Перайсьці да зьместу

Кароль (шахматы)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Магчымыя крокі караля

Каро́ль[1][2], князь (Unicode: ♔, ♚) — галоўная шахматная фігура, хоць і не наймоцная. Мэта шахматнай партыі — абвясьціць мат каралю суперніка.

Кароль можа перамяшчацца на любое суседняе поле па гарызанталі, вэртыкалі або па дыяганалі. Знаходзячыся ў вуглавым полі, кароль атакуе 3 палі, на поле ў боку дошкі — 5 палёў, на астатніх палёх — 8 палёў. Пры гэтым кароль ня можа хадзіць на поле, занятае сваёй фігурай, а таксама на поле, атакаванае чужой фігурай (пад шах).

Ракіроўка ўяўляе сабой адначасовы ход караля і ладзьдзі зь перасоўваньнем караля на два поля ў бок адной з ладзьдзёў з адначасовым перасоўваньнем ладзьдзі на поле, пройдзенае каралём. Ракіроўка на каралеўскі фланг завецца кароткай ракіроўкай (пазначаецца 0-0), ракіроўка на візыравы фланг — доўгай ракіроўкай (пазначаецца 0-0-0).

Ракіроўка дапушчальная пры захаваньні наступных умоваў:

  • кароль і ладзьдзя не зрабілі ніводнага ходу;
  • паміж каралём і ладзьдзёй няма фігураў;
  • кароль не знаходзіцца пад шахам, не праходзіць праз атакаванае поле і не трапляе на атакаванае поле (пад шах).

Шах — сытуацыя, калі пасьля ходу суперніка кароль атакаваны фігурай суперніка. Выкрыты шах — сытуацыя, калі пасьля ходу адной фігурай суперніка кароль апынуўся атакаваны іншай фігурай. Падвойны шах — сытуацыя, калі кароль атакаваны адразу двума фігурамі суперніка.

У выпадку, калі каралю абвешчаны шах, неабходна наступным ходам вывесьці яго з-пад шаха. Абараніцца ад шаха можна адным з трох спосабаў — зрабіць ход каралём на поле, не атакаванае фігурамі суперніка, загарадзіць караля сваёй фігурай, пабіць фігуру, якая ставіць шах. Абараніцца ад падвойнага шаха можна толькі зрабіўшы ход каралём.

Шахматныя фігуры
Кароль
Візыр
Ладзьдзя
Афіцэр
Вершнік
Латнік

Мат — сытуацыя, калі пасьля ходу суперніка кароль атакаваны фігурай суперніка, і пры гэтым гулец ня можа сваім ходам абараніцца ад шаха.

Пры аб’яве мату партыя сканчваецца незалежна ад таго, які матэрыял застаецца на дошцы і колькі часу на гадзіньніку ў стараны, абвясьціўшай мат. У спартовай практыцы да мату звычайна даходзіць рэдка, і гулец, разумеючы, што мат пры правільнай гульні суперніка непазьбежны, звычайна здае партыю.

Пат — сытуацыя, калі пасьля ходу суперніка гулец ня мае магчымасьці зрабіць дапушчальны ход, паколькі пры любым ходзе караля ён апыняецца пад шахам, а іншыя фігуры адсутнічаюць або заблякаваныя, і пры гэтым кароль не атакаваны. Пат азначае завяршэньне гульні ўнічыю.

Кароль у шахматнай партыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку партыі каралі займаюць палі е1 і е8. У дэбюце каралямі звычайна ня ходзяць, выключэньне — ракіроўка, якая ажыцьцяўляецца для лепшай абароны самога караля і разьвіцьця іншых фігураў. У мітэльшпілі кароль нярэдка бывае аб’ектам нападаў, якія могуць сканчвацца перамогай аднаго з бакоў. У эндшпілі каралі звычайна прымаюць актыўны ўдзел у гульні, дапамагаючы пасоўваньню сваіх латнікаў у візыры або перашкаджаючы пасоўваньню чужых латнікаў.

  1. ^ Вячаслаў Ракіцкі. Шахматы — народная гульня // Беларуская Атлянтыда. — Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2006. — С. 157—161. — 504 с. — (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе). — ISBN 0-929849-11-6
  2. ^ Вячорка, Франак Замкнёныя групы назвай клясычнай літаратурнай мовы Беларуская мова ў інтэрнэт Праверана 14 лютага 2016 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кароль (шахматы)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў