Перайсьці да зьместу

Гепатыт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пажаўценьне вачэй пры гепатыце

Гепатыт (грэц. ἡπατ + ῖτις — «печань» + «запаленьне»; народная назва — жаўтуха) — запаленьне печані празь вірус. Найчасьцей заражаюцца людзі маладога працаздольнага веку. Зьяўляецца прычынай цыроза(be) і рака печані. Пасьля перанесенай хваробы разьвіваецца пажыцьцёвы імунітэт. Больш за 2 млрд жыхароў Зямлі (1/3 насельніцтва плянэты) ёсьць носьбітамі віруса. Штогод ад хваробы ў сьвеце паміраюць каля мільёну чалавек.

Хвароба прадухіляецца праз вакцынаваньне, ужываньне ачышчанай ежы і вады, мыцьцё рук пасьля прыбіральні і перад прыгатаваньнем і прыёмам ежы, купаньне толькі ў прызначаных вадаёмах.

Заражэньню спрыяе прыём, прыгатаваньне i падаваньне ежы бруднымі рукамі, бязладныя плоцевыя зносіны.

Першымі праявымі хваробы ёсьць стомленасьць, страта апэтыту, пажаўценьне скуры і склераў(en) вачэй.

Вылучаюць 5 відаў хваробы. Гепатыты А і Е перадаюцца фэкальна-аральным шляхам праз забруджаную ваду і ежу. Гепатыты В, C і D — празь пераліваньне(en) заражанай крыві, забруджаныя шпрыцы(be), выдзяленьні вірусаносьбіта і любошчы з заражаным чалавекам. Пераважная большасьць заражэньняў (2 млрд. чалавек у сьвеце, амаль 350 млн. хранічных) і сьмерцяў (амаль 600 тыс. чалавек штогод) прыпадае на гепатыт В(en). Заражаных гепатытам С — 130 мільёнаў, гепатытам А(en) — 1,4 мільёны. Вакцыны існуюць супраць гепатытаў А і В[1] (з 1982 году)[2].

У Беларусі штогод выяўляюць 7—10 тысячаў хворых, зь іх больш за 70% на гепатыт С праз адсутнасьць вакцыны[3]. Найчасьцей хварэюць жыхары вялікіх гарадоў ва ўзросьце ад 15 да 60 гадоў[4]. З 2000 году супраць гепатыту В штогод вакцынуецца каля 230 тыс. чалавек, у тым ліку каля 94 тыс. нованароджаных, 110 тыс. падлеткаў і 17 тыс. дарослых з групы рызыкі[5]. Жыхарам краіны робяцца тры прышчэпкі ў першыя 12 гадзінаў жыцьця, у 1 месяц і ў 5 месяцаў або трохразовая ў 13 гадоў раней не прышчэпленым[6]. За 2011 год прышчэпкай ад гепатыту В удалося ахапіць 97% нованароджаных[7].

  1. ^ Кожны трэці чалавек на планеце заражаны гепатытам // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 28 ліпеня 2011 г. Праверана 17 красавіка 2013 г.
  2. ^ Алена Ліхач, БелТА. Трэць насельніцтва плянэты інфіцыраваныя вірусам гепатыту В // Краіна здароўя. — 18 верасьня 2008. — № 42 (98). — С. 4.
  3. ^ Кожны трэці жыхар плянэты заражаны гепатытам // Радыё «Свабода», 28 ліпеня 2011 г. Праверана 17 красавіка 2013 г.
  4. ^ Асьцярожна: гепатыт // Радыё «Свабода», 20 траўня 2010 г. Праверана 17 красавіка 2013 г.
  5. ^ Успышак гепатыту А ў Беларусі не рэгіструюць ужо восем гадоў // БелТА, 19 ліпеня 2012 г. Праверана 17 красавіка 2013 г.
  6. ^ Імунізацыя насельніцтва Рэспублікі Беларусь // БелТА, 26 сакавіка 2012 г. Праверана 17 красавіка 2013 г.
  7. ^ Сьвятлана Барысенка. Прышчэпка ад гепатыту В — небясьпечная? // Зьвязда : газэта. — 24 студзеня 2012. — № 14 (27129). — С. 7. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гепатытсховішча мультымэдыйных матэрыялаў