Перайсьці да зьместу

Мікалай Куляшоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікалай Куляшоў
Дата нараджэньня 10 жніўня 1957(1957-08-10)[1] (67 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Навуковая сфэра лазэрная фізыка
Месца працы Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт
Вядомы як распрацоўнік некалькіх цьвёрдацельных пасіўных лазэрных затвораў
Навуковая ступень доктар навук (1998)
Узнагароды
ордэн Айчыны III ступені
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Куляшоў.

Мікала́й Васі́левіч Куляшо́ў (нар. 1957, Галавічполе, Шчучынскі раён, Гарадзенская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі фізык.

Доктар фізыка-матэматычных навук (1998) і прафэсар. Выдатнік адукацыі Беларусі (2015) і кавалер ордэна Айчыны 3-й ступені (2020). Сябар-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2021). Распрацаваў шэраг цьвёрдацельных пасіўных лазэрных затвораў. На 2022 год працаваў загаднікам катэдры лазэрнай тэхнікі і тэхналёгіі на прыборабудаўнічым факультэце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту.

У 1979 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт і працаўладкаваўся ў Навукова-дасьледчы інстытут дастастоўных фізычных праблемаў. У 1993 годзе стаў намесьнікам кіраўніка Міжнароднага лазэрнага цэнтру Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі, які ўзначаліў у 1999 годзе. Напісаў навуковыя працы ў галіне лазэрнай фізыкі і спэктраскапіі. Дасьледаваў паглынаньне з узбуджаных станаў іёнаў пераходных і рэдказямельных элемэнтаў у лазэрных крышталях. Распрацаваў шэраг лазэрных матэрыялаў і цьвёрдацельных пасіўных лазэрных затвораў[2]. У 1999 годзе ўладкаваўся на катэдру лазэрнай тэхнікі і тэхналёгіі на прыборабудаўнічым факультэце Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі. Пазьней узначаліў гэтую катэдру. Да 2021 году пад яго кіраўніцтвам абаранілі 5 кандыдацкіх і 4 магістарскія дысэртацыі. Напісаў звыш 180 артыкулаў у навуковых часопісах і атрымаў 5 аўтарскіх пасьведчаньняў і патэнтаў[3].

У 2015 годзе Міністэрства адукацыі Беларусі ўзнагародзіла Мікалая Куляшова нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Беларусі»[4]. 1 сьнежня 2020 году А. Лукашэнка падпісаў Указ аб узнагароджаньні Мікалая Куляшова ордэнам Айчыны 3-й ступені[5], які той асабіста атрымаў 10 сьнежня[6]. У 2020 годзе Мікалай Куляшоў увайшоў у лік найбольш цытаваных навукоўцаў сьвету ў галіне лазэрнай фізыкі. Пад кіраўніцтвам Куляшова катэдра лазэрнай тэхнікі і тэхналёгіі стала вядучай у БНТУ паводле навукова-дасьледчай дзейнасьці. У сьнежні 2020 году Мікалай Куляшоў адзначыў: «За 20 гадоў падрыхтавалі каля 500 інжынэраў. На іх рахунку — распрацоўка і выраб Беларускага касьмічнага апарата, самай перадавой прадукцыі такіх вядомых прадпрыемстваў, як ААТ „Пеленг“ і БелОМА. Ёсьць і прыклады, калі нашыя выхаванцы самі стварылі інавацыйныя прадпрыемствы, прызнаныя сёньня ў свеце. Дарэчы, агульнапрызнаны і наш лазэрны цэнтар»[7]. 17 сьнежня 2021 году Агульны сход Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з блізу 300 прадстаўнікоў абраў Мікалая Куляшова сябрам-карэспандэнтамам[8].

  1. ^ а б в г https://files.knihi.com/preview/Knihi/Slounik/Bielaruskaja_encyklapedyja.djvu.zip/Bielaruskaja_encyklapedyja.18-1.djvu/414_996x9999.jpeg
  2. ^ Куляшоў Мікалай Васілевіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — С. 414. — 473 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
  3. ^ Куляшоў Мікалай Васілевіч (рас.) // Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт, 2021 г. Праверана 27 студзеня 2022 г.
  4. ^ Віншуем прафэсара Куляшова М.В. з узнагародай (рас.) // Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт, 2015 г. Праверана 27 студзеня 2022 г.
  5. ^ Ордэны, мэдалі і ганаровыя званьні - узнагарод удастоеныя больш за 60 прадстаўнікоў розных галін // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 1 сьнежня 2021 г. Праверана 27 студзеня 2022 г.
  6. ^ Лукашэнка ўручыў БНТУ ордэн Працоўнай Славы і дзяржузнагароды супрацоўнікам ВНУ // БелТА, 10 сьнежня 2021 г. Праверана 27 студзеня 2022 г.
  7. ^ Аляксандар Піменаў. У лепшых традыцыях // Беларусь : часопіс. — Сьнежань 2020. — № 12 (1047). — С. 12—13. — ISSN 0320-7544.
  8. ^ Надзея Нікалаева. Шэрагі акадэмікаў папоўніліся // Зьвязда : газэта. — 21 сьнежня 2021. — № 246 (29615). — С. 6. — ISSN 1990-763x.