Перайсьці да зьместу

Паўночнафрыская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Паўночнафрыская мова
Frasch, Fresk, Freesk, Friisk
Фрыскія мовы на мапе Эўропы. Паўночнафрыская — цёмна-блакітным, на поўначы
Ужываецца ў Нямеччыне
Рэгіён Шлезьвіг-Гальштайн
Колькасьць карыстальнікаў
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям’я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Нордфрысьляндзе, Гельгаляндзе (Нямеччына)
Статус: 7 Нясталы[d][1]
Пісьмо лацінскае пісьмо
Коды мовы
ISO 639-1
ISO 639-2(Б) frr
ISO 639-2(Т) frr
ISO 639-3 frr
SIL

Паўно́чнафры́ская мо́ва (саманазва: Frasch, Fresk, Freesk, Friisk) — рэгіянальная мова, на якой размаўляюць прыкладна 10 000 чалавек у рэгіёне Паўночная Фрызія, што на захадзе нямецкае фэдэральнае зямлі Шлезьвіг-Гальштайн[2][3]. У лінгвістычным дачыненьні адносіцца да фрыскіх моваў англа-фрыскае падгрупы заходнегерманскае групы германскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў. Разам з заходнефрыскай і ўсходнефрыскай мовамі ўтварае групу фрыскіх моваў.

Лінгвістычна найбліжэйшымі да паўночнафрыскай мовы зьяўляюцца ўсходнефрыская, распаўсюджаная на паўночным захадзе нямецкае фэдэральнае зямлі Ніжняя Саксонія, і заходнефрыская мова, распаўсюджаная на поўначы Нідэрляндаў. Усе тры мовы ўтвараюць групу фрыскіх моваў, якая ўваходзіць у вышэйшую, англа-фрыскую, праз што фрыскія мовы зьяўляюцца блізка зьвязанымі з ангельскай мовай. Англа-фрыскія мовы ўваходзяць у склад інгвэонскіх моваў разам з геаграфічна блізкай фрыскім мовам ніжненямецкай мовай. Між тым, апошняя зьяўляецца больш аддаленай з прычыны яе адасобленага разьвіцьця з старасаксонскага пэрыяду і страты ніжненямецкай мовай вялікае колькасьці інгвэонскіх рысаў[4].

Дыялекты паўночнафрыскае мовы.

Дыялекты паўночнафрыскае мовы звычайна аб’ядноўваюцца ў дзьве групы: мацерыковыя ды кантынэнтальныя, агулам колькасьць дыялектаў складае дзесяць[5]. Вызначанае выключэньне складае дыялект востраву Галіген, які адносіцца да кантынэнтальных дыялектаў.

Гісторыя вывучэньня паўночнафрыскіх дыялектаў пачалася ў ХІХ ст.

Дыялекты паўночнафрыскае мовы:

  • Астраўныя:
    • Зюльцкі (Сэльрынскі)
    • Фэр-Амрумскі
    • Гэльгаляндзкі
  • Кантынэнтальныя:
    • Відынгардзкі
    • Бэкінгардзкі
    • Каргардзкі
    • Паўночнагесгардзкі
    • Сярэднегесгардзкі
    • Паўднёвагесгардзкі (адзначаецца як вымерлы з 1981 году)
    • Галігенскі дыялекты.

Мацерыковыя й астраўныя дыялекты маюць шэраг выразных адрозьненьняў адзін ад аднаго з прычыны фармаваньня гэтых дыялектаў з маўленьняў розных пакаленьняў перасяленцаў на астравы, дзе распаўсюджаныя сучасныя астраўныя дыялекты. Так, напрыклад, астравы Зюльт, Фэр і Амрум былі калянізаваныя фрызамі ў ІХ ст., тады як бліжэйшае мацерыковае ўзьбярэжжа было заселена праз тры стагодзьдзі.

Між тым, дыялектныя разыходжаньні таксама характарызуюцца ступеньню ўплыву іншых моваў. Зюльцкі, фэрскі й амрумскі дыялекты, а таксама некаторыя дыялекты поўначы арэалу паўночнафрыскае мовы зазнавалі моцны ўплыў з боку дацкае мовы, гэльгаляндзкі дыялект і дыялекты мацерыку адзначаюцца ўплывам з боку ніжненямецкае мовы. Апрача гэтага, дыялектнаму драбненьню паспрыяла й геаграфічная адасобленасьць розных частак паўночнафрыскага моўнага арэалу, з прычыны чаго таксама ніводны з дыялектаў мовы ня здолеў узяць на сябе ролю прэстыжнага.

Вэрсія Вікіпэдыі на паўночнафрыскай мае асобныя падразьдзелы для напісаньня артыкулаў на розных дыялектах.

Прыклады дыялектных адрозьненяў па фразе «„блішчы, месяц, блішчы!“ — Усклікнуў Гевэльман, але нідзе не было бачна ні месяцу, ні зорак: яны ўжо ўсе леглі спаць»[6].

  • Астраўныя:
    • Зюльцкі:

«Ljucht, ual Muun, ljucht!» skriilt Häwelmann, man di Muun wiar narigen tö sen en uk di Stiaren ek; ja wiar al altermaal tö Bēr gingen.

    • Фэр-Амрумскі:

«Locht, ual muun, locht!» rep Heewelmaan, man a muun wiar nochhuaren tu sen an a stäären uk ei; jo wiar al altermaal tu baad gingen.

    • Гэльгаляндзкі:

«Lochte, ool Muun, lochte!» rüp Heäwelman, oawers de Muun wear naarni tu sin’n en uk de Steern ni; dja wear al allemoal tu Baad gingen.

  • Мацерыковыя:
    • Паўночнагесгардзкі:

«Jocht, uule moune, jocht!» biilked Hääwelmoon, ors e moune waas närngs to schüns än da steere ok ai; ja weern al aal to beede gingen.

    • Відынгардзкі:

«Ljocht, uuile moone, ljocht!» biilked Hääwelmuon, män e moone was näärgen to schüns än uk e steere ai; jä würn al altomoale to beerd gingen.

    • Галігенскі:

«Jaacht, uale mööne, jaacht!» bölked Hääwelmoon, man de mööne woas näärngs to siinen än de steere uk ee; jä weern al altomaole to beed giangen.

    • Бэкінгардзкі:

«Jucht, üülje moune, jucht!» biiljked Hääwelmoon, ouers e moune wus nargne tu schüns än e stääre uk ai; ja wjarn ål åltumååle tu beed lim..

У табліцы ніжэй прыведзеныя прыклады падабенстваў і адрозьненьняў паміж дыялектамі паўночнафрыскае мовы[7]:

Дыялект бацька маці сястра брат
Зюльцкі Faaðer Mooter Sester Bröðer
Фэрскі aatj mam saster bruler
Амрумскі bruder
Галігенскі baabe mäm soster bröör
Гэльгаляндзкі Foor Mem Söster Bruur
Відынгардзкі tääte määm broor
Каргардзкі mäm brauder
Бэкінгардзкі taatje mam brouder
Сярэднегесгардзкі ate mäm broor
Паўднёвагесгардзкі fåår, fååðer brööðer
Паўночнагесгардзкі fååje soster brår

Вымерлыя дыялекты

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Серад вымерлых дыялектаў паўночнафрыскае мовы адзначаецца айдэрштэцкі дыялект, носьбіты якога перайшлі на ніжненямецкую мову ў XVII ст. У адрозьненьне ад астатніх рэгіёнаў распаўсюджваньня паўночнафрыскае мовы, паўвостраў Айдэрштэт, дзе быў распаўсюджаны дыялект, быў эаканамічна арыентаваны на больш паўднёвыя рэгіёны, дзе была распаўсюджаная ніжненямецкая мова, што й прывяло да паступовага заняпаду дыялекту. Страце дыялекту таксама спрыяла плыня нідэрляндзкіх перасяленцаў[8].

Падобная сутацыя таксама адсочваецца для востраву Странд, які ў 1634 годзе моцна пацярпеў ад г.зв. паводкі Бурхардзі. Жыхары ўсходняе часткі Странду былі вымушаныя пакінуць востраў, праз што мясцовы паўночнафрыскі дыялект хутка забыўся наступнымі пакаленьнямі. На заходняй частцы Странду для мясцовага дыялекту захаваліся лепшыя ўмовы, аднак і там дыялект вымер ужо пасьля XVIII стагодзьдзя. Дыялект Странду, хутчэй за ўсё, быў бліжэй за ўсё да галігенскага дыялекту.

Іншым блізкім да галігенскага дыялекту быў дыялект мястэчка Вюр-аўф-Фэр, пакуль яго носьбіты не перайшлі на ніжненямецкую мову. Дыялект Вюр-аў-Фэру, як мяркуюць, узьнікнуў у выніку ўзаемадзеяньня дыялектаў перасяленцаў з Галігену й Странду.

Серад нядаўна зьніклых дыялектаў паўночнафрыскае мовы адзначаецца паўднёвагесгардзкі, які вымер разам са сьмерцю яго апошняга носьбіта ў 1981 годзе. Іншыя мацерыковыя дыялекты таксама знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня. Гістарычна паўночнафрыская мова была распаўсюджаная і паўночней, на поўнач ад нямецка-дацкае мяжы, аднак тамтэйшыя дыялекты нацяпер зьяўляюцца вымерлымі[9].

У сувязі зь яскрава выражанай дыялектнай раздрабнёнасьцю паўночнафрыскае мовы яе носьбіты ня маюць адзінай назвы для мовы. Прыкладам, носьбіты відынгардзкага й галігенскага дыялектаў называюць паўночнафрыскую мову словам freesk, бэкінгардзкага — frasch, гесгардзкага — fräisch або freesch. Аднак паўночныя фрызы ў межах літаратурнага стандарту мовы (напрыклад, у пытаньнях установаў) пагадзіліся на агульнае найменьне мовы словам friisk, што адпавядае заходнефрыскаму frysk. Між тым, арганізацыя «Міжфрыская Рада» захоўвае ў якасьці агульнае назвы для мовы слова Frasche Rädj, якое паходзіць з бэкінгардзкага дыялекту.

Незважаючы на выразныя дыялектныя адрозьненьні паміж дыялектамі паўночнафрыскае мовы, мова мае некаторыя агульныя наддыялектныя рысы ў фанэтыцы. Серад падобных рысаў — пераход /ɪ/ у /a/, які, аднак, поўнасьцю адбыўся толькі ў цэнтральных дыялектах, а ў астатніх спыніўся толькі на пераходзе ў гукі /ɛ/ або /eː/ (напрыклад, бэкінгардзкае fasch і фэр-амрумскае fask, але fesk у зюльцкім дыялекце).

Глухія выбухныя p, t, k празь леніцыю разьвіліся ў звонкія выбухныя або нават фрыкатывы (у цэнтральных дыялектах): напр., бэкінгардзкае waase, фэр-амрумскае wed, зюльцкае weet, гельгаляндзкае wet. Усе дыялекты паўночнафрыскае мовы маюць зьяву шырокараспаўсюджанае паляталізацыі, што зьяўляецца рэдкім для астатніх германскіх моваў. Збольшага больш складаная сыстэма зычных гукаў адзначаецца ў астраўных дыялектах.

Апошнім часам фанэтыка паўночнафрыскае мовы характарызуецца перабудовай на ўзор стандартнае нямецкае мовы[10].

Дзьвюхмоўны знак на нямецкай і паўночнафрыскай, горад Гузум, Шлезьвіг-Гальштайн, Нямеччына.

Афіцыйна колькасьць носьбітаў паўночнафрыскае мовы хістаецца ў межах 8000 — 10 000 чал.[3], аднак лінгвісты мяркуюць пра рэальныя лічбы, якія зьяўляюцца значна ніжэйшымі. У 2007 годзе ў некаторых дасьледаваньнях падаваліся лічбы пра прыкладна 5000 носьбітаў у Паўночнай Фрызіі і 1500—2000 носьбітаў па-за рэгіёнам[5]. Дасьледаваньняў з дакладнай колькасьцю носьбітаў на цяперашні час не існуе.

Паўночнафрыская мова адносіцца да моваў, што маюць пагрозу зьнікненьня, паводле ЮНЭСКО, мова не вывучаецца дзецьмі. У Чырвонай кнізе моваў, што знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня, якая складзеная ЮНЭСКО, паўночнафрыская мова згадваецца як мова пад сур’ёзнай пагрозай[11]. Выключэньне складаюць астравы Фэр і Амрум і рэгіён Рызум-Ліндгольм; асабліва моцна мова захоўваецца на захадзе Фэру[5]. Колькасьць носьбітаў на Фэры й Амруме адзначаецца ў прыкладна 3 500 чалавек. Іншыя дыялекты, такія як каргардзкі, сярэднегесгардзкі і галігенскі, знаходзяцца пад сур’ёзнай пагрозай.

Мясцовыя дыялекты паўночнафрыскае мовы выкладаюцца ў школах Фэру ды Амруму, у Рызум-Ліндгольме існуе дзьвюхмоўная дацка-паўночнафрыская школа.

Усе носьбіты паўночнафрыскае мовы зьяўляюцца білінгвамі або нават мультылінгвамі. Носьбіты звычайна ведаюць паўночнафрыскую ды нямецкую, а ў некаторых выпадках паўночнафрыскую, нямецкую, ніжненямецкую, часам нават чацьвертую — паўднёваютляндзкі дыялект дацкае мовы.

У нямецкай фэдэральнай зямлі Шлезьвіг-Гальштайн мова мае падтрымку згодна з Эўрапейскай хартыяй рэгіянальных моваў. 24 сьнежня 2004 году апублікаваны зямельны закон, паводле якога паўночнафрыская мова можа афіцыйна выкарыстоўвацца ў рэгіёнах Нордфрысьлянд і Гэльгалянд Шлезьвіг-Гальштайну[12].

  1. ^ а б Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. ^ Зьвесткі паводле Ethnologue і Stephens на 1976 год.
  3. ^ а б Schleswig-Holstein. Die Friesen und ihr Friesisch (ням.) Урад фэдэральнае зямлі Шлезьвіг-Гальштайн, Нямеччына Праверана 16 сьнежня 2013 г.
  4. ^ Nielsen, Hans Frede. Frisian and the Grouping of the Older Germanic Languages / Horst H. Munske. — Handbuch des Friesischen – Handbook of Frisian Studies. — Tübingen: Niemeyer, 2001. — ISBN 3-484-73048-X
  5. ^ а б в Århammar, Nils Das Nordfriesische, eine bedrohte Minderheitensprache in zehn Dialekten: eine Bestandsaufnahme / Munske, Horst H. — Sterben die Dialekte aus? Vorträge am Interdisziplinären Zentrum für Dialektforschung an der Friedrich-Alexander-Universität Erlangen-Nürnberg. — University of Erlangen-Nuremberg.
  6. ^ Крыніца — Theodor Storm: Der kleine Häwelmann, гл. таксама Die Nordfriesen und ihre Sprache. Nordfriisk Instituut
  7. ^ Walker, Wilts, ст. 286
  8. ^ Steensen, Thomas. Holländer. — Geschichte in Schleswig-Holstein. — Gesellschaft für Schleswig-Holsteinische Geschichte.
  9. ^ Siewertsen, Benny. Friserne – vore glemte forfædre. — Lyngby: Slot Forlag, 2004. — ISBN 978-87-90476-08-3.
  10. ^ Walker, Wilts
  11. ^ Salminen, Tapani Northern Frisian. — UNESCO Red Book of endangered Languages: Europe. — University of Helsinki, 1993–1999.
  12. ^ Friesisch-Gesetz, нямецкамоўныя ВікіКрыніцы (ням.)
  • Walker, Alastair G.H.; Ommo Wilts (2001). «Die nordfriesischen Mundarten». In Horst H. Munske. Handbuch des Friesischen — Handbook of Frisian Studies. Tübingen: Niemeyer. ISBN 3-484-73048-X.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]