу ў Слоніме збудавалі ў 1642 року ў гістарычным цэнтры места ў сыстэме ягоных абарончых збудаваньняў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1881 року сынагога моцна пацярпела ад вялікага пажару. Адразу па пажары на ахвяраваньні прыхаджанаў дзейнасьць сынагогі была ўзноўленая, хоць мясцовыя ўлады не давалі на гэта дазволу[1].

Па Другой сусьветнай вайне бальшавікі прыстасавалі будынак пад склады.

У 2001 року сынагогу вярнулі Юдэйскаму рэлігійнаму аб’яднаньню ў Беларусі. Знаходзіцца на рэстаўрацыі, якая практычна спынілася.

Магутны будынак, абнесены пэрымэтрам шэрагам нізкіх пазьнейшых пабудоваў, выступае галоўным аб’ектам старадаўняга пляцу, да якога зьбягаліся вуліцы. Манумэнтальная роўніца галоўнага фасаду з буйнамаштабнай плястыкай арыентуецца на гістарычны Школьны Двор, заходні фасад — на Школьную вуліцу. З вузкага праезду ад гістарычнага Рынку барокавы франтон будынку ўспрымаецца ў моцным ракурсе. Радавая гістарычная навакольная забудова арганічна спалучаецца з сынагогай.

Малюнак В. Слюнчанкі, 1975 р.

Помнік архітэктуры барока. Гэта квадратны ў пляне цагляны будынак пад высокім двухсхільным дахам, з цэнтрычнай дзевяціпольнай плянавальнай схемай, характэрнай дла сынагогаў XVII—XVIII стагодзьдзяў: канструкцыя перакрыцьця вырашаная дзевяцьцю скляпеністымі пралётамі. Цэнтрычнасьць збудаваньня падкрэсьліваюць і двух’ярусныя фасады. Мэты бясьпекі абумовілі абарончы характар архітэктуры збудаваньня: тоўстыя муры, адсутнасьць архітэктурнага дэкору і раскраповак, высока ўзьнятыя аркавыя ваконныя праёмы. Асабліва манумэнтальны ніжні ярус з шэрагам нізкіх лучковых вокнаў-байніц і таўшчынёй сьценаў 1,7 м. Плястычны акцэнт у прыёмах барока створаны на галоўным усходнім фасадзе будынку — высокі фігурны шчыт на філёнгавым парапэце. Шчыт раскрапаваны здвоенымі пілястрамі, нішамі ў тонка прафіляваным абрамленьні. У цэнтры разьмешчана круглае вакно-разэтка.

Своеасаблівасьць разьвязку інтэр’еру сынагогі абумовіў характар культавага рытуалу. У цэнтры шырокай залі ўсталяваная біма. Навісь над бімай, паднятая на чатырох магутных слупах і аркадзе, мае выгляд паруснага скляпеньня зь ліхтаром. Купал бімы дэкаруецца стукавым паліхромным арнамэнтам з лісьця аканту і пальмэтаў(ru). Біма кампазыцыйна аб’ядноўвае прастору інтэр’еру і адначасна зьяўляецца цэнтральнай апорай крыжовых скляпеньняў, якія перакрываюць малітоўную залю вышынёй 11,8 м. Пяты скляпеньняў абапіраюцца на пілястры, філёнгі якіх расьпісаныя фрэскамі першай паловы XIX ст. з рамантычнымі пэйзажамі з руінамі, вазонамі з кветкамі. Традыцыйная перагародка паміж мужчынскай і жаночай паловамі сынагогі замененая мэталёвай галерэяй на чатырох тонкіх калёнах у заходняй частцы храма.

Арыгінальнасьць і своеасаблівасьць насычаных дэкаратыўна-арнамэнтальных матываў інтэр’еру сынагогі зьвязаныя з культавай сымболікай: матывы з жывёльнага і расьліннага сьвету, культавыя атрыбуты (карона, скрыжалі). У дэкаратыўным разьвязку інтэр’еру выкарыстоўваецца тэхніка грызайлю. Кампазыцыйна-дэкаратыўным цэнтрам усходняй сьцяны зьяўляецца арон-кадэш(ru) («сьвяты каўчэг» — ніша для захоўваньня скрутку Торы). Над ім разьмяшчаецца накладны фігурны картуш — ляпная кампазыцыя ў выглядзе дзьвюх скрыжаляў, якія падтрымліваюцца з абодвух бакоў ільвамі і ўвянчаныя каронай. Усе элемэнты дэкаратыўнай ляпніны пакрытыя пазалотай і паліхромнай афарбоўкай. З бакоў алтарнага картушу — насьценныя фрэскі з карынцкімі калёнамі і антаблемэнтам, на якім разьмяшчаюцца выявы львоў, ваз, букетаў, драпіровак. Паміж ілюзорнымі калёнамі — фрэскавыя выявы абрадавых (трубныя рогі, валторна, «арфа Давіда») і сьвецкіх (гітара, віялянчэль, клярнэт ды іншае) музычных інструмэнтаў, драпіровак, букетаў кветак. Вось алтарнай сьцяны завяршаецца ляпным балдахінам у выглядзе кароны з зоркай і спушчанымі драпіроўкамі.

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Савецкая, 1
  1. ^ Слонімскія падмуркі: гісторыка-краязнаўчыя і літаратуразнаўчыя артыкулы / Сяргей Чыгрын. — Менск: Кнігазбор, 2012.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Менск: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1986. — 371 с.: іл.
  • Караткевіч В., Кулагін А. Помнікі Слоніма. — Менск: Навука і тэхніка, 1983.
  • Слонімскія падмуркі: гісторыка-краязнаўчыя і літаратуразнаўчыя артыкулы / Сяргей Чыгрын. — Менск: Кнігазбор, 2012. — 296 с ISBN 978-985-7007-87-5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  413Г000502