Латгальская мова
Латгальская мова | |
latgalīšu volūda | |
Ужываецца ў | Латвіі, Расеі |
---|---|
Рэгіён | Латгалія, Сэлія, Відзэмэ, Сыбір, Башкартастан |
Колькасьць карыстальнікаў | |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейскія мовы |
Афіцыйны статус | |
Статус: | 5 Разьвіваецца[d][1] |
Пісьмо | лацінскае пісьмо |
Коды мовы | |
ISO 639-2(Т) | ltg |
ISO 639-3 | ltg |
Латгальская мова (саманазва: latgalīšu volūda) — тэрмін, якім пазначаюць мову латгальцаў, насельнікаў рэгіёну Латгалія, які месьціцца на ўсходзе Латвіі. Частка мовазнаўцаў лічыць латгальскую мову асобнай[2][3], трэцяй жывой балцкай мовай; аднак у цэлым пытаньне самастойнага статусу мовы зьяўляецца спрэчным[4]. Літаратурная норма латгальскае мовы прызнаецца і ахоўваецца латвійскім заканадаўствам як разнавіднасьць латыскае мовы[5].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першапачатковыя гістарычныя латгалы (ня блытаць з сучаснымі латгальцамі) зьяўляліся ўсходнебалцкім племем, арэал пражываньня якога знаходзіўся на тэрыторыі сучасных рэгіёнаў Латгалія ды Відзэмэ. Прадстаўнікі латгалаў размаўлялі на латыскай мове, якая паступова распаўсюдзілася на ўсёй тэрыторыі сучаснае Латвіі і ўспрыняла некаторыя асаблівасьці вымерлых на цяперашні момант балцкіх курскай, зэмгальскай, сэлонскай моваў, а таксама фіна-вугорскай ліўскай мовы.
Па выніках войнаў Швэцыі з Рэччу Паспалітай Латгалія сталася аддзеленай ад астатняй тэрыторыі сучаснае Латвіі, патрапіўшы ў склад Інфлянцкага ваяводзтва — гэты чыньнік мог стаць фактарам моўнага адасабленьня ад маўленьня, распаўсюджанага ў Відзэмэ ды іншых частках Латвіі.
Сучасная латгальская літаратурная традыцыя стала разьвівацца за часамі XVIII ст. на падмурку народных гаворак латышоў усходу Латвіі. Першай друкаванай кнігай па-латгальску, што здолела захавацца, зьяўляецца Evangelia toto anno (па-беларуску: «Эвангельле на ўвесь год»), выдадзеная ў 1753 годзе. Першыя латгальскія артаграфічныя сыстэмы засноўваліся на польскай аснове і выкарыстоўвалі шрыфт Антыква, што адрозьнівалася ад латыскай мовы астатняй Латвіі, у якой выкарыстоўваўся гатычны шрыфт. Зьяўляючыся своеасаблівым паўночна-ўсходнім фарпостам каталіцтва, Латгалія прываблівала езуіцкіх сьвятароў, што спрычынілася да распаўсюджваньня твораў на рэлігійную тэматыку, календароў і паэзіі.
Выданьне кнігаў па-латгальску (як і па-летувіску) трапіла пад забарону ў пэрыяд з 1865 па 1904 гг. У прыватнасьці, узьнікла забарона на ўжываньне лацінскага альфабэту (гл. кніганошы), што было выклікана паўстаньнямі, якія на той час актывізаваліся на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Падчас забароны была даступная толькі невялікая колькасьць кантрабанднай рэлігійнай літаратуры і частка рукапісных твораў. Сярод падобных твораў вылучаюцца календары селяніна-самавучкі Андрыюса Юрджыса.
Па скасаваньні забароны распачаўся пэрыяд адраджэньня літаратурнай традыцыі, пачалі зьяўляцца першыя газэты, падручнікі і граматыкі. У 1918 годзе Латгалія сталася часткай Латвійскае Рэспублікі, з 1920 па 1934 гг. абедзьве літаратурныя традыцыі разьвіваліся паралельна. На гэты час прыпадае арыгінальны пераклад Новага Запавету на латгальскую мову сьвятаром і дасьледчыкам Алаізійсам Броксам, апублікаваны ў 1933 годзе. Пасьля перавароту Карліса Улманіса ў 1934 годзе прадмет латгальскі дыялект быў выведзены з школьнае праграмы і было скасаванае яго ўжываньне ў дзяржаўных установах, што тлумачылася як частка захадаў па стандартызацыі моўнае палітыкі ў краіне.
У 1920-30 гады ў Сыбіры, куды падчас сталыпінскай аграрнай рэформы перасялілася некалькі тысячаў латгальцаў, было ўстаноўленае выкладаньне латгальскай мовы ў школах), выпускаліся кнігі, газэты, часопісы, адкрылася латгальскае аддзяленьне ў Ачынскім пэдагагічным тэхнікуме (Краснаярскі край). Разьвіцьцё мовы ў Сыбіры было спынена з прычыны рэпрэсіяў 1937-38 гадоў.
Латгальская размоўная мова захавалася ва ўжытку падчас савецкай анэксіі Латвіі ў пэрыяд з 1940 па 1991, у той час як з 1959 да 1989 году спынілася кнігавыданьне на гэтай мове. Між тым, некаторыя прадстаўнікі латгальскай інтэлігенцыі ў міграцыі працягвалі публікаваць кнігі на латгальскай мове і дасьледаваньні пра яе. Серад падобных аўтараў вылучаецца, у прыватнасьці, Мікелс Букшс.
Сучасны статус
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З аднаўленьнем незалежнасьці Латвіі назіраецца прыкметнае падвышэньне цікавасьці да латгальскае мовы й культурнай спадчыны. Мова выкладаецца ў якасьці факультатываў у некаторых унівэрсытэтах, у Рэжыцы існуе арганізацыя «Выдавецтва латгальскага культурнага цэнтру» на чале зь Янісам Элксьнісам, якая займаецца выданьнем новых і старых кнігаў на латгальскай мове. У 1992 годзе Юрысам Цыбульсам і Лідэяй Лэйкума быў выдадзены першы латгальскі буквар.
У дваццаць першым стагодзьдзі адзначаецца пашырэньне прысутнасьці латгальскай мовы ў культурным жыцьці Латвіі. Мова зьяўляецца на тэлеканалах, ствараюцца музыкальныя гурты з выкананьнем сваёй творчасьці па-латгальску (напрыклад, Borowa MC, Dabasu Durovys), якія набываюць папулярнасьць на агульнадзяржаўным узроўні. У 1991 годзе рэжысэрам Янісам Стрэйчсам быў зьняты фільм «Дзіця чалавечае» паводле аднайменнай аповесьці пісьменьніка Яніса Клідзэйса, у 2007 годзе фільм быў прызнаны лепшым латвійскім мастацкім фільмам паводле вынікаў галасаваньня гледачоў нацыянальнага латвійскага тэлебачаньня.
Законам пра дзяржаўную мову 2000 году дэкляруецца ахова, захаваньне і разьвіцьцё пісьмовай латгальскай мовы як разнавіднасьці латыскай.
За цяперашнім часам носьбітамі латгальскай мовы прызнаюцца 150 тыс чалавек[6], паводле некаторых падлікаў латгальскай мовай валодае 69,5% ад насельніцтва Латгаліі[7]. Колькасьць носьбітаў скарачаецца празь міграцыю насельніцтва ў буйныя месты, адсутнасьць дзяржаўнай падтрымкі, нізкі прэстыж.
Клясыфікацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Латгальская мова ўваходзіць у склад усходнебалцкай галіны балцкай групы індаэўрапейскай моўнай сям'і, куды таксама ўваходзяць латыская, жамойцкая і летувіская мовы. Мова мае ўмераную ступень словазьмяняльнасьці, колькасьць формаў дзеяслова і назоўніка, характэрная для іншых балцкіх і славянскіх моваў.
Геаграфія і дыялекты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Латгальская мова распаўсюджаная перадусім у Латвіі, існуюць некаторыя супольнасьці носьбітаў Сыбіры, Расея.
Латгальскія дыялекты могуць падзяляцца на тры асноўныя групы — паўночны, цэнтральны і паўднёвы. Гэтыя тры групы зьяўляюцца ўзаемназразумелымі і адрозьніваюцца адзін ад аднаго толькі нязначнымі зьменамі ў галосных, дыфтонгах і некаторымі зьменамі ў канчатках. Гаворкі цэнтральнай Латгаліі (мясцовасьцяў Юасмуйжа, Вуаркава, Відсмуйжа, Віляны, Саксьцігалс, Узулайнэ, Макашані, Дрыцані, Гайгалава, Біержы, Цілжа, Наўтрані) утвараюць фанэтычную аснову сучаснага стандарту латгальскай мовы. Літаратура XVIII ст. больш знаходзілася пад уплывам паўднёвых гаворак.
Афіцыйны статус
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паміж 1920 і 1934 годам латгальская мова выкарыстоўвалася ў органах мясцовага самакіраваньня і школах Латгаліі. На цяперашні час латгальская ня мае афіцыйнага статусу ў будзь-якім рэгіёне Латвіі, аднак існуе ахова мовы на заканадаўчым узроўні (гл. вышэй) і артаграфічная камісія, падтрымліваная дзяржавай. Статус латгальскай як асобнай мовы або дыялекту латыскай быў прадметам вострых дыскусіяў у ХХ стагодзьдзі. Так, прыхільнікі мовы (напрыклад, лінгвісты Антанс Брэйдакс і Лідзія Лэйкума) выказваюць думку пра вызначэньне латгальскай як асобнай мовы; афіцыйна латгальская лічыцца часткай латыскай, маючы на ўвазе існаваньне двух стандартаў для латыскай мовы — латыскага і латгальскага.
Пісьмовасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У латгальскай мове выкарыстоўваецца альфабэт на лацінскай аснове, ён утрымлівае 35 літараў. Артаграфія падобная на латыскую, аднак мае дадатковыя літары: y, якая адлюстроўвае гук [ɨ], адсутны ў стандартнай латыскай, і ō, якая захавалася з артаграфіі латыскай мовы да 1957 году.
Ніжэй прыведзены пералік літараў латгальскага альфабэту з гукамі (паводле IPA), якім адпавядаюць гэтыя літары.
Верхні рэгістар |
Ніжні рэгістар |
Вымаўленьне |
---|---|---|
A | a | [ɑ] |
Ā | ā | [ɑː] |
B | b | [b] |
C | c | [t͡s] |
Č | č | [t͡ʃ] |
D | d | [d] |
E | e | [e] |
Ē | ē | [eː] |
F | f | [f] |
G | g | [ɡ] |
Ģ | ģ | [ɟ] |
H | h | [x] |
I | i | [i] |
Y | y | [ɨ] |
Ī | ī | [iː] |
J | j | [j] |
K | k | [k] |
Ķ | ķ | [c] |
L | l | [l] |
Ļ | ļ | [ʎ] |
M | m | [m] |
N | n | [n] |
Ņ | ņ | [ɲ] |
O | o | [o] |
Ō | ō | [oː] |
P | p | [p] |
R | r | [r] |
S | s | [s] |
Š | š | [ʃ] |
T | t | [t] |
U | u | [u] |
Ū | ū | [uː] |
V | v | [v] |
Z | z | [z] |
Ž | ž | [ʒ] |
Прыклад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Малітва Ойча наш па-латгальску:
Myusu Tāvs, kurs esi dabasūs,
slaveits lai tūp Tovs vōrds.
Lai atnōk Tova vaļsteiba.
Tova vaļa lai nūteik, kai dabasūs,
tai ari vērs zemes.
Myusu ikdīneiškū maizi dūd mums šudiņ.
Un atlaid mums myusu porōdus,
kai un mes atlaižam sovim porōdnīkim.
Un naved myusu kārdynōšonā,
bet izglōb myusus nu ļauna Amen.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- А. Брейдак. Латгальский язык // Языки мира. Балтийские языки. М., Academia, 2006.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу] Вікіпэдыя мае вэрсію латгальскай мовай |
- латыска-латгальскі слоўнік
- Divejis latvīšu rokstu tradicejis: kūpeigais i atškireigais. Valsts valoda
- Latgalian language
- Латгальская граматыка
- Aglyunas zvaneņš — каталіцкі штотыднёвік па-латгальску
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
- ^ Lazdiņa, Sanita; Marten, Heiko F. 1 // Latgalian in Latvia: A Continuous Struggle for Political Recognition. — Journal on Ethnopolitics and Minority Issues in Europe, 2012. — Т. 11. — С. 66-87.
- ^ Виноградова В. Д. 1 // Латгалы. Этнос и язык. — Вестник Томского государственного университета. История, 2011. — Т. 13. — С. 141-143.
- ^ Druviete, Ina (22 ліпеня 2001) Recenzija par pētījumu "Valodas loma reģiona attīstībā (лат.) Politika.lv. Праверана 6 лістапада 2013 г.
- ^ Valsts valodas likums (лат.) LATVIJAS REPUBLIKAS TIESĪBU AKTI. Likumi.lv Праверана 6 лістапада 2013 г.
- ^ UNESCO Interactive Atlas of the World’s Languages in Danger (анг.) UNESCO. Праверана 6 лістапада 2013 г.
- ^ Latgaliesu valodai grib noteikt regionalas valodas statuss (лат.) TVNET. Праверана 6 лістапада 2013 г.