Ігар Лосік
Ігар Лосік | |
Род дзейнасьці | блогер |
---|---|
Дата нараджэньня | 20 траўня 1992 (32 гады) |
Месца нараджэньня | Баранавічы, Берасьцейская вобласьць, Беларусь |
Грамадзянства | Беларусь |
Адукацыя | вышэйшая |
Месца вучобы | БарДУ |
Прафэсія | блогер |
Гады дзейнасьці | з 2000 |
Вядомы як | з 2012 |
Жонка | Дар’я Лосік |
Дзеці | дачка |
Узнагароды |
І́гар Ло́сік (20 траўня 1992, Баранавічы) — беларускі блогер, адміністратар папулярных каналаў у твітэры і тэлеграм «Беларусь головного мозга», палітычны вязень.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Баранавічах, яго бацькі працуюць у «Белтэлекаме». Адвучыўся на настаўніка замежных моваў у Баранавіцкім дзяржаўным унівэрсытэце, але па спэцыяльнасьці не рабіў — яму выдалі свабодны дыплём, бо не змаглі разьмеркаваць па месцы жыхарства.
Папулярнасьць яго старонка ў твітэры набыла ў 2014 годзе, пасьля зьяўленьня расейскіх войскаў у Крыму і пачатку канфлікту на Данбасе.
25 чэрвеня 2020 году ў доме ў Баранавічах, дзе жыве Ігар Лосік зь сям’ёй, прайшоў вобшук, пасьля якога яго затрымалі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Адразу яго завезьлі ў Менскі ІЧУ, а потым у СІЗА №1 на вул. Валадарскага. Праваабарончай супольнасьцю Ігар Лосік прызнаны палітвязьнем[1]. 9 ліпеня 2020 году шэфства над палітвязьнем узяў Мануэль Сарацын, дэпутат Бундестагу[2][3]. 15 сьнежня яму прад’явілі новае абвінавачваньне па п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках». У знак пратэсту Ігар Лосік абвясьціў бестэрміновую галадоўку. Жонка Ігара, Дар’я Лосік у знак салідарнасьці з мужам таксама абвясьціла галадоўку, але празь некалькі дзён спыніла яе. Ігар Лосік працягваў галадаваньне яшчэ некалькі дзён.
14 сьнежня 2021 году Гомельскі абласны суд на выязным паседжаньні ў сьледчым ізалятары вырак Ігар Лосіка да 15 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле 2-х артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі за: 1) распальваньне сацыяльнай варожасьці (3-я частка 130-га артыкула), 2) ладжаньне масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293). Разам зь ім выраклі яшчэ 5 чалавек. Паводле 4-х артыкулаў Крымінальнага кодэксу блогера Сяргея Ціханоўскага — да 18 гадоў зняволеньня, праграміста Зьмітра Папова за мадэрацыю сацсетак і апэратара Арцёма Сакава — да 16 гадоў узмоцненага рэжыму. Блогера Ўладзімера Цыгановіча — да 15 гадоў узмоцненага рэжыму паводле аднолькавых 2-х артыкулаў КК Беларусі, а старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Міколу Статкевіча — да 14 гадоў асаблівага рэжыму за ладжаньне масавых беспарадкаў[4]. Таксама з 6 абвінавачаных пастанавілі спагнаць 3,5 млн рублёў (1,4 млн даляраў)[5]. Вырак вынес судзьдзя Мікалай Доля[6].
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бацькі Ігара Лосіка працуюць у «Белтэлекаме».
Блогер жанаты, з жонкай Дар’яй пазнаёміўся ў 2009 годзе — па ліставаньні ў «У Кантакце». Ажаніліся яшчэ студэнтамі, у іх расьце дачка.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ігар Лосік, Вясна
- ^ #WeStandBYyou (анг.). Libereco – Partnership for Human Rights (2020-07-09). Праверана 2021-09-09 г. Архіўная копія ад 2021-07-21 г.
- ^ Hungerstreik beendet: Solidarität mit politischen Gefangenen in Belarus! (ням.). Фонд Гайнрыха Бёля(uk) (2021-01-27). Праверана 2021-09-09 г. Архіўная копія ад 2021-01-29 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Вырак па крымінальнай справе групы Ціханоўскага-Статкевіча вынесены ў Гомелі // Белтэлерадыёкампанія, 14 сьнежня 2021 г. Праверана 15 сьнежня 2021 г.
- ^ Блогер Сяргей Ціханоўскі прысуджаны да 18 год калёніі ўзмоцненага рэжыму // Газэта «Зьвязда», 14 сьнежня 2021 г. Праверана 15 сьнежня 2021 г.
- ^ Да 18 гадоў зьняволеньня // Беларуская служба Радыё «Свабода», 14 сьнежня 2021 г. Праверана 15 сьнежня 2021 г.