Саюз беларускіх пісьменьнікаў
Саюз беларускіх пісьменьнікаў | |
Абрэвіятура | СБП |
---|---|
Дата ўтварэньня | 8 чэрвеня 1934 (90 гадоў таму) |
Тып | творчае |
Юрыдычны статус | грамадзкае аб’яднаньне |
Мэта | Абарона правоў і зацікаўленасьцяў пісьменьнікаў |
Штаб-кватэра | Санаторый-прафілякторый «Іслач», катэдж №3 |
Месцазнаходжаньне | в. Ракаў, Валожынскі раён, Менская вобласьць |
Каардынаты | 53°57′58.30″ пн. ш. 27°03′36.03″ з. д. / 53.9661944° пн. ш. 27.0600083° з. д. |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Сяброўства | 400 (2014) |
Афіцыйныя мовы | беларуская |
Старшыня | Барыс Пятровіч |
Кіроўны орган | Рада |
Зьвязаныя кампаніі | Часопіс «Дзеяслоў», газэта «Літаратурная Беларусь» |
Сайт | lit-bel.org |
Колішняя назва | Саюз пісьменьнікаў Беларусі (да 1994 г.) |
Саю́з белару́скіх пісьме́ньнікаў — грамадзкае аб’яднаньне прафэсійных пісьменьнікаў Беларусі, створанае ў чэрвені 1934 году.
Спрыяе моладзі ў напісаньні мастацкіх твораў, разьвіцьцю жанраў, стыляў і формаў літаратуры праз мацаваньне сувязяў з замежжам, распаўсюду беларускай літаратуры і беларускай мовы. Творчая праца вядзецца праз сэкцыі: паэзія, проза, крытыка і літаратуразнаўства, дзіцячая і юнацкая літаратура, мастацкага перакладу, літаратурныя ўзаемасувязі, нарыс і публіцыстыка.
Кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Зьезд. Склікаецца аднойчы на 5 год. Правамоцны пры ўдзеле больш як паловы чальцоў саюзу. Ухваляе пастановы простай большасьцю галасоў прысутных. Абірае старшыню, Раду і Рэвізійную камісію.
- Рада. Зьбіраецца штоквартал. Кіруе маёмасьцю, зацьвярджае расклад працы і памеры акладаў супрацоўнікаў. Вызначае супрацу зь іншымі ўстановамі, прысуджае літаратурныя ўзнагароды. Ухваляе заснаваньне падпарадкаваных юрыдычных асобаў, зацьвярджае іх статуты і кіраўнікоў. Зацьвяржае кіраўнікоў абласных суполак.
- Рэвізійная камісія. Засядае двойчы на год. Правярае грашовую справаздачнасьць саюза, яго суполак і падпарадкаваных ўстановаў.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1945 г. налічвалася 45 сябраў, на травень 2001 г. — 505[1]. 19 сябрам СП было прысвоена званьне Народных пісьменнікаў і паэтаў; 3-ом — Народных артыстаў; 41-му — заслужаных дзеячоў культуры Беларусі. Ляўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Беларусі сталі 101 сябра арганізацыі. Ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры стала сябра саюзу беларускіх пісьменьнікаў Сьвятлана Алексіевіч.
1 кастрычніка 2021 году Вярхоўны суд Беларусі задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі Беларусі пра закрыцьцё Саюзу беларускіх пісьменьнікаў за непадачу запатрабаваных дакумэнтаў пра дзейнасьць зь 2018 году. Пры гэтым, ліст з патрабаваньнем прыйшоў у СБП 13 ліпеня, а 14 ліпеня Сьледчы камітэт Беларусі апячаў сядзібу, што зрабіла немагчымым выемку адтуль дакумэнтаў для перадачы[2].
Старшыні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1934—1937 — Міхась Клімковіч
- 1938—1948 — Міхась Лынькоў
- 1948—1967 — Пятрусь Броўка
- 1967—1990 — Максім Танк
- 1990—1998 — Васіль Зуёнак
- 1998—2001 — Уладзімер Някляеў (фактычна — да выезду зь Беларусі ў 1999 годзе)
- 2001—2002 — Вольга Іпатава (фактычна — з моманту выезду зь Беларусі Ўладзімера Някляева ў 1999 годзе)
- 2002—2011 — Алесь Пашкевіч
- з 2011 — Барыс Пятровіч
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Янка Саламевіч. Беларускі саюз пісьменнікаў // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 222-224. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
- ^ Вярхоўны суд ліквідаваў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, які дзейнічае з 1934 году // Беларуская служба Радыё «Свабода», 1 кастрычніка 2021 г. Праверана 14 лістапада 2021 г.