Перайсьці да зьместу

Пётар Мятла

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пётар Мятла
лац. Piotar Miatła
Пётар Мятла ў 1930 годзе.
Пётар Мятла ў 1930 годзе.
Пасол на польскі Сойм
1922 — 1927
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1890
Памёр: 12 жніўня 1936(1936-08-12)
Партыя:
Адукацыя:

Пётар Васільевіч Мятла (1890, в. Кухцінцы, Дзісенскі павет, цяпер Мёрскі раён — 12 жніўня 1938, Беламорска-Балтыйскі канал) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, публіцыст, пісьменьнік. Пасол польскага сойму ў 1922—1927 гадах.

У 1906—1910 гадах навучаўся ў Дзісенскай гарадзкой вучэльні, у 1911—1912 гадах на пэдагагічных курсах у Коўне. Працаваў настаўнікам. У 1914—1917 гадах у расейскім войску; вучыўся ў Аляксееўскай ваеннай вучэльні, юнкеры якой у 1917 годзе выступілі супраць бальшавікоў. Арыштаваны разам зь іншымі юнкерамі. З канца 1917 да 1921 году настаўнічаў на Дзісеншчыне. З 1921 году ў Вільні. Працаваў у каапэрацыі. Удзельнічаў у стварэньні беларускіх школ.

Абраны ад Блёку нацыянальных меншасьцяў паслом польскага сойму ў 1922 годзе, ад сьвянцянскай акругі № 64. Сябра Беларускага пасольскага клюбу. З 1926 году сябра КПЗБ. Адзін са стваральнікаў і сябраў ЦК БСРГ. Рэдактар грамадоўскіх газэт. Аўтар публікацыі пра паездку з паслом Ярэмічам у 1924 годзе ў Менск. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каапэратыўнага банку[1][2].

Арыштаваны 16 студзеня 1927 году ў Валожыне польскімі ўладамі, нягледзячы на мандат пасла па справе Грамады. Сьледчы судзьдзя на падставе сабраных доказаў адразу прад’явіў абвінавачваньне[3]. У 1928 годзе на «працэсе 56-ці» атрымаў вырак 12 гадоў турмы.

Дзякуючы абмену палітычнымі вязьнямі з 1930 году ў БССР. У 1932—1933 гадах старшыня Камісіі па вывучэньні Заходняй Беларусі АН БССР. Жыў у Менску на вул. Савецкая, д. 89.

Арыштаваны 1 верасьня 1933 году годзе па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9 студзеня 1934 году «як кіраўнік і арганізатар БНЦ» судовай калегіяй АДПУ СССР прыгавораны да расстрэлу. Расстрэл заменены 10 гадамі лягэру. Накіраваны на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала. Тамака памёр 12 жніўня 1938 году.

Рэабілітаваны 16 жніўня 1956 году Вайсковым трыбуналам Беларускай вайсковай акругі. Справа № 10182-с; захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

  1. ^ Пінскі аддзел Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні (1926—1932 гг.): утварэнне і дзейнасць А. С. ГОРНЫ, А. Л. ІЛЬІН // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, № 1 (94), 2016.
  2. ^ Горны А. Рэгіянальныя структуры беларускага нацыянальнага pyxy ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2021. С. 19
  3. ^ Разгром «Грамады» за кулісамі палітычнага скандалу // «Гістарычны Альманах». Том 8, 2003.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • МЯТЛА Пётр Васільевіч // «Адраджэнцы Беларусі», выданьне культурна-асьветнага клюбу «Спадчына», прысьвечанае 90-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.