Перайсьці да зьместу

Багародзіца (гімн)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гімны Беларусі
Багародзіца (XIV—XVIII стагодзьдзі)
Пагоня Гімн БНР (1919)
Гімн БССР (1955—1991)
Пагоня Гімн Беларусі (1991—2002)
Мы, беларусы (з 2002 году)
Іншыя гімны:
Магутны Божа (духоўны гімн, 1943)
Беларуская Марсэльеза (рэвалюцыйная песьня, 1906)
«Багародзіца», рукапіс з 1407 г.

«Багаро́дзіца» — гімн Вялікага Княства Літоўскага ў XIV—XVIII стагодзьдзях і найстарэйшы беларускі рэлігійны гімн. З XV ст. зваўся таксама «Песьняй Айчыны» і лічыўся ўжо старадаўнім. Сьпяваўся пры каранацыях, прыдворных цырымоніях і іншых урачыстасьцях, войскам перад бітвамі, пры асьвячэньні мошчаў сьвятых, на пахаваньнях дзяржаўных асобаў[1].

«Багародзіца» ў Першым Статуце ВКЛ, 1529 г.

«Багародзіцу» адносяць да гімнаў, а не да малітваў, на падставе наяўнасьці вершаванага тэксту. Найстарэйшы запіс тэксту з мэлёдыяй зроблены ў 1407 годзе. У Вялікім Княстве Літоўскім тэксты «Багародзіцы» зьмяшчаліся ў многіх пашыраных рукапісах і друкаваных выданьнях, ад так званага «Статуту Яна Ласкага» (1506) да «Volumina legum» (1732). У XVI ст. зьявіўся пераклад на лацінскую мову. Існуе шаснаццаць нотных запісаў «Багародзіцы», зробленых у XV—XVIII стагодзьдзях.

На вялікай дзяржаўнай харугве Вялікага Княства Літоўскага з аднаго боку была выява Пагоні, а з другога — выява Багародзіцы[2][3]. Улічваючы, што з другой паловы XIII ст. выява Багародзіцы была гербам Полацкага княства, можна меркаваць запазычаньне Вялікім Княствам Літоўскім гэтага герба, а магчыма, і гімна «Багародзіца», ад Полацку.

На падставе моўных дасьледаваньняў прыкладна вызначаюць тэрмін узьнікненьня гімну — сярэдзіна XIV ст., аднак ужытыя ў тэксьце архаізмы кажуць пра значна ранейшае датаваньне гэтага твору (нават да XIII ст.). «Багародзіца» лічыцца арыгінальным творам, дасьледнікі не адшукалі адпаведнікаў у грэцкай, лацінскай, чэскай і нямецкай літаратуры.

Упершыню ў крыніцах «Багародзіца» ўпамінаецца Янам Длугашам, у сваёй «Хроніцы» ён распавядае, што ў пачатку бітвы пад Грунвальдам літоўска-польскае войска засьпявала «Багародзіцу» і зь дзідамі рушыла на ворага[4].

У канцы XIV ст. «Багародзіца» разам зь Ягайлам і яго атачэньнем трапіла ў Каралеўства Польскае. У XV ст. гімн ўжо атрымаў шырокую вядомасьць ў Польшчы, пазьней стаў вайсковым і рэлігійным гімнам Рэчы Паспалітай. Некаторыя дасьледнікі лічаць, што «Багародзіца» была ўласным каранацыйным гімнам Ягелонаў. Пазьней тэкст «Багародзіцы» дапоўнілі дадатковымі радкамі.

Мэлёдыя Багародзіцы набліжаецца да мэлёдый грыгарыянскага харалу; запісаны нотамі-нэўмамі на пяцілініі, у ключы ФА, у малай актаве, такім чынам, прызначаецца да выкананьня мужчынскім хорам ва ўнісон або голасам. Танальна мэлёдыя належыць да 1. грыгарыянскага тону. Тэкст з манускрыпту з 1407 году ёсьць першым (найранейшым) вядомым сёньня вершаваным запісам польскай мовы. У 1529 годзе тэкст «Багародзіцы» на беларускай мове зьмясьцілі ў першай рэдакцыі Статуту Вялікага Княства Літоўскага[5].

Арыгінальны тэкст (1407)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Bogurodzica, dziewica
Bogiem sławiena Maryja
Twego syna, Gospodzina,
Matko zwolena Maryja
Zyszczy nam Spuści nam. Kyrieleison.
Twego dzela krzciciela, Bożycze
Usłysz głosy, napełń myśli człowiecze.
Słysz modlitwę, jąż nosimy
A dać raczy, jegoż prosimy,
A na świecie zbożny pobyt
Po żywocie rajski przebyt.
Kyrieleison.
  1. ^ Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст. — Менск, 2011.
  2. ^ Вячорка В. Чаму дзяржаўным гімнам БНР стаў ваяцкі марш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»?, Радыё Свабода, 23 сакавіка 2019 г.
  3. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 96.
  4. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 101.
  5. ^ Несцерава Г. Ці спявалі мы Багародзіцу? // Лідскі Летапісец. № 3—4 (27—28), 2004.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]