Перайсьці да зьместу

Ібн Батута

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ібн Батута
أبو عبد الله محمد بن عبد الله اللواتي الطنجي بن بطوطة
Род дзейнасьці геаграфія, вандраваньне
Дата нараджэньня 24 лютага 1304[1][2]
Месца нараджэньня Танжэр, Марока
Дата сьмерці каля 1368
Месца сьмерці Фэс, Марока
Месца пахаваньня
Занятак падарожнік-дасьледнік, географ, пісьменьнік, картограф, кадзі, гандляр, факіх
Навуковая сфэра геаграфія, юрысдыкцыя[d], тэрытарыяльнае дасьледаваньне[d] і фікх[d]

Ібн Бату́та (па-арабску: أبو عبد الله محمد ابن بطوطة, поўнае імя — Ібн Батута Абу Абдала Мухамэд ібн Абдала аль-Ляваці ат-Танджы; 24 лютага 1304, Танжэр, Марока1369, Фэс, Марока) — вядомы арабскі падарожнік і дасьледчык бэрбэрскага паходжаньня, гандляр[3][4]. У 1325 годзе Ібн Батута пакінуў свой родны горад і выправіўся ў паломніцтва. За 30 год ён наведаў усе краіны ісламскага сьвету й прылеглыя землі, пераадолеўшы за гэты час 120 тысяч кілямэтраў. Да рэгіёнаў, па якіх падарожнічаў гандляр, адносяцца Паўночная Афрыка, Самалійскі паўвостраў, Заходняя Афрыка (Эгіпет), Блізкі Ўсход (Сырыя), Цэнтральная Азія (Бухара, Самарканд, Балх)[5], Паўднёва-Ўсходняя Азія, Паўднёвая Азія й Кітай. Падчас знаходжаньня на Мальдывах ажаніўся з дачкой мясцовага султана. У 1331 годзе наведаў Ізьнік (Турэччына)[6]. Пасьля быў у Малійскай імпэрыі[7]. Некалькі гадоў пражыў у Індыі пры двары дэлійскага султана Магамада Туглака, дзе ён займаў пасаду судзьдзі. Вярнуўся ў Фэс у 1349 годзе. Неўзабаве накіраваўся ў Гішпанію ды Судан.

Гісторыі Ібн Батуты пра свае падарожжы, якія ён некалькі месяцаў дыктаваў сакратару мясцовага султана, гранадзкаму шэйху Мухамаду Ібн Джазаю, ляглі ў аснову кнігі «Падарунак гледачам пра дзівосныя гарады й цуды падарожжаў». Па сьмерці аўтара кніга была забытая, пакуль сырыйскі паэт ХVII стагодзьдзя Абу Муфлік не здабыў зь яе апісаньне сьвятых месцаў, мусульманскіх дзеячаў і іхных цудаў. Кніга з гэтымі вытрымкамі трапіла ў Эўропу ў пачатку XIX стагодзьдзя, і толькі тады на Ібн Батуту зьвярнуў увагу навуковы сьвет. Партугальскі манах Жузэ Моўра выдаў першы том кнігі Ібн Батуты ў 1840 годзе. Брытанскі ўсходазнаўца Гамільтан Гіб пераклаў кнігу практычна цалкам на ангельскую мову, правёўшы 40 гадоў свайго жыцьця за ейным перакладам[8].

Па вяртаньні дадому з падарожжа ў 1354 годзе на прапанову кіраўніка Марока з дынастыі марынідаў Абу Інана Фарыса, Ібн Батута надыктаваў Ібн Джузаю, навукоўцу, зь якім ён раней сустракаўся ў Гранадзе, справаздачу па-арабску пра свае падарожжы. Гэтая справаздача ёсьць адзінай крыніцай інфармацыі пра прыгоды Ібн Батуты. Поўную назву рукапісу можна перакласьці як «Падарунак гледачам пра дзівосныя гарады й цуды падарожжаў». Аднак, гэты твор часта проста называюць «Падарожжамі»[9][10], у сувязі з стандартнай формай арабскай літаратуры.

Меркаваны маўзалей Ібн Батуты ў Танжэры.

Няма аніякіх зьвестак пра тое, што Ібн Батута рабіў якія-небудзь нататкі або вёў дзёньнік за часам сваіх дваццаці дзевяці гадоў падарожжаў. Калі ён зьбіраўся надыктаваць справаздачу пра свае ўражаньні, яму давялося абапірацца на памяць і рукапісы, падрыхтаваныя папярэднімі падарожнікамі. Ібн Джузай не ўдакладніў на якія крыніцы ён абапіраўся, але прадставіў некаторыя з раньніх апісанняў як уласныя назіраньні Ібн Батуты. Апісваючы Дамаск, Мэку, Мэдыну і некаторыя іншыя месцы на Блізкім Усходзе, ён відавочна скапіяваў урыўкі з апісаньня андалюзца Ібн Джубайры, якое было напісанае за 150 гадоў да таго[11][12]. Падобным чынам, большасьць апісаньняў Ібн Джузая месцаў у Палестыне былі скапіяваныя з апісаньня падарожніка XIII стагодзьдзя Мугамада аль-Абдары[13][14].

Навукоўцы ня вераць, што Ібн Батута наведаў усе апісаныя ім месцы, і сьцьвярджаюць, што дзеля таго, каб даць поўнае апісаньне месцаў у мусульманскім сьвеце, ён абапіраўся на чуткі і выкарыстоўваў сьведчаньні папярэдніх падарожнікаў. Напрыклад, лічыцца вельмі малаверагодным, што Ібн Батута зьдзейсьніў падарожжа ўверх па рацэ Волзе з Новага Сарая, каб наведаць Балгар[15][16], а таксама яны ставяць пад сумнеў шэраг іншых падарожжаў, як то падарожжы ў Сану[17], вандроўку з Балха ў Бістам[18] і ягонае падарожжа па Малой Азіі[19]. Сьцьвярджэньне Ібн Батуты аб тым, што магрыбец на імя Абуль Баракат-Бэрбэр навярнуў Мальдывы ў іслам, супярэчыць зусім іншай гісторыі, якая абвяшчае, што Мальдывы былі навернутыя ў іслам пасьля таго, як цуды зьдзейсьніў табрызіец на імя Маўляна Шэйх Юсуф Шамс-уд-двн, згодна з афіцыйнай гісторыяй Мальдываў[20]. Некаторыя навукоўцы таксама сумняюцца наконт наведваньня падарожніка Кітаю[21][22]. Ібн Батута, магчыма, узяў цэлыя разьдзелы апісаньняў Кітаю з твораў. Акрамя таго, ягонае апісаньне і творы Марка Полё маюць надзвычай падобныя разьдзелы і тэмы, зь некаторымі аднолькавымі камэнтарамі[23].

Гістарычная копія асобных частак падарожнай справаздачы Ібн Батуты з музэю ў Каіры.

Аднак, нават калі «Падарожжы» ня цалкам грунтуюцца на асабістым досьведзе аўтара, яна дае важнае апісаньне значнай часткі сьвету XIV стагодзьдзя. Ібн Батута выкарыстоўваў мамошак, напрыклад, у Дэлі[24][25]. Ён браў шлюб зь некалькімі жанчынамі, а зь некаторымі зь іх нават разьвёўся, а ў Дамаску, Малабары, Дэлі, Бухары і на Мальдывах ён займеў дзяцей ад сваіх жонак або мамошак[26]. Ібн Батута абражаў грэкаў як ворагаў Алага, п’яніцаў і ядуноў сьвіньняў, у той жа час як у Эфэсе ён купіў і выкарыстоўваў грэцкую дзяўчыну, якая была адной зь ягоных шматлікіх рабыняў у гарэме, які ён трымаў у Бізантыі, Харасане, Афрыцы і Палестыне[27]. Прайшло два дзесяцігодзьдзі, перш чым ён зноў вярнуўся, каб даведацца, што здарылася з адной зь ягоных жонак і дзіцем у Дамаску[28]. Ібн Батута часта адчуваў культурны шок у рэгіёнах, якія ён наведваў, дзе мясцовыя звычаі нядаўна навернутых народаў не адпавядалі ягонаму прававернаму мусульманскаму паходжаньню. Сярод цюркаў і манголаў ён заўважаў, што, убачыўшы цюркскую пару на базары, можна было падумаць, што мужчына — слуга жанчыны, але насамрэч ён быў ейным мужам[29][30]. Ён таксама лічыў, што адзеньне на Мальдывах і ў некаторых рэгіёнах Афрыкі на поўдзень ад Сахары былі занадта адкрытымі.

Працы Ібн Батуты былі невядомыя па-за межамі мусульманскага сьвету да пачатку XIX стагодзьдзя, пакуль нямецкі падарожнік і дасьледнік Ульрых Яспэр Зээтцэн не набыў калекцыю рукапісаў на Блізкім Усходзе, сярод якіх быў 94-старонкавы том, які зьмяшчаў скарочаную вэрсію тэксту Ібн Джузаі. Тры ўрыўкі былі апублікаваныя ў 1818 годзе нямецкім усходазнаўцам Ёганам Козэгартэнам[31]. Чацьверты ўрывак быў апублікаваны ў наступным годзе[32]. Францускія навукоўцы даведаліся пра першапачатковую публікацыю дзякуючы агляду, зьмешчанаму ў часопісе Журналь дэ саван усходазнаўцам Сыльвэстрам дэ Сасі[33]. Тры копіі іншага скарочанага рукапісу былі набытыя швайцарскім падарожнікам Ёганам Буркгартам і завяшчаныя Кембрыдзкаму ўнівэрсытэту. Ён даў кароткі агляд іхняму зьместу ў кнізе, апублікаванай пасьмяротна ў 1819 годзе[34][35]. Арабскі тэкст быў перакладзены на ангельскую мову ўсходазнаўцам Сэм’юэлам Лі і апублікаваны ў Лёндане ў 1829 годзе[36]. У 1830-х гадах, за часам францускай акупацыі Альжыру, Нацыянальная бібліятэка ў Парыжы набыла пяць рукапісаў падарожжаў Ібн Батуты, два зь якіх былі поўнымі. Адзін рукапіс, які зьмяшчае толькі другую частку працы, датаваны 1356 годам і лічыцца працай Ібн Джузая[37]. Гэтыя рукапісы былі выкарыстаныя ў 1843 годзе ірляндзка-францускім усходазнаўцам баронам дэ Слэйнам дзеля перакладу іх на францускую мову, дзе апісваўся візыт Ібн Батуты ў Судан. Іх таксама вывучалі францускія навукоўцы Шарль Дэфрэмэры і Бэніяміна Сангвінэцьці. Пачынаючы з 1853 году, яны апублікавалі сэрыю з чатырох тамоў, якія зьмяшчалі крытычнае выданьне арабскага тэксту разам зь перакладам на францускую мову. У сваёй прадмове Дэфрэмэры і Сангвінэцьці высока ацанілі анатацыі Лі, але крытычна паставіліся да ягонага перакладу, які, на іхнюю думку, быў недакладным нават у простых урыўках.

У 1929 годзе, роўна праз стагодзьдзе пасьля публікацыі перакладу Лі, гісторык і ўсходазнаўца Гамільтан Гіб апублікаваў ангельскі пераклад асобных частак арабскага тэксту Дэфрэмэры і Сангвінэцьці[38]. У 1922 годзе Гіб прапанаваў Таварыству Рычарда Гакліта падрыхтаваць анатаваны пераклад усіх «Падарожжаў» на ангельскую мову[39]. Ён меў намер падзяліць перакладзены тэкст на чатыры тамы, кожны зь якіх адпавядаў бы аднаму з тамоў, апублікаваных Дэфрэмэры і Сангвінэцьці. Першы том быў апублікаваны толькі ў 1958 годзе. Гіб памёр у 1971 годзе, завяршыўшы толькі першыя тры тамы. Чацьверты том быў падрыхтаваны Чарлзам Бэкінггэмам і апублікаваны ў 1994 годзе. Друкаваны тэкст Дэфрэмэры і Сангвінэцьці цяпер перакладзены яшчэ на шэраг іншых моваў.

  1. Hrbek I. Ibn Battuta // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. Чувашская энциклопедия (рас.)Чувашское книжное издательство, 2006. — 2567 с. — ISBN 978-5-7670-1471-2
  3. Dunn 2005. С. 20.
  4. Nehru, Jawaharlal (1989). «Glimpses of World History». Oxford University Press. — С. 752. — ISBN 0-19-561323-6.
  5. Hrbek, Ivan (13 кастрычніка 2023) Ibn Battuta. Encyclopedia Britannica. Праверана 24 лістапада 2023 г.
  6. Dunn 2005. С. 158.
  7. Imperato, Pascal James; Imperato, Gavin H. Historical Dictionary of Mali. — Scarecrow Press, 2008. — P. 202. — ISBN 9780810864023
  8. «The travels of Ibn Baṭṭūṭa, A.D. 1325—1354». WorldCat.
  9. Dunn 2005. С. 310—311.
  10. Defrémery & Sanguinetti 1853. С. 9—10.
  11. Dunn 2005. С. 313—314.
  12. Mattock, J. N. (1981). «Ibn Baṭṭūṭa’s use of Ibn Jubayr’s Riḥla», in Peters, R. (ed.), Proceedings of the Ninth Congress of the Union Européenne des Arabisants et Islamisants: Amsterdam, 1st to 7th September 1978, Leiden: Brill. — С. 209—218. — ISBN 978-90-04-06380-8.
  13. Dunn 2005. С. 63—64.
  14. Elad, Amikam (1987). «The description of the travels of Ibn Baṭūṭṭa in Palestine: is it original?». Journal of the Royal Asiatic Society, 119 (2): 256—272. — doi:10.1017/S0035869X00140651.
  15. Dunn 2005. С. 179.
  16. Janicsek, Stephen (1929), «Ibn Baṭūṭṭa's journey to Bulghàr: is it a fabrication?». Journal of the Royal Asiatic Society, 61 (4): 791—800. — doi:10.1017/S0035869X00070015.
  17. Dunn 2005. С. 134.
  18. Dunn 2005. С. 180.
  19. Dunn 2005. С. 157.
  20. Visweswaran, Kamala (2011). «Perspectives on Modern South Asia: A Reader in Culture, History, and Representation». John Wiley & Sons. — С. 164. — ISBN 978-1-4051-0062-5.
  21. Dunn 2005. С. 253.
  22. Dunn 2005. С. 262.
  23. Elger, Ralf (2010). «Lying, forging, plagiarism: some narrative techniques in Ibn Baṭṭūṭa’s travelogue». In Elger, Ralf; Köse, Yavuz (eds.). Many Ways of Speaking about the Self: Middle Eastern Ego-documents in Arabic, Persian, and Turkish (14th–20th Century). Wiesbaden: Otto Harrassowitz Verlag. — С. 71—88. — ISBN 978-3-447-06250-3.
  24. Battutah, Ibn (2002). «The Travels of Ibn Battutah». Picador. — С. 141. — ISBN 978-0-330-41879-9.
  25. Stewart Gordon (2009). «When Asia was the World». Perseus Books Group. — С. 114. — ISBN 978-0-306-81739-7.
  26. Pearson, Michael N. (2003). «The Indian Ocean». Routledge. — С. 112. — ISBN 978-1-134-60959-8.
  27. Dalrymple, William (2003). «City of Djinns: A Year in Delhi». Penguin. — ISBN 978-1-101-12701-8.
  28. Hammer, Kate S. (1999). «The Role of Women in Ibn Battuta’s Rihla». Indiana University. — С. 45.
  29. Gibb, H. A. R., ed. (1958). «The Travels of Ibn Baṭṭūṭa, A.D. 1325–1354». Volume 1. London: Hakluyt Society.
  30. Dunn 2005. С. 168.
  31. Defrémery & Sanguinetti 1853. С. xiii–xiv.
  32. Apetz, Heinrich (1819). «Descriptio terrae Malabar ex Arabico Ebn Batutae Itinerario Edita». Jena: Croecker.
  33. de Sacy, Silvestre (1820). «Review of: De Mohamedde ebn Batuta Arabe Tingitano». Journal des Savants (15—25).
  34. Burckhardt, John Lewis (1819). «Travels in Nubia». London: John Murray.
  35. Defrémery & Sanguinetti 1853. С. xvi.
  36. Lee, Samuel (1829). «The Travels of Ibn Batuta, translated from the abridged Arabic manuscript copies, preserved in the Public Library of Cambridge. With notes, illustrative of the history, geography, botany, antiquities, &c. occurring throughout the work». London: Oriental Translation Committee.
  37. de Slane, Baron (1843b). «Lettre à M. Reinaud». Journal Asiatique. Series 4. 1 (March): 241—246.
  38. Gibb, H. A. R., ed. (1929). «Ibn Battuta Travels in Asia and Africa (selections)». London: Routledge.
  39. Gibb, H. A. R.; Beckingham, C .F., eds. (1994). «The Travels of Ibn Baṭṭūṭa, A.D. 1325—1354». Volume 4. London: Hakluyt Society. — ISBN 978-0-904180-37-4.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]