Візыр (шахматы)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Магчымыя хады візыра.

Візы́р[1], гетман[2], фэрзь, каралева (Unicode: , ) — наймацнейшая шахматная фігура. Прынята, што матэрыяльная каштоўнасьць візыра роўная 8—9 латнікам. Такім чынам, па моцы ён пераўзыходзіць ладзьдзю і лёгкую фігуру (афіцэра ці вершніка), саступае дзьвюм ладзьдзям і прыблізна раўнамоцны з трыма лёгкімі фігурамі.

Хады візыра[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Візыр можа перамяшчацца на любую колькасьць палёў па вэртыкалі, гарызанталі і дыяганалі, аб’ядноўваючы здольнасьці ладзьдзі і афіцэра (пры ўмове, што на ягоным шляху няма фігураў). Знаходзячыся ў адным з цэнтральных палёў, візыр можа атакаваць да 27 палёў адначасна, у куце — да 21 поля.

Візыр у шахматнай партыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кожны гулец пачынае партыю з адным візырам. У пачатку партыі візыры займаюць палі d1 і d8 (палі свайго колеру). Уважаецца, што ў пачатку партыі (дэбюце) ня трэба сьпяшацца выводзіць візыра, бо ён, знаходзячыся ў лягеры суперніка, станае ласым кавалкам для ягоных фігураў. Значна прыдатнейшым візыр станае ў мітэльшпілі і эндшпілі. Так, лічаць, што ў эндшпілі кароль зь візырам пры правільнай гульні выйграюць супраць караля і лёгкай фігуры, супраць караля і ладзьдзі, у большасьці выпадкаў — супраць караля і двух лёгкіх фігураў, супраць караля, ладзьдзі і латніка. Акрамя таго, найістотнай задачай большасьці эндшпіляў зьяўляецца правядзеньне латніка ў візыры, бо пасьпяховае выкананьне гэтай задачы, як правіла, азначае перамогу ў партыі.

Візыр у шахматных задачах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Задача пра васьмёх візыраў. Адно з магчымых разьвязаньняў.
Шахматныя фігуры
Кароль
Візыр
Ладзьдзя
Афіцэр
Вершнік
Латнік

Візыр фігуруе ў шматлікіх шахматных задачах. Адна з самых вядомых — задача пра васьмёх візыраў, у задачы патрэбна разьмясьціць 8 візыраў так, каб яны не атакавалі адно аднаго. Матэматычным шляхам даказана, што існуе 92 рашэньні задачы пра васьмёх візыраў.

Этымалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва «візыр» запазычаная ад арабаў, ад якіх шахматы пачалі распаўсюджвацца ў Эўропе. У хазараў гэты тытул мелі найвышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі, якія кантралявалі фінансы дзяржавы, шахскі двор і войска. Значэньне слова паходзіць ад арабскага «носьбіт цяжару»[3].

Распаўсюджаная ў народзе назва «каралева» паходзіць ад іншага варыянту назвы гэтай фігуры — фэрзь (ferz), запазычанага ва францускую мову, дзе слова паступова трансфармавалася ў vierge — «цнатліўка, дзева, дама».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вячаслаў Ракіцкі. Шахматы — народная гульня // Беларуская Атлянтыда. — Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2006. — С. 157—161. — 504 с. — (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе). — ISBN 0-929849-11-6
  2. ^ Вячорка, Франак Замкнёныя групы назвай клясычнай літаратурнай мовы Беларуская мова ў інтэрнэт Праверана 14 лютага 2016 г.
  3. ^ Вялікі энцыкляпэдычны слоўнік Бракгаўза і Эфрона (рас.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]