Малійская імпэрыя
Малійская імпэрыя | ||||
| ||||
Тэрыторыя Малійскай імпэрыі каля 1350 году | ||||
Сталіца | Ніяні, пасьля Кангаба | |||
Форма кіраваньня | манархія | |||
Гісторыя • стварэньне дзяржавы • Сталіца перанесена зь Ніяні ў Кангаба • Дзяржава падзелена сярод сыноў імпэратара Магмуда Кейта IV • Ніяні разбурана і спалена войскамі імпэрыі Бамбара |
каля 1235 1559 каля 1610 1670 | |||
Цяпер зьяўляецца часткай | Гамбія, Гвінэя, |
Малійская імпэрыя — былая дзяржава ў Заходняй Афрыцы, якая існавала прыблізна з 1230 году па 1670 год. Імпэрыя была заснавана Сундыятам Кейта і стала вядомай дзякуючы багацьцю сваіх кіраўнікоў, асабліва Мусы Кейта. Размаўлялі ў краіне на мовах мандэн. Гэта была самая вялікая імпэрыя ў Заходняй Афрыцы, якая зрабіла глыбокі ўплыў на культуру ўсёй Заходняй Афрыкі шляхам распаўсюджваньня мовы, законаў і звычаяў[1]. Большая частка інфармацыі пра Малійскую імпэрыю захавалася дзякуючы паўночнаафрыканскаму арабскаму гісторыку XIV стагодзьдзя Ібн Хальдуну і мараканскаму падарожніку Ібн Батуце, а таксама мараканскага падарожніка XVI стагодзьдзя Лео Афрыкана. Іншай важнай крыніцай інфармацыі пра імпэрыю зьяўляецца вусная традыцыя Мандынка[2].
Імпэрыі пачалася як невялікая каралеўства ў вярхоўях ракі Нігер, засяроджанага вакол гораду Ніяні. На працягу XI і XII стагодзьдзяў яно пачало пашырацца на поўнач пасьля заняпаду Ганскай імпэрыі. У гэты пэрыяд гандлёвыя шляхі перамясьціліся на поўдзень у саванну, стымулюючы рост мясцовых дзяржаваў. Раньняя гісторыя імпэрыі да XIII стагодзьдзя застаецца незразумелай, бо інфармацыя гэтага пэрыяду зьяўляецца даволі супярэчлівай і недакладнай паводле арабскіх храністаў і мясцовых традыцыяналістаў. Вядома, што Сундыята Кейта зьяўляецца першым кіраўніком, пра якога ёсьць дакладная пісьмовая інфармацыя ад Ібн Хальдуна. Сундыята быў воінам-прынцам з дынастыі Кейта, які быў прызваны вызваліць людзей Малі ад улады караля імпэрыі Соса, Сумааро Кантэ. Заваёва імпэрыі Соса ў 1235 годзе дала доступ Малійскай імпэрыі да гандлёвых шляхоў праз Сахару. Пасьля сьмерці Сундыяты Кейта ў 1255 годзе імпэратары Малі атрымалі тытул «манса»[2].
Пляменьнік Сундыяты Манса Муса зьдзейсьніў паломніцкі хадж у Мэку падчас панаваньня султана Бэйбарса I. Пасьля сэрыі ўзурпацыяў малійскага стальцу, каля 1285 годзе імпэратарам стаў былы каралеўскі раб Сакура Манса, які стаў адным з самых моцных імпэратараў Малі, які значна пашырыў тэрыторыю імпэрыі. Ён зьдзейсьніў паломніцтва ў Мэку падчас панаваньня султана Ан-Насір I Мугамада. Па вяртаньні з Мэкі Сакура памёр і сталец вярнуўся да нашчадкаў Сундыяты Кейта. Пасьля валадараньня больш за трох імпэратараў, новым кіраўніком дзяржавы стаў Муса Кейта ў 1312 годзе. Муса зрабіў вядомы хадж да Мэку з 1324 да 1326 гады. Ягоныя шчодрыя падарункі мамлюкам Эгіпту і ягонае марнатраўства золтам падчас падарожжа прывяло да пашырэньня вядомасьці дзяржавы за межамі рэгіёну. У 1337 годзе, яму успадкаваў яго сын Маган I, які ў 1341 годзе быў скінуты сваім дзядзькам Сулейманам. Менавіта за часам панаваньня Сулеймана краіну наведаў Ібн Батута[3].
Пасьля гэтага ў імпэрыі пачаўся пэрыяду слабых імпэратараў, канфліктаў і разьяднанасьці. Ібн Хальдун памёр у 1406 годзе, і пасьля ягонай сьмерці даволі бракуе інфармацыі пра падзеі ў Малі. Паводле Тарыха аль-Судана вядома, што Малійская імпэрыя заставалася вялікай дзяржавай яшчэ ў XV стагодзьдзі. Вэнэцыянскі падарожнік Алаіз Кадамоста і партугальскія гандляры ў сваіх нататках пацьвердзілі, што народы Гамбіі па-ранейшаму падлягаюць імпэратару Малі[4]. Пасьля візыту Лео Афрыкана ў пачатку XVI стагоддзя, ягонае апісаньне тэрытарыяльных абласьцей Малі паказала, што да гэтага часу каралеўства дасягнула значных памераў. Аднак з 1507 году суседнія дзяржавы, як то Дыяра, Вялікае Фулё і імпэрыя Сангай пачалі размываць мяжу ускрайніх тэрыторыяў Малі. У 1542 годзе войскі імпэрыі Сангай уварваліся ў сталіцу Ніяні, але іхныя спробы заваяваць суседнюю імпэрыю ня мелі посьпеху. На працягу XVII стагодзьдзя Малійская імпэрыя сутыкнулася са сталамі набегамі з боку імпэрыі Бамбара. Пасьля няўдалых спробаў манса Мама Магана падпарадкаваць імпэрыю Бамбара, у 1670 годзе войскі Бамбары зьнішчылі і спалілі былую сталіцу Ніяні. Малійская імпэрыя хутка распалася і перастала існаваць, а тэрыторыя падзялілася на незалежныя княствы. Кіраўнікі Кейта адступілі ў горад Кангаба, дзе сталі правінцыйнымі правадырамі[5].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ «In Our Time. The Empire of Mali». BBC.
- ^ а б Imperato 2008. С. 201.
- ^ Imperato 2008. С. 202.
- ^ Imperato 2008. С. 203.
- ^ Imperato 2008. С. 204.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Imperato, Pascal James; Imperato, Gavin H. «Historical Dictionary of Mali». — Scarecrow Press, 2008. — ISBN 9780810864023 (анг.)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Малійская імпэрыя — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў