Перайсьці да зьместу

Гэнрык Ібсэн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэнрык Ібсэн
Henrik Johan Ibsen
Гэнрык Ібсэн у 1900
Гэнрык Ібсэн у 1900
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Гэнрык Ёган Ібсэн
(Henrik Johan Ibsen)
Псэўданімы Brynjolf Bjarme
Нарадзіўся 20 сакавіка 1828
Шыен, Нарвэгія
Памёр 23 траўня 1906 (78 гадоў)
Хрысьціянія (Осьлё), Нарвэгія
Пахаваны
Бацькі Knud Ibsen[d][2]
Marichen Altenburg[d][2]
Сужэнец Suzannah Ibsen[d][2][3]
Дзеці Sigurd Ibsen[d][2] і Hans Jacob Henriksen[d][2]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, тэатральны рэжысэр і паэт
Гады творчасьці 1850—1890
Кірунак рэалізм / мадэрнізм
Жанр драма[4] і паэзія[4]
Мова нарвэская мова[5][6] і дацкая[5]
Дэбют «Катыліна», 1850
Значныя творы «Пэр Гюнт» (1867)
«Лялечны дом» (1879),
«Прывіды» (1881)
«Вораг народа» (1882)
«Дзікая качка» (1884)
«Геда Ґаблер» (1890)
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу
https://www.nb.no/forskning/ibsen/

Гэнрык Ібсэн (па-нарвэску: Henrik Johan Ibsen, 20 сакавіка 1828, Шыен — 23 траўня 1906, Хрысьціянія) — буйнейшы нарвэскі драматург XIX стагодзьдзя, тэатральны рэжысэр і паэт. Да яго часта зьвяртаюцца як да «айца» сучаснай драмы і аднаго з заснавальнікаў тэатральнага мадэрнізму[7]. У час, калі эўрапейскі тэатар павінен быў ствараць узор строгіх рамкаў сямейнага жыцьця і дабрабыту, яго п’есы лічыліся скандальнымі для большай часткі тагачаснай аўдыторыі. У творах Ібсэна дасьледваліся рэаліі, якія хаваліся за шматлікімі ўмоўнымі фасадамі тагачаснага грамадзства, выяўляючы шмат з таго, што выклікала трывогу ў многіх сучасьнікаў драматурга. Ібсэн часта ацэньваецца як адзін з па-сапраўднаму выбітных драматургаў у эўрапейскай драматычнай традыцыі.

Верш Ібсэна «Я ветразь свой у свет вялiкi…» пераклаў на беларускую мову Уладзімер Жылка[8]. Мікалай Пінігін паставіў у 1984 годзе спэктакль «Жанчына з мора» Гэнрыка Ібсэна.

Гернык нарадзіўся ў сям’і багатага камэрсанта, старэйшым зь пецярых дзяцей. Калі яму споўнілася восем гадоў, бацька разарыўся. У 1843 годзе Гэнрык пераехаў у Грымстад, дзе ўладкаваўся памочнікам аптэкара. У гэты пэрыяд жыцьця, зьявіліся першыя вершы Ібсэна. Калі яму споўнілася васемнацаць гадоў, Ібсэн стаў бацькам пазашлюбнага сына, маці якога была старэйшай за Ібсана служачай. З сынам Ібсэн не падтрымліваў ніякіх кантактаў.

У 1850 годзе Ібсэн пераехаў у Хрысьціянію (зараз Осьлё), дзе адбыўся яго першы сцэнічны дэбют у тэатры Хрысьціяніі, дзе была пастаўленая яго п’еса «Kjæmpehøien» (Труна Гунаў). Хутка драматург пераехаў у Бэрген, дзе ў 18511857 г.г. узначаліў, разам са скрыпачом Оле Булам, тэатар «Det Norske Theater». У гэтым тэатры ён працаваў як памочнік рэжысэра і драматург. На сцэне Det Norske Theater былі пастаўленыя шмат п’есаў Ібсэна. У 1857 годзе ён пазнаёміўся зь Сюзанай Торэсэн, зь якой празь некаторы час пабраўся шлюбам. Хутка ў іх нарадзіўся сын Сыгурд.

У 1857 годзе Ібсэн зноў перабраўся ў Хрысьціянію, дзе атрымаў пасаду кіраўніка тэатру Хрысьціяніі «Norske Theater» (які разарыўся ў 1862 годзе). Пэрыяд 18571864 гг. стаў самым цяжкім пэрыядам у жыцьці пісьменьніка. Ён быў незадаволены пазыцыяй Нарвэгіі, якая не дапамагла Даніі ў вайне з Прусіяй, а таксама фінансавыя цяжкасьці сям’і прывялі да таго, што Ібсэн вырашыў пакінуць краіну. Атрымаўшы фінансавую дапамогу ад нарвэскага парлямэнту, драматург, разам зь сям’ёй, пераехаў на поўдзень. Наступныя 27 гадоў ён жыў у Італіі і Нямеччыне.

Менавіта ў Італіі здарыўся літаратурны пералом у творчасьці Ібсэна. Там былі напісаныя п’есы «Brand» i «Peera Gynta». У 1868 годзе Ібсэн пераехаў у Манака, а празь некалькі год, у 1875 годзе, у Дрэздэн. Там таксама ўзьніклі лепшыя творы Ібсэна, такія як «Nora», «Дзікая качка» і «Hedda Gabler». У 1879 годзе Ібсэн вярнуўся ў Нарвэгію, ўжо як вядомы драматург. Яго п’есы пачалі ставіць у тэатрах усёй Эўропы, а праблемы, якія ўздымаў Ібсэн, выклікалі бурныя дэбаты ў нарвэскай супольнасьці. Апошнія гады жыцьця Ібсэн правёў у Хрысьціяніі, дзе стаў адным з найвядомейшых жыхароў.

Першыя творы Ібсэна зьявіліся ў 1850 годзе, калі ён напісаў вершы і драму са старажытнарымскай гісторыі «Катыліна», матывы якой адлюстроўваюць рэвалюцыйныя падзеі ў Эўропе таго часу. Драма выйшла пад псэўданімам і посьпеху не атрымала.

Бэргенскі пэрыяд жыцьця пісьменьніка супадае з захапленьнем палітычным нацыяналізмам і скандынаўскім фальклорам. У гэты час зьявіліся «сярэднявечныя» п’есы «Fru Inger til Østeraad» (1854 г.), «Gildet paa Solhoug» (18551856 г.г.), якія прынесьлі яму вядомасьць, «Olaf Liljekrans» (1856 г.), «Hærmændene paa Helgeland» (1857 г.) У 1862 годзе Ібсэн напісаў твор «Камэдыя каханьня», у якой адлюстравана сатырычная карціна мяшчанска-чыноўніцкага жыцьця Нарвэгіі. У драме «Барацьба за прастол» (1864 г.) пісьменьнік паказаў перамогу героя, які выконваў прагрэсіўную гістарычную місію. У 1860 — пачатку 1870-х г.г. Ібсэн чакае руйнаваньня старога сьвету й у драме пра Юліана Адрачэнца «Кесар і галілеянін» (1873 г.) ён сьцьвярджае будучую ўзаемасувязь духоўнага й цялеснага пачаткаў у чалавеку.

Адной з самых папулярных п’есаў Ібсэна стаў «Лялечны дом» (Et Dukkehjem, 1879 г.), якая выкрывае мяшчанскі сямейны лад жыцьця.

Першая драма, напісаная Ібсэнам пасьля «Лялечнага дому» — «Прывіды» (Gengangere, 1881 г.), выкарыстоўвае матывы «Бранда»: рэлігія і ідэалізм, але крытыкі выкрываюць значны ўплыў францускага натуралізму.

У позьніх творах пісьменьніка ўскладняецца падтэкст, узрастае тонкасьць псыхалягічнага малюнку. Тэма «моцнага чалавека» высоўваецца на першы плян. Ібсэн становіцца бязьлітасным да сваіх герояў. Прыкладам могуць быць п’есы — «Будаўнік Сольнэс» (Bygmester Solness, 1892 г.), «Юн Габрыэль Боркман» (John Gabriel Borkman, 1896 г.).

  1. ^ http://www.begravdeioslo.no/maler/grav/grave_id/12289
  2. ^ а б в г д Henrik Ibsens skrifter
  3. ^ Norsk biografisk leksikon (бук.)Kunnskapsforlaget. — ISSN 2464-1502
  4. ^ а б Det virtuelle Ibsensenteret, The Virtual Ibsen Centre
  5. ^ а б Henrik Ibsens skrifter
  6. ^ Ibsen, Henrik, 1828-1906 // CONOR.SI
  7. ^ On Ibsen’s role as "father of modern drama, " see Ibsen Celebration to Spotlight 'Father of Modern Drama'. Bowdoin College (2007-01-23). Праверана 2007-03-27 г.; on Ibsen’s relationship to modernism, see Moi (2006, 1-36)
  8. ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гэнрык Ібсэнсховішча мультымэдыйных матэрыялаў