Канстанцыя Скірмунт
Канстанцыя Скірмунт | |
Konstancja Skirmuntt | |
Дата нараджэньня | 1851 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 23 студзеня 1934 або 1934 |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Заняткі | гістарыца, публіцыстка |
Навуковая сфэра | публіцыстыка[1], гісторыя[1] і палітычная дзейнасьць[d][1] |
Гады дзейнасьці | 1886-1934 |
Псэўданімы | Pojatos Pajautos, Futurus |
Бацька | Казімер Скірмунт[d] |
Маці | Гелена Скірмунт |
Узнагароды | |
Канста́нцыя Скíрмунт (па-польску: Konstancja Skirmuntt; 1852, в. Калоднае Пінскага павету (цяпер Столінскі раён), Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 23 студзеня 1934, Пінск) — беларуская і польская публіцыстка, гістарыца[2].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася Канстанцыя Скірмунт у 1852 г. у радавой сядзібе Скірмунтаў у в. Калоднае Пінскага павету (цяпер Столінскі раён Берасьцейскай вобласьці). Атрымала добрую хатнюю адукацыю, якую не змагла прадоўжыць з-за рэпрэсіяў супраць маці — мастачкі, мэдальеркі і скульптаркі Гэлены Скірмунт, асуджанай за ўдзел у паўстаньні 1863 г. Да 1874 г. Канстанцыя жыла ў Крыму, потым вярнулася на радзіму[2].
Пасьля вяртаньня актыўна ўдзельнічала ў эканамічным і палітычным жыцьці роднага краю. Зьяўлялася адной з арганізатараў Таварыства ўзаемнага крэдыту палескіх земляўласьнікаў — фактычна польскага банка на Палесьсі, які разьмяшчаўся ў ейным пінскім палацы.
Дапамагала свайму стрыечнаму брату Раману Скірмунту ў стварэньні «Краёвай партыі Літвы і Беларусі», была адным з ідэолягаў гэтай партыі. У пачатку ХХ ст. прымала актыўны ўдзел у заснаваньні тайных польскіх школаў у Пінску[3].
У студзені 1907 году Канстанцыя Скірмунт выступіла з праграмнымі тэзісамі Краёвай партыі Літвы і Белай Русі, якая павінна была спрыяць паразуменьню трох мясцовых нацыянальнасьцяў — летувісаў, беларусаў і палякаў[4].
Выступала супраць далучэньня Вільні да Польшчы ў 1920 г.[3]
За сваю працу і намаганьні была ўзнагароджаная Ватыканам ордэнам Pro Ecclesia et Pontifice. Ганаровая доктарка ўнівэрсытэту Вітаўта Вялікага (Коўна)[5].
Памерла 23 студзеня 1934 году. Пахаваная на старых могілках у Пінску[6].
Грамадзкая і публіцыстычная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]К. Скірмунт зьяўляецца аўтаркай кнігаў «Гісторыя Літвы, выкладзеная ў нарысе» (1886), «З найстаражытных часоў літоўскага племені» (1892), «Паданьні: Даміндоўгавыя часы. З гісторыі старажытнай Прусіі» (1903), «Міндоўг — кароль Літвы» (1909) і інш. У кнізе «Гісторыя Літвы…» пісьменьніца крытычна ацэньвала палітыку Ягайлы і станоўча — дзейнасьць Вітаўта. Яна сьцьвярджала, што разьвіцьцю Вялікага Княства Літоўскага перашкаджала занадта значнае падпарадкаваньне Польшчы[7].
Як публіцыстка выступала ў часопісе «Край», газэтах «Przeglad wilensky» («Віленскі агляд»), «Виленский вестник» і інш. Выдала 2 зборнікі артыкулаў з пэрыядычных выданьняў, брашуру «Ягелонская ідэя і крэсавая палітыка» (1925)[6].
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]• «Dzieje Litwy. Opowiedziane w zarysie», Кракаў, 1886 г. («Гісторыя Літвы. Аповесьць у абрысе»),
• «Zarys dziejów litewskich», Варшава, 1901 г. («Абрыс літоўскай гісторыі»),
• «O prawdę i zgodę z powodu Głosu litwinów do magnatów, obywateli i szlachty na Litwie i odpowiedzi młodego szlachcica litewskiego», Львоў, выд. 2-е, 1906 г. («Аб праўдзе і згодзе з поваду Голаса літвінаў да магнатаў, землеўладальнікі і шляхта на Літве і адказы маладога літоўскага шляхціца»),
• «Idea jagiellońska a polityka kresowa», 1925.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. — Мінск, 2002, Т. 14, С. 154.
- ^ а б Род Скірмунтаў і Палессе ў эпоху сацыяльнай і нацыянальнай трансфармацыі грамадства гістарычнай Літвы. ХІХ-ХХ стст. = Rod Skirmuntow i Polesie w epoce przemian spolecznych i narodowych na ziemiach historycznej Litwy. XIX—XX ww.: [зборнік / А. Смалянчук і інш.], Мінск, 2019, с.50-63.
- ^ Сяргей Абламейка, Як Скірмунты ў 1907 годзе плянавалі адрадзіць ВКЛ з трыма сталіцамі, Радыё Свабода, 7 кастрычніка 2019, https://www.svaboda.org/a/30203332.html
- ^ Anelė Butkuvienė, Garsios Lietuvos moterys, Baltos lankos, 2007, pp. 191, 196—198.
- ^ а б Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мінск, 2001, Т. 6., кн. 1, с. 322.
- ^ Маладосць, 2015, № 11, с. 119—122.