Бясплоднасьць
Бясплоднасьць | |
Сынонімы | бясплодзьдзе |
---|---|
Спэцыяльнасьць | уралёгія, гінэкалёгія |
Ускладненьні | хутчэйшае старэньне і схільнасьць да раку |
Прычыны | узьдзеяньне супрацьзачаткавага сродку, нястача вітамінаў і спарон |
Фактары рызыкі | запаленьне кнуравывадных шляхоў і маціцы, ганарэя і сухоты |
Мэтад дыягностыкі | адсутнасьць цяжарнасьці цягам году пры рэгулярным плоцевым жыцьці без засьцярогі |
Лячэньне | штучнае асемяненьне |
Лекі | гармоны: ганадалібэрын, ганадатрапін |
Частасьць | 113 млн (2015 год) |
Бясплоднасьць у Вікісховішчы |
Бяспло́днасьць — няздольнасьць дарослага арганізма даваць даваць жыцьцяздольнае патомства.
Пры адсутнасьці цяжарнасьці цягам году пры рэгулярным плоцевым жыцьці без засьцярогі шлюб лічаць бясплодным. Пры відавочнай паталёгіі жонкі або мужа дыягназ правамоцны раней. Бясплодныя шлюбы ёсьць мэдыка-дэмаграфічнай праблемай. На 1995 год яны складалі 15% ад агульнага ліку шлюбаў і вагаліся ад 10 да 30% у залежнасьці ад краіны. Пашырэньне хваробы абумоўліваецца забруджаньнем навакольнага асяродзьдзя, узьдзеяньнем супрацьзачаткавага сродку, перасяленьнем насельніцтва, нездаровым ладам жыцьця і спаронам. Яна выклікае хутчэйшае старэньне арганізма, павышаную схільнасьць да раку і скарачае працягласьць жыцьця. Лячэньне бясплодзьдзя праводзяць тэрапэўтычна і хірургічна, а таксама праз штучнае асемяненьне[1].
Віды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Першасная (70%, з пачатку плоцевага жыцьця праз эндакрынную паталёгію) і другасная (праз запаленчую хваробу).
- Абсалютная і адносная.
- Набытая і прыроджаная.
- Пастаянная і часовая.
- Паталягічная і фізыялягічная.
- Арганічная і функцыянальная.
- Гвалтоўна вымушаная і добраахвотна ўсьвядомленая[1].
Чыньнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Агульныя прычынамі бясплодзьдзя служаць: парушэньне кнуратварэньня і аагенэзу, а таксама хады зачацьця — апладненьня і перамяшчэньня аплодненай заплодкавай вузы да імплянтацыі. Да 30% выпадкаў хваробы ў мужчынаў зьвязаныя з хваратворнымі зьмяненьнямі кнуры, а таксама хібамі разьвіцьця і хваробамі кнуравывадных шляхоў, якія парушаюць жыцьцяздольнасьць і рухомасьць народкаў ды будову кнурной плязмы. Іншымі чыньнікамі служаць ганарэя і сухоты. Прычынамі да 70% усіх выпадкаў бясплоднасьці ў жанчынаў служаць парушэньні маціцы, яе трубак і шыйкі, а таксама эндакрыннай сыстэмы і атрыманыя пры родах. Гэтыя парушэньні ўзьнікаюць празь хібы разьвіцьця плоцевых органаў, парушэньне дзейнасьці яечнікаў і іншых залозаў унутранай сакрэцыі, нястачу вітамінаў у арганізьме, хранічныя запаленчыя хваробы і пухліны, а таксама праз спайкавы працэс[1].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За 2001—2013 гады лік бясплодных жанчынаў у Беларусі павялічыўся ўдвая, у выніку чаго іх доля сярод жанчынаў Беларусі дасягнула 14,5%[2]. На 2014 год у Беларусі налічвалася на 100 000 насельніцтва 148 выпадкаў жаночай бясплоднасьці і 24 выпадкі мужчынскай[3].
У жывёлаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бясплодзьдзе ў жывёлаў бывае набытым і прыроджаным. Бясплоднай лічаць маладую самку, што не апладнілася празь месяц пасьля дасягненьня фізыялягічнай сьпеласьці, і самку, што празь месяц пасьля родаў была асемянёная, але не апладнілася. У цялушак — пасьля 18 месяцаў, у кабылаў — 3 гады, у ярак — 12 месяцаў, у сьвінак — 9 месяцаў. Асноўнымі прычынамі парушэньня плоднасьці жывёлаў служаць: 1) недастатковае і залішняе харчаваньне, 2) нястачу вітамінаў А, Е, Д і Б, а таксама такіх мінэральных рэчываў, як кальц і фосфар, ды такіх мікраэлемэнтаў, як ёд, кобальт, медзь, марганец і цынк; 3) перакормліваньне канцэнтраванымі кармамі, 4) недастатковае кармленьне цяжарнай жывёлы і маладняка. Таксама прычынай хваробы могуць быць плоцевыя хваробы, хваратворныя роды, затрымка пасьледу, субінвалюцыя маціцы, а таксама захворваньні трыхаманоз, кампілабактэрыёз і бруцэлёз[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Іван Дуда. Бясплоднасьць // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — С. 418. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
- ^ Вікторыя Целяшук. Як стварыць моду на сям’ю // Сямейная газэта. — 23 студзеня 2014. — № 1 (5). — С. 2, 3.
- ^ Сьвятлана Барысенка. 820 дзяцей пасьля ЭКА нарадзіліся ў краіне летась / адказн. Вікторыя Целяшук // Сямейная газэта. — 22 траўня 2014. — № 7 (11). — С. 6.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |