Перайсьці да зьместу

Ібн Батута

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ібн Батута
أبو عبد الله محمد بن عبد الله اللواتي الطنجي بن بطوطة
Род дзейнасьці геаграфія, вандраваньне
Дата нараджэньня 24 лютага 1304[1][2]
Месца нараджэньня Танжэр, Марока
Дата сьмерці каля 1368
Месца сьмерці Фэс, Марока
Месца пахаваньня
Занятак падарожнік-дасьледнік, географ, пісьменьнік, картограф, кадзі, гандляр, падарожнік, факіх
Навуковая сфэра геаграфія, юрысдыкцыя[d], дасьледаваньне[d] і фікх[d]

Ібн Бату́та (па-арабску: أبو عبد الله محمد ابن بطوطة‎, поўнае імя — Ібн Батута Абу Абдала Мухамэд ібн Абдала аль-Ляваці ат-Танджы; 24 лютага 1304, Танжэр, Марока1369, Фэс, Марока) — вядомы арабскі падарожнік і дасьледчык бэрбэрскага паходжаньня, гандляр[3][4]. У 1325 годзе Ібн Батута пакінуў свой родны горад і выправіўся ў паломніцтва. За 30 год ён наведаў усе краіны ісламскага сьвету й прылеглыя землі, пераадолеўшы за гэты час 120 тысяч кілямэтраў. Да рэгіёнаў, па якіх падарожнічаў гандляр, адносяцца Паўночная Афрыка, Самалійскі паўвостраў, Заходняя Афрыка (Эгіпет), Блізкі Ўсход (Сырыя), Цэнтральная Азія (Бухара, Самарканд, Балх)[5], Паўднёва-Ўсходняя Азія, Паўднёвая Азія й Кітай. Падчас знаходжаньня на Мальдывах ажаніўся з дачкой мясцовага султана. У 1331 годзе наведаў Ізьнік (Турэччына)[6]. Пасьля быў у Малійскай імпэрыі[7]. Некалькі гадоў пражыў у Індыі пры двары дэлійскага султана Магамада Туглака, дзе ён займаў пасаду судзьдзі. Вярнуўся ў Фэс у 1349 годзе. Неўзабаве накіраваўся ў Гішпанію ды Судан.

Гісторыі Ібн Батуты пра свае падарожжы, якія ён некалькі месяцаў дыктаваў сакратару мясцовага султана, гранадзкаму шэйху Мухамаду Ібн Джазаю, ляглі ў аснову кнігі «Падарунак гледачам пра дзівосныя гарады й цуды падарожжаў». Па сьмерці аўтара кніга была забытая, пакуль сырыйскі паэт ХVII стагодзьдзя Абу Муфлік не здабыў зь яе апісаньне сьвятых месцаў, мусульманскіх дзеячаў і іхных цудаў. Кніга з гэтымі вытрымкамі трапіла ў Эўропу ў пачатку XIX стагодзьдзя, і толькі тады на Ібн Батуту зьвярнуў увагу навуковы сьвет. Партугальскі манах Жузэ Моўра выдаў першы том кнігі Ібн Батуты ў 1840 годзе. Брытанскі ўсходазнаўца Гамільтан Гіб пераклаў кнігу практычна цалкам на ангельскую мову, правёўшы 40 гадоў свайго жыцьця за ейным перакладам[8].

  1. ^ Hrbek I. Ibn Battuta // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ Исаев Ю. Н. Чувашская энциклопедия (рас.)Чувашское книжное издательство, 2006. — 2567 с. — ISBN 978-5-7670-1471-2
  3. ^ Dunn 2005. С. 20.
  4. ^ Nehru, Jawaharlal (1989). «Glimpses of World History». Oxford University Press. — С. 752. — ISBN 0-19-561323-6.
  5. ^ Hrbek, Ivan (13 кастрычніка 2023) Ibn Battuta. Encyclopedia Britannica. Праверана 24 лістапада 2023 г.
  6. ^ Dunn 2005. С. 158.
  7. ^ Imperato, Pascal James; Imperato, Gavin H. Historical Dictionary of Mali. — Scarecrow Press, 2008. — P. 202. — ISBN 9780810864023
  8. ^ «The travels of Ibn Baṭṭūṭa, A.D. 1325—1354». WorldCat.
  • Dunn, Ross E. The Adventures of Ibn Battuta. — University of California Press, 2005. — ISBN 978-0-520-24385-9

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]