Абраз Маці Божай Кангрэгацкай
| |
Абраз Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай), Пачатак XVII ст. | |
Гародня Касьцёле Сьвятога Ксавэрыя |
Абраз Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай) — каталіцкая цудатворны абраз. Знаходзіцца ў Катэдральным касьцёле Сьвятога Францішка Ксавэрыя ў Гародні.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Абраз быў прывезены з Рыму і падараваны канцлеру вялікаму літоўскаму Альбрэхту Станіславу Радзівілу (1595—1656) правінцыялам дамініканцаў. Пасьля сьмерці канцлеру абраз дастаўся ксяндзу-дамініканцу Куклінскаму, пасьля патрапіў да шляхціца Жаляроўскага ў вёску Кульбакі (недалёка ад Ліды), а той у 1664 годзе, ужо будучы цяжка хворым, падараваў яго кангрэгацыі студэнтаў пры калегіюме езуітаў у Гародні. Гэта было зроблена, таму што ў іх касьцёле праводзілася самае прыгожае набажэнства і ў памяць пра цудоўнае выратаваньне з-пад маскоўскага палону ў Гарадзенскім замку, дзе ён сядзеў з двума дзесяткамі іншых шляхціцаў у чаканьні пакараньня сьмерцю. Асуджаныя зьвярнуліся да Маці Божай, увасобленай у абразе, што знаходзіўся ў маёнтку Жаляроўскага і 2 жніўня 1661 году ім неверагодным чынам удалося зьбегчы. Акт перадачы, складзены 26 сакавіка 1664 году, быў засьведчаны бурмістрам Янушам, гродзкім пісарам Аляксандрам Дрогашам і прафэсарам рыторыкі Пятром Шванам[1][2].
Урачысты перанос абразу з маёнтку Жаляроўскага Кульбакі ў драўляны езуіцкі касьцёл апосталаў Пятра і Паўла адбыўся 3 жніўня 1664 году. У працэсіі ўдзельнічалі 5000 чалавек: ішлі цэхі з харугвамі, айцы бэрнардзінцы, студэнты. Для сустрэчы абраза была збудавана трыюмфальная арка, пры ўваходзе ў касьцёл далі салют з усіх гармат. Але перад тым па просьбе кангрэгацыі камісія ад віленскага біскупу ў складзе канцлеру дыецэзія кс. Казіміра Вайшняровіча і пробашча касьцёлу Сьвятой Брыгіты кс. Станіслава Катоўскага пацьвердзіла 108 цудаў абразу, засьведчаных пад прысягай. 20 ліпеня яна склала адпаведны пратакол, пасьля чаго біскуп Юры Белазор прызнаў абраз цудатворным. Пратакол з апісаньнем цудаў быў надрукаваны ў 1686 годзе у Віленскай езуіцкай друкарні ў «Summariusz cudów i łask N. M. Panny Studenckiej», для якой гравюру з гербам Агінскіх (відаць, фундатараў выданьня) выканаў Лявонці Тарасевіч[1].
у 1696 годзе з абразу была скрадзена срэбраная шата. У тую ж ноч гетману вялікаму літоўскаму і віленскаму ваяводу Казімеру Яну Сапегу ў сьне зьявілася Дзева Марыя. Уражаны супадзеньнем, ваявода падараваў на абраз шату з чыстага золата (не захавалася). Пазьней у 1719 годзе з абразу кралі воты[1].
Каля 1731 году на прывеліяванай лаве (сталі) невядомы мастак намаляваў 16 сюжэтаў з гісторыі цудатворнага абразу, некаторыя зь якіх вядомы з «Сумарыуша» 1686 г., іншыя, відаць, узяты з рукапіснай кнігі цудаў, якая не дайшла да цяперашняга часу[1].
У 1812 годзе полацкія езуіты надрукавалі песьню пра гарадзенскую сьвятыню[2].
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Абраз, намаляваны на медным лісьце памерамі 22х17 см, іконаграфічна зьяўляецца паўторам вядомага абразу Маці Божай Сьнежнай з рымскай базылікі Санта-Марыя-Маджорэ, перапрацаваным у раньнебарочным стылі пры захаваньні характэрных прыкметаў пратографу[1]. Жывапіс твараў страціў рысы іканапісу і выкананы ў рэалістычнай манеры XVII ст.[2] Яго высокія мастацкія якасьці жывапісу (дакладны малюнак, багаты калярыт, умелае карыстаньне сьвятлаценем) можна лічыць пацьверджаньнем гістарычнай легенды пра італьянскае паходжаньне[1].
Жывапіс амаль цалкам закрывае пазалочаная шата, сярэбраная рама выканана ў 1761 г. гданьскім злотнікам Хрысьціянам ван Гаўсэнам. Гісторыя некаторых цудаў абразу намалявана ў касьцёле на філёнках фундатарскай лавы[2].