Кароль (шахматы)
Каро́ль[1][2], князь (Unicode: ♔, ♚) — галоўная шахматная фігура, хоць і не наймоцная. Мэта шахматнай партыі — абвясьціць мат каралю суперніка.
Хады караля
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кароль можа перамяшчацца на любое суседняе поле па гарызанталі, вэртыкалі або па дыяганалі. Знаходзячыся ў вуглавым полі, кароль атакуе 3 палі, на поле ў боку дошкі — 5 палёў, на астатніх палёх — 8 палёў. Пры гэтым кароль ня можа хадзіць на поле, занятае сваёй фігурай, а таксама на поле, атакаванае чужой фігурай (пад шах).
Ракіроўка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ракіроўка ўяўляе сабой адначасовы ход караля і ладзьдзі зь перасоўваньнем караля на два поля ў бок адной з ладзьдзёў з адначасовым перасоўваньнем ладзьдзі на поле, пройдзенае каралём. Ракіроўка на каралеўскі фланг завецца кароткай ракіроўкай (пазначаецца 0-0), ракіроўка на візыравы фланг — доўгай ракіроўкай (пазначаецца 0-0-0).
Ракіроўка дапушчальная пры захаваньні наступных умоваў:
- кароль і ладзьдзя не зрабілі ніводнага ходу;
- паміж каралём і ладзьдзёй няма фігураў;
- кароль не знаходзіцца пад шахам, не праходзіць праз атакаванае поле і не трапляе на атакаванае поле (пад шах).
Шах
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шах — сытуацыя, калі пасьля ходу суперніка кароль атакаваны фігурай суперніка. Выкрыты шах — сытуацыя, калі пасьля ходу адной фігурай суперніка кароль апынуўся атакаваны іншай фігурай. Падвойны шах — сытуацыя, калі кароль атакаваны адразу двума фігурамі суперніка.
У выпадку, калі каралю абвешчаны шах, неабходна наступным ходам вывесьці яго з-пад шаха. Абараніцца ад шаха можна адным з трох спосабаў — зрабіць ход каралём на поле, не атакаванае фігурамі суперніка, загарадзіць караля сваёй фігурай, пабіць фігуру, якая ставіць шах. Абараніцца ад падвойнага шаха можна толькі зрабіўшы ход каралём.
Мат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шахматныя фігуры | ||
---|---|---|
Кароль | ||
Візыр | ||
Ладзьдзя | ||
Афіцэр | ||
Вершнік | ||
Латнік |
Мат — сытуацыя, калі пасьля ходу суперніка кароль атакаваны фігурай суперніка, і пры гэтым гулец ня можа сваім ходам абараніцца ад шаха.
Пры аб’яве мату партыя сканчваецца незалежна ад таго, які матэрыял застаецца на дошцы і колькі часу на гадзіньніку ў стараны, абвясьціўшай мат. У спартовай практыцы да мату звычайна даходзіць рэдка, і гулец, разумеючы, што мат пры правільнай гульні суперніка непазьбежны, звычайна здае партыю.
Пат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пат — сытуацыя, калі пасьля ходу суперніка гулец ня мае магчымасьці зрабіць дапушчальны ход, паколькі пры любым ходзе караля ён апыняецца пад шахам, а іншыя фігуры адсутнічаюць або заблякаваныя, і пры гэтым кароль не атакаваны. Пат азначае завяршэньне гульні ўнічыю.
Кароль у шахматнай партыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пачатку партыі каралі займаюць палі е1 і е8. У дэбюце каралямі звычайна ня ходзяць, выключэньне — ракіроўка, якая ажыцьцяўляецца для лепшай абароны самога караля і разьвіцьця іншых фігураў. У мітэльшпілі кароль нярэдка бывае аб’ектам нападаў, якія могуць сканчвацца перамогай аднаго з бакоў. У эндшпілі каралі звычайна прымаюць актыўны ўдзел у гульні, дапамагаючы пасоўваньню сваіх латнікаў у візыры або перашкаджаючы пасоўваньню чужых латнікаў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Вячаслаў Ракіцкі. Шахматы — народная гульня // Беларуская Атлянтыда. — Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2006. — С. 157—161. — 504 с. — (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе). — ISBN 0-929849-11-6
- ^ Вячорка, Франак Замкнёныя групы назвай клясычнай літаратурнай мовы Беларуская мова ў інтэрнэт Праверана 14 лютага 2016 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кароль (шахматы) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Piececlopedia: Кароль (анг.)