Перайсьці да зьместу

Карл Лінэй

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Linnaeus»)
Карл Лінэй
па-швэдзку: Carl von Linné
Партрэт Карла Лінэя работы Аляксандра Росьліна, 1775 год
Дата нараджэньня 23 траўня 1707(1707-05-23)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 10 студзеня 1778(1778-01-10)[5][1][2][…] (70 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы Упсальскі ўнівэрсытэт
Занятак геоляг, прафэсар, батанік, лекар, аўтабіёграф, біёляг, міколяг, птэрыдолаг, брыёлаг, заоляг, энтамоляг, арнітоляг, натураліст, арахноляг, мінэроляг
Навуковая сфэра лекар і натураліст
Месца працы Упсальскі ўнівэрсытэт
Вядомы як Заснавальнік навуковай клясыфікацыі жывых арганізмаў
Сябра ў Пруская акадэмія навук[d], Нямецкая акадэмія навук Леапальдына[d], Лёнданскае каралеўскае таварыства, Швэдзкая каралеўская акадэмія навук, Пецярбурская акадэмія навук[d], Дацкая каралеўская акадэмія навук[d], Каралеўскае нарвэскае таварыства навукі і літаратуры[d], Француская акадэмія навук і Амэрыканскае філязофскае таварыства[d][8]
Навуковая ступень доктар мэдыцыны[d]
Навуковы кіраўнік Уляф Рудбэк (малодшы)[d] і Яганэс дэ Гортэр[d][9]
Вучні Пэтэр Асканіюс[d], Карл Магнус Блюм[d], Карл Адлер[d], Clas Alströmer[d], Matvey Afonin[d], Адам Афцэліус[d], Эрык Ахарыус[d], Peter Jonas Bergius[d], Андрэас Берлін[d], Nicolaas Laurens Burman[d], Мартын Валь[d], Карл дэ Геер[d], Пер Кальм[d], Alexander von Karamyschew[d], Карл Аляксандр Клерк[d], Пер Лёфлінг[d], Anton Rolandsson Martin[d], Пер Осбек[d], Daniel Rolander[d], Göran Rothman[d], Даніэль Саландэр[d], Улаф Торэн[d], Christopher Tärnström[d], Іаган Хрысціян Фабрыцый[d], Johan Peter Falk[d], Johann Christian Daniel von Schreber[d], Якаб Фрыдрых Эрхарт[d], Andreas Rydén[d], Johann Gerhard König[d][10] і Matheus Aphonin[d][11]
Бацька Нільс Інгемарсан Лінеус[d][5]
Маці Крысціна Бродэрсонія[d][5]
Дзеці Карл Ліней малодшы[d][12][13], Лізавета Крысціна Ліней[d], Lovisa von Linné[d] і Sara Christina von Linné[d]
Узнагароды Ордэн Палярнай зоркі
Подпіс Выява аўтографу

Карл фон Лінэй (па-швэдзку: Carl von Linné, да ўзьведзеньня ў шляхецтва — Carl Nilsson Linnæus; 23 траўня 1707, Росгульт, Смолянд, Швэцыя — 10 студзеня 1778, Упсала, Швэцыя) — швэдзкі прыродазнавец, стваральнік адзінай сыстэмы расьліннага і жывёльнага сьвету. Заклаў асновы сучаснай бінамінальнай намэнклятуры, увёўшы ў практыку сыстэматыкі так званыя nomina trivialia, якія пазьней сталі выкарыстоўвацца ў якасьці відавых эпітэтаў у бінамінальных назвах жывых арганізмаў. Аўтар найбольш пасьпяховай штучнай клясыфікацыі расьлінаў і жывёлаў, якая стала базісам для навуковай клясыфікацыі жывых арганізмаў.

Нарадзіўся ў сям’і вясковага пастара. Бацькі хацелі, каб Карл стаў сьвятаром, але яго зь юнацтва захапляла прыродазнаўчая гісторыя, асабліва батаніка. Гэтыя заняткі заахвочваў мясцовы лекар, які параіў Лінэю абраць прафэсію мэдыка, бо тымчасова батаніка лічылася часткай фармакалёгіі. У 1727 г. Лінэй паступіў у Люндзкі ўнівэрсытэт, пазьней перайшоў ва Ўпсальскі ўнівэрсытэт, дзе выкладаньне батанікі і мэдыцыны было лепшае. Ва Ўпсале працаваў разам з Улёфам Цэльсыям, тэолягам і батанікам-аматарам, якія ўдзельнічаў у падрыхтоўцы кнігі Біблейская батаніка (Hierobotanicum) — пераліку расьлінаў, згаданых у Бібліі. У 1729 г. у якасьці навагодняга падарунку Цэльсыю Лінэй напісаў эсэ «Уводзіны да змовін расьлінаў» (Praeludia sponsalorum plantarun), у якім паэтычна апісаў працэс размнажэньня расьлінаў. У 1731 г., абараніўшы дысэртацыю, Лінэй стаў асыстэнтам прафэсара батанікі Ўлёфа Рудбэка. У наступным годзе зьдзейсьніў вандроўку па Ляпляндыі, зьбіраючы ўзоры расьлінаў. Упсальскае навуковае таварыства, якое субсыдавала гэтую працу, апублікавала пра яе толькі кароткую справаздачу — «Флёра Ляпляндыі» (Flora Lapponica). Падрабязная праца Лінэя пра расьліны Ляпляндыі выйшла толькі ў 1737 г., а жыва напісаны дзёньнік экспэдыцыі «Ляпляндзкае быцьцё» (Lachesis Lapponica) выйшаў ужо пасьля сьмерці Лінэя ў лацінскім перакладзе.

У 1733—1734 г. Лінэй чытаў лекцыі і вёў навуковую працу ва ўнівэрсытэце, напісаў шэраг кніг і артыкулаў. Аднак працяг мэдычнай кар’еры па традыцыі патрабаваў атрыманьня навуковай ступені за мяжой. У 1735 г. Лінэй паступіў у Хардэрвэйцкі ўнівэрсытэт у Нідэрляндах, дзе ў тым жа годзе атрымаў ступень доктара мэдыцыны. У Нідэрляндах зблізіўся зь вядомым лейдэнскім лекарам Г. Бургавэ, які парэкамэндаваў Лінэя бургамістру Амстэрдама Георгу Кліфарту, захопленаму садоўніку, які сабраў калекцыю экзатычных расьлінаў. Кліфарт зрабіў Лінэя сваім асабістым лекарам і даручыў яму вызначыць і клясыфікаваць яго разводныя расьліны. Вынікам стаў трактат «Кліфартаўскі сад» (Hortus Cliffortianus), апублікаваны ў 1737 г.

У 1736—1738 г. у Нідэрляндах выйшлі першыя выданьні працаў Лінэя: у 1736 — «Сыстэма прыроды» (Systema naturae), «Батанічная бібліятэка» (Bibliotheca botanica) і «Асновы батанікі» (Fundamenta botanica); у 1737 г. — «Крытыка батанікі» (Critica botanica), «Роды расьлінаў» (Genera plantarum), «Флёра Ляпляндыі» (Flora Lapponica) і «Кліфартаўскі сад» (Hortus Cliffortianus); у 1738 г. — «Клясы расьлінаў» (Classes plantarum), «Сход родаў» (Corollarium generum) і «Плоцевы мэтад» (Methodus sexualist). У 1738 г. Лінэй адрэдагаваў кнігу пра рыб «Іхтыялёгія» (Ichthyologia), пакінутую няскончанай пасьля сьмерці яго сябра Пэтэра Артэдзі. Батанічныя працы, асабліва «Роды расьлінаў», ляглі ў аснову сучаснай сыстэматыкі расьлінаў. У іх Лінэй апісаў і ўжыў новую сыстэму клясыфікацыі, значна спрасьціўшую вызначэньне арганізмаў. У мэтадзе, які ён назваў «палавым», націск рабіўся на будову і колькасьці рэпрадуктыўных структураў расьлінаў, г.зн. тычачак і песьцікаў.

Яшчэ больш сьмелай была «Сыстэма прыроды», спроба разьмеркаваць усе стварэньні прыроды — жывёлаў, расьлінаў і мінэралаў — па клясах, атрадах, родах і відах, а таксама вызначыць правілы іх ідэнтыфікацыі. Выпраўленыя і дапоўненыя выданьні гэтага трактата выходзілі 12 раз на працягу жыцьця Лінэя і некалькі разоў перавыдаваліся пасьля яго сьмерці.

У 1738 г. Лінэй па даручэньні Кліфарта наведаў батанічныя цэнтры Ангельшчыны. Атрымаў запрашэньні працаваць у Нідэрляндах і Нямеччыне, аднак аддаў перавагу вяртаньню ў Швэцыю і ў 1739 г. адкрыў мэдычную практыку ў Стакгольме. У 1741 г. быў прызначаны прафэсарам мэдыцыны Ўпсальскага ўнівэрсітэта, а ў 1742 г. — прафэсарам батанікі. Наступныя гады Лінэй галоўным чынам выкладаў, аднак тады ж зьдзейсьніў некалькі навуковых экспэдыцыяў у малавывучаныя вобласьці Швэцыі. Зьбіральнікі ўсяго сьвету дасылалі яму асобнікі невядомых формаў жывога, і Лінэй апісваў у сваіх кнігах лепшыя знаходкі.

У 1745 годзе Лінэй апублікаваў працу «Флёра Швэцыі» (Flora Suecica), у 1746 годзе — «Фаўна Швэцыі» (Fauna Suecica), у 1748 годзе — «Упсальскі сад» (Hortus Upsaliensis). У Швэцыі і за мяжой працягвалі выходзіць новыя выданьні «Сыстэмы прыроды». Некаторыя зь іх, асабліва шостае (1748), дзясятае (1758) і дванаццатае (1766), зьмяшчалі дадатковыя матэрыялы. Вядомае 10-е і 12-е выданьні сталі энцыкляпэдычнымі шматтомнікамі, якія зьмяшчалі кароткія апісаньні ўсіх вядомых тымчасова відаў жывёлаў, расьлінаў і мінэралаў. Артыкул пра кожны від дапаўнялася інфармацыяй пра яго геаграфічны распаўсюд, асяродзьдзе абітаньня, паводзінах і разнавіднасьцях. Менавіта ў 10-м выданьні Лінэй упершыню даў падвойныя (бінарныя, ці бінамінальныя) назвы ўсім вядомым яму відам жывёлаў. У 1753 годзе Лінэй скончыў працу «Віды расьлінаў» (Species plantarum); у ёй зьмяшчаліся апісаньні і бінарныя назвы ўсіх відаў расьлінаў, якія вызначылі сучасную батанічную намэнклятуру. У кнізе «Філязофія батанікі» (Philosophia botanica), якая выйшла ў 1751 годзе, Лінэй афарыстычна выказаў прынцыпы, якімі ён кіраваўся пры вывучэньні расьлінаў.

Бінарная сыстэма прадвызначае, што ў кожнага віда расьлінаў і жывёлаў ёсьць адзіная навуковая назва (бінамэн), якая належыць толькі яму аднаму і складаецца ўсяго з двух словаў (лацінскіх ці латынізаваных). Першае зь іх — агульнае для цэлай групы блізкіх адзін да аднаго відаў, складнікаў аднаго біялягічнага роду. Другое — відавы эпітэт — уяўляе сабою прыметнік ці назоўнік, які датычыць толькі да аднаго віду дадзенага роду. Так, леў і тыгр, якія ўключаюцца ў род Каціныя (Felis), завуцца адпаведна Felis leo і Felis tigris, а воўк з роду Сабакі (Canis) — Canis lupus. Сам Лінэй не надаваў бінарнай сыстэме адмысловага значэньня і рабіў націск на полінамінальную, г.зн. шматслоўную назву-апісаньне, а адпаведны яму бінамэн сам лічыў простай назвай (nomen trivialis), якая ня мела навуковага значэньня і прызначанай усяго толькі палегчыць запамінаньне віду.

  1. ^ а б Carl von Linné // RKDartists (нід.)
  2. ^ а б Carl von Linné // Babelio (фр.) — 2007.
  3. ^ Carl Linné // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  4. ^ Линней Карл // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  5. ^ а б в г д Eriksson G. Carl Linné (von) — С. 700.
  6. ^ https://web.archive.org/web/20190918172039/http://digitallibrary.amnh.org/dspace/bitstream/handle/2246/5826//v3/dspace/updateIngest/pdfs/0096-0113_bios05.pdf?sequence=14
  7. ^ https://planetenuppsala.se/sevaerdheter/historiska-platser-i-uppsala/168-carl-von-linnes-grav-i-domkyrkan
  8. ^ NNDB (анг.) — 2002.
  9. ^ Матэматычная генеалогія (анг.) — 1997.
  10. ^ Stewart R. R. Missionaries and Clergymen as Botanists in India and Pakistan (анг.) // Taxon: Official News Bulletin of the International Society for Plant TaxonomyUtrecht: IAPT, Wiley, 1982. — Vol. 31, Iss. 1. — P. 57–64. — ISSN 0040-0262; 1996-8175doi:10.2307/1220590
  11. ^ Stafleu F. A., Cowan R. S., Mennega E. A., L.J. Dorr, Nicolson D. H. Taxonomic literature (анг.): A selective guide to botanical publications and collections with dates, commentaries and types // Regnum vegetabile: A Series of Handbooks for the Use of Plant Taxonomists and Plant Geographers — 2 — P. 136. — ISBN 90-313-0224-4, 3-87429-339-4 — ISSN 0080-0694doi:10.5962/BHL.TITLE.48631
  12. ^ Svenskt biografiskt lexikon (шв.) — 1917.
  13. ^ Каталёг Нямецкай нацыянальнай бібліятэкі (ням.)