Раймунд Зямацкі
Раймунд Зямацкі лац. Rajmund Ziamacki | |
Адукацыя | |
---|---|
Нарадзіўся | 19 верасьня 1810 |
Памёр | 5 чэрвеня 1863 (52 гады) |
Раймунд Зямацкі (19 верасьня 1810, Дахны каля Крэва — 5 чэрвеня 1863, Вільня) — беларускі каталіцкі сьвятар, публічна пакараны сьмерцю ўладамі Расейскай імпэрыі 5 чэрвеня 1863 году за «вуснае злачынства» — чытаньне ў касьцёле Маніфэсту нацыянальна-вызвольнага паўстаньня.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З шляхецкага роду Зямацкіх гербу «Равіч», сын Андрэя, ротмістра ашмянскага, і Кацярыны Камінскай. Сакрамэнт хросту прыняў у мястэчку Лоску (часам памылкова паказваецца як месца яго нараджэньня). Навучаўся ў айцоў трынітарыяў у Маладэчне, потым у Віленскім унівэрсытэце. Старэйшы брат Юзэф загінуў у час вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў. Малодшы брат Францішак — бацька будучага прафэсара Віленскага ўнівэрсытэту Юзэфа Казімера Зямацкага.
Па вызвольным паўстаньні, у час якога атрымаў цяжкія раненьні, паступіў у Віленскую сэмінарыю. У 1838 годзе атрымаў сьвятарскае пасьвячэньне. Да 1845 году служыў вікарыем у касьцёле Сьвятога Рафала ў Вільні, з 1849 году — пробашч у Ваверцы Лідзкага павету.
З пачаткам нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў ноч з 4 на 5 лютага 1863 году атрымаў копію Маніфэсту Літоўскага паўстанцкага ўраду з загадам зачытаць яго ў нядзелю перад парафіянамі. Аналягічныя загады атрымалі пробашчы суседніх парафіяў (многія зачыталі іх, аднак некаторыя паведамілі пра атрыманы загад расейскім уладам). Падтрымаў паўстаньне і зачытаў Маніфэст. Неўзабаве расейскія ўлады схапілі яго і зьмясьцілі ў віленскую турму. Сьмяротны вырак атрымаў ад расейскага суду разам з двума іншымі каталіцкімі сьвятарамі Станіславам Ішорам і Адамам Фалькоўскім, віна якіх таксама складалася толькі ў чытаньні Маніфэсту паўстанцаў. Расстраляны на загад Мураўёва-вешальніка 5 чэрвеня 1863 году на Лукіскім пляцы ў Вільні. Расейскія ўлады таемна пахавалі забітага (паводле ўспамінаў — на Трохкрыжовай гары[1]).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Нарковіч Л. Раймунд Зямацкі // Лідскі Летапісец. № 3 (63), 2013 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарковіч Л. Раймунд Зямацкі // Лідскі Летапісец. № 3 (63), 2013 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Прыхач У. Раймунд Зямацкі: расстраляны за тое, што зачытаў паўстанніцкі маніфест, Рэгіянальная газета, 24 лістапада 2013 г.