Вікіпэдыя — ня скончаны праект, яна ўвесь час пашыраецца і паляпшаецца. Дапамагчы праекту можа кожны! Для гэтага ня трэба ніякай рэгістрацыі (хоць яна магчымая і пажаданая для тых, хто зьбіраецца стала пісаць у Вікіпэдыю). Ня трэба загружаць і ўсталёўваць ніякіх праграм. Кожны наведвальнік Вікіпэдыі можа выправіць памылку ў існуючым артыкуле ці дадаць новыя зьвесткі, і нават напісаць новы артыкул самастойна. Ня трэба баяцца звышнавуковага слова «энцыкляпэдыя», удзельнічаць могуць усе, і не абавязкова для гэтага мець акадэмічныя веды. Даведацца, што новага зроблена ў Вікіпэдыі, можна на старонцы апошнія зьмены.
Мяцеж Глінскіх — выступленьне групы князёў пад кіраўніцтвам Міхала Львовіча Глінскага ў 1508 годзе, якое стала вынікам змаганьня за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім паміж дзьвюма групоўкамі шляхты ў апошнія гады княжаньня Аляксандра Ягайлавіча. Беспасярэдняй прычынай пачатку мяцяжу стала адхіленьне ад пасад Міхала Глінскага новым вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Старым пад уплывам чутак, пашыраных асабістым ворагам Глінскага Янам Забярэзінскім. Па няўдачы мірнага разьвязаньня справы ў судзе Глінскі й яго прыхільнікі, якімі пераважна былі сябры клану Глінскіх, паднялі мяцеж. Празь некаторы час мяцежнікі перайшлі на службу да вялікага князя маскоўскага Васіля III, тым самым зьмяніўшы існасьць выступленьня, ператварыўшы яго ў частку маскоўска-літоўскай вайны 1507—1508 гадоў. Агульная няўдача дзеяньняў мяцежнікаў і маскоўскіх войскаў прывяла да таго, што згодна зь мірнай дамовай, Глінскія й іх прыхільнікі атрымалі права выехаць у Маскву з усёй рухомай маёмасьцю, але іх валоданьні былі канфіскаваныя.
(артыкул цалкам…)