PARTisan
pARTisan | |
Тэматыка | сучаснае мастацтва, культура |
---|---|
Пэрыядычнасьць | квартал |
Краіна | Беларусь |
Адрас | Менск |
Заснавальнік | Артур Клінаў |
Дата заснаваньня | 2002 |
Мова | беларуская (тарашкевіца), ангельская, часткова польская і нямецкая |
Аб’ём | 90 старонак |
Афіцыйны сайт | partisanmag.by |
pARTisan (прамаўляецца як Партызан) — часопіс, альманах сучаснае беларускае культуры. Першапачаткова праект «pARTisan» быў спробай публічнай прэзэнтацыі актуальнага мастацтва Беларусі за межамі краіны. Пазьней пераўтварыўся ў альманах сучаснае беларускае культуры. На сёньняшні дзень акрамя мастацкага вэктару, «pARTisan» мае і інтэлектуальны, які займаецца адбудоўваньнем істотных да зразуменьня наяўнай сытуацыі канцэптаў. Інтэлектуальная плынь «мысьленьня пра Беларусь» сустракаеца на старонках «pARTisan’у» разам з мастацкімі тэкстамі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Канцэпт часопісу адсылае да знакавай працы беларускага філёзафа Валянціна Акудовіча «Апалягеты адсутнасьці», у якой аўтар канстатуе: «Партызан – гэта той, хто ўвесь час хаваецца (хованкі – адзіная нацыянальная гульня беларусаў), партызан – гэта той, хто заўсёды кажа пра сябе: «Мяне няма», партызан – гэта той, хто выяўляецца толькі ў момант дывэрсіі (у нашым выпадку – інтэлектуальнай ці эстэтычнай), а потым зноў зьнікае ў адсутнасьць самога сябе»[1]. Але маніфэстам праекту стаў загалоўны артыкул Артура Клінава «Партызан і Антыпартызан», у якім дакладна была акрэсьленае новае разуменьне беларускай партызанкі (у адрозьненьне ад традыцыйнага): «Задачаю партызана не зьяўляецца зруйнаваньне сыстэмы. Зруйнаваньне сыстэмы – гэта ягоная далёкая мэта, але пры набліжэньні да яе партызан таксама губляе дэфініцыю партызана й сам структуруецца ў адзінку альтэрнатыўнае сыстэмы, калі ягоная чыннасьць становіцца рэгулярным рухам. Асноўная задача партызана – фізычна захаваць свой культурны код, па магчымасьці пашырыць тэрыторыю сваёй прысутнасьці, максымальна дэструктураваць сыстэму, наблізіць момант узаемнага скасаваньня»[2].
У 2012 годзе «pARTisan» сьвяткуе свой юбілей. Імпрэза адбываецца ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў».
У 2014 годзе «pARTisan» уваходзіць у міжнародную мэдыя сетку Eurozine.
У гэтым жа годзе ў нямецкім выдавецтве edition.fotoTAPETA выходзіць кніга «PARTISAN. Kultur_Macht_Belarus», з адмыслова напісаным эсэ Артура Клінава, а таксама шэрагам артыкулаў за розныя гады існаваньня часопісу.
Аўтары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заснавальнік, аўтар і кіраўнік праекту, галоўны рэдактар часопіса — актуальны мастак і літаратар Артур Клінаў. Рэакцыйная рада (2002—2015): Валянцін Акудовіч, Алесь Анціпенка, Ігар Бабкоў, Лявон Вольскі, Сяргей Дубавец, Максім Жбанкоў, Сяргей Харэўскі, Вольга Шпарага. Вёрстка й дызайн у розныя гады — Артур Клінаў, Ігар Корзун, Сяргей Ждановіч, Мак Разанаў, Антаніна Слабодчыкава разам з Настай Стальмахавай. У 2011 годзе да праекту далучаецца Таня Арцімовіч, спачатку як аўтарка тэкстаў, а з 15 нумара яна становіцца (су)рэдактаркай часопісу. У 2020-м годзе выходзіць першы нумар «pARTisanka». Другі нумар выйшаў у 2021 годзе. Шэраг адмысловых нумароў часопісу былі падрыхтаваныя куратаркай і перакладчыцай Ірынай Герасімовіч.
У розныя гады для «pARTisan» пісалі: Валянцін Акудовіч, Юрась Барысевіч, Вольга Капёнкіна, Ірына Бігдай, Ігар Бабкоў, Сяргей Дубавец, Лявон Тарасевіч, Адам Глёбус, Сяргей Харэўскі, Максім Жбанкоў, Натальля Татур, Бэнджамін Коўп, Вольга Каваленка, Алесь Анціпенка, Андрэй Расінскі, Андрэй Хадановіч, Марыя Мартысевіч, Аляксандар Сушкоў, Севярын Квяткоўскі, Андрэй Кудзіненка, Вольга Шпарага, Тацяна Заміроўская, Павал Сьвярдлоў, Вольга Архіпава, Алеся Серада, Тодар Кашкурэвіч, Андрэй Дурэйка, Максім Тымінько, Вера Бурлак, Кастусь Чарнец, Міхал Анемпадыстаў, Вольга Гапеева, Сьвятлана Смульская, Аксана Жгіроўская, Вольга Дзьмітрыева, Тацяна Федарэнка, Алесь Туровіч, Сяргей Шабохін, Маргарыта Аляшкевіч, Фараон Жыжаль, Таня Арцімовіч, Ільма Ракуза, Бэат Глоар, Нора Гомрынгер, Антон Кулон, Вадзім Дабравольскі, Ірына Герасімовіч, Адам Мазур, Вольга Чайкоўская, Вольга Бубіч, Вольга Сасноўская, Аляксей Барысёнак, Дар’я Трайдэн, Вера Дзядок і інш.
Нумары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На люты 2021 году выйшла 35 нумароў часопіса «pARTisan» (разам з «pARTisanka»)[3].
Праекты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 2009 году ў межах «pARTisan» Артур Клінаў распачынае праект «Калекцыя пАРТызана», сэрыю альбомаў беларускіх мастакоў, the best беларускага візуальнага арту. Усяго плянуецца сабраць 32 альбомы (колькасьць літараў у беларускім альфабэце), якія разам складуць унікальную энцыкляпэдычную візуальную азбуку, галерэю найноўшага беларускага мастацтва[4].
На люты 2021 году выйшла 15 альбомаў: Уладзімер Цэсьлер, Руслан Вашкевіч, А.Р.Ч. (Міхаіл Сянькоў), «Беларускі авангард 1980-х», Аляксей Жданаў, Людміла Русава, Міхаіл Гулін і Антаніна Слабодчыкава, «Беларуская фатаграфія 1990-х», Сяргей Ждановіч, Ігар Цішын, Ігар Саўчанка, Сяргей Кірушчанка, «Мінск. Нонканфармізм 1980-х», Вольга Сазыкіна, Віталь Чарнабрысаў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Валянцін Акудовіч. Апалягеты адсутнасьці. // pARTisan #2'2004.
- ^ Артур Клінаў. Партызан і Антыпартызан. // pARTisan #1'2002.
- ^ Архіў pARTisan Праверана 2 студзеня 2014 г.
- ^ Калекцыя Партызана. pARTisan Праверана 14 лютага 2016 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «pARTisan» у Гродна(недаступная спасылка) // Радыё Рацыя
- Афіцыйны вэб-сайт