Чэслаў Немэн
Чэслаў Немэн | |
Чэслаў Юліюш Выдрыцкі | |
Помнік Чэславу Немэну ў Кельцах | |
Дата нараджэньня | 16 лютага 1939[1][2][3][…] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 17 студзеня 2004[1][2][3][…] (64 гады) |
Месца сьмерці | |
Прычына сьмерці | рак |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | Польшча |
Занятак | кампазытар, аўтар-выканаўца, сьпявак, выканаўца-запісвальнік, мультыінструмэнталіст |
Сябра ў | Niebiesko-Czarni[d] |
Жанры | рок-музыка |
Інструмэнты | арган[d] і голас[d] |
Гурты | Niebiesko-Czarni, Akwarele, Aerolit |
Дзеці | Натальля Немэн[d] і Элеанора Немэн[d] |
Узнагароды | |
Сайт | Старонка пра Чэслава Немэна |
Чэслаў Немэн (сапраўднае імя: Чэслаў Юліюш Выдрыцкі, па-польску: Czesław Niemen, Czesław Juliusz Wydrzycki; 16 лютага 1939, Старыя Васілішкі — 17 студзеня 2004, Варшава) — выбітны польскі музыка, кампазытар і сьпявак беларускага паходжаньня.
Раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 16 лютага 1939 году ў Старых Васілішках на Гарадзеншчыне (цяпер Шчучынскі раён).
Навучаўся ў музыкальнай пэдагагічнай вучэльні ў Горадні, па клясе домры. Як узгадваў аднакурсьнік і сябра Немэна Мікалай Шышыгін, Чэслаў быў выключна адукаваным чалавекам, але вельмі сумаваў па сваіх Старых Васілішках, адкуль быў родам, і часта зьяжджаў туды, прапускаючы заняткі. Пасьля году навучаньня Немэн быў выключаны з вучэльні[6].
У 1958 годзе сям’я Выдрыцкіх пераехала ў Гданьск, дзе Чэслаў паступіў у вышэйшую музычную школу. У пачатку 1960-х ён ужо пачаў выступаць на польскай эстрадзе, а ў 1962 стаў удзельнікам ансамбля Niebiesko-Czarni, дзе быў ня толькі вакалістам, але і складаў песьні. Група карысталася посьпехам як у Польшчы, так і за яе межамі і нават выступала ў парыскай «Алімпіі». Менавіта ў гэты пэрыяд Выдрыцкі ўзяў сабе псэўданім Немэн (у гонар ракі Нёман, на якой ён вырас).
Творчая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першае прызнаньне прыйшло да артыста ў 1964 годзе, калі Марлен Дытрых запісала нямецкую вэрсію яго песьні «Czy mnie jeszcze pamiętasz?». У 1966 годзе Чэслаў пачаў складаць матэрыял у духу соўл, а для радыёпраграм запісаў некалькі расейскіх народных песень.
Калі Немэн другі раз патрапіў у Парыж, яму давялося выступаць разам з такімі знакамітасьцямі як Spencer Davis Group, Kinks і Pretty Things. З-за мяжы Чэслаў вярнуўся з ідэямі хіпі. Ён адпусьціў доўгія валасы, цалкам зьмяніў імідж, а яго новыя музычныя прыхільнасьці знаходзіліся пад моцным уплывам чорнага соўлу.
У пачатку 1967 году Немэн сышоў з Niebiesko-Czarni і распачаў уласную кар’еру, сабраўшы гурт Akwarele. Улетку таго ж году Чэслаў выступіў на фэсьце ў Сопаце, дзе зрабіў сэнсацыю песьняй «Дзіўны гэты сьвет» («Dziwny jest ten świat»). Песьня прынесла сьпеваку першую прэмію. З «Акварэлямі» Немэн запісаў тры альбомы (зь іх найболей удалыя першыя два), правёў сэрыю тураў і прыняў удзел у шэрагу фэстаў.
У 1969 годзе Чэслаў у цалкам новым асяродзьдзі стварыў альбом Niemen Enigmatic, дзе выкарыстаў вершы вядомага польскага паэта Цыпрыяна Норвіда. У пачатку 1970-х у творчасьці музыкі ў адрозьненьне ад раньніх соўл-арыентаваных прац пачалі пераважаць прагрэсіўныя павевы. Зьмена стылю запатрабавала і зьмены суправаджаляга складу, і цяпер каманда артыста, якая складалася з будучых чальцоў SBB, звалася проста Niemen. Новы калектыў шмат гастраляваў у сябе на радзіме, выяжджаў у Нямеччыну, Чэхаславаччыну, Фінляндыю і Вугоршчыну, а таксама стаў удзельнікам цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх Гульняў у Мюнхэне.
У гэты пэрыяд Чэслаў запісаў для фірмы «CBS» некалькі англамоўных плытаў. У 1974 годзе Немэн сабраў чарговы праект, Aerolit, зь якім выпусьціў джаз-рокавы альбом. Новая каманда распалася вельмі хутка, і наступную кружэлку музыка запісваў практычна ў адзіночку. Калі гучаньне Katharsis было чыста электронным, то праца 1978 Idee Fixe зьяўлялася разнаплянавай. Тут можна было пачуць і фальклёрныя стылізацыі, і электронны авангард і фанк і шматузроўневыя імправізацыі. Да канца 1970-х гастрольная дзейнасьць артыста моцна скарацілася. У 1978 году ён выпусьціў касэту з залатымі гітамі, а ў наступным годзе — кружэлку з падобным матэрыялам. У чэрвені 1979 году Чэслаў Немэн выступіў на фэстывалі ў Аполі, а 24 жніўня 1979 году ў Сопаце атрымаў гран-пры фэстывалю Інтэрбачаньня за песьню «Да прыходу вясны». На хвалі прызнаньня ўжо ў верасьні 1979 году Чэслаў Немэн наведаў родныя Старыя Васілішкі. Напрыканцы 1979 году была выпушчаная супраць волі музыкі кружэлка Пастскрыптум, прэзэнтацыя якой адбылося ў студзені 1980 году ў Канах і якая падводзіла свайго роду рысу вялікага этапу яго творчага шляху.
У 1980-х Немэн экспэрымэнтаваў з электроннымі гукамі, а потым захапіўся кампутарнай графікай. Перад тым як зьнікнуць з поля зроку на доўгі час Немэн выступіў на канцэрце «Old Rock Meeting», прысьвечаным 25-годзьдзю польскага року, і ў 1989 годзе выпусьціў альбом Terra Deflorata.
17 студзеня 2004 году Чэслаў Немэн памёр ад раку. Пахаваны на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве. У апошнюю дарогу артыста праводзілі найбліжэйшыя родныя, сябры, прадстаўнікі ўладаў і фаны. Урну з парэшткамі Немана пахавалі ў катакомбах. Калі пачыналася пахаваньне, з ініцыятывы Радыётройкі на ўсіх радыёстанцыях Польшчы загучала песьня «Дзіўны гэты сьвет» — найбольш вядомая з рэпэртуару Чэслава Немэна.
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]20 лютага 2011 году ў беларускай вёсцы Старыя Васілішкі ў доме, дзе нарадзіўся Чэслаў Немэн, адкрыты музэй яго імя. У склад арыгінальнай экспазыцыі музэю ўваходзяць экспанаты, перададзеныя яму жыхарамі Старых Васілішак, якія атрымалі іх ад сям’і артыста падчас сваіх паездак у Польшчу.
Дыскаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1967 Дзіўны гэты сьвет (Dziwny jest ten świat)
- 1968 Sukces (LP)
- 1969 Czy mnie jeszcze pamiętasz? (LP)
- 1970 Enigmatic (LP)
- 1971 Niemen (2 LP, г. зв. «Czerwony Album»)
- 1972 Strange Is This World (LP, wyd.RFN)
- 1973 Ode to Venus (LP, wyd. RFN)
- 1973 Niemen Vol. 1 i Niemen Vol. 2 (2 LP, г. зв. «Marionetki»)
- 1973 Russische Lieder (LP, wyd. RFN)
- 1974 Mourner’s Rhapsody (LP, wyd. RFN, Wielka Brytania, USA)
- 1975 Niemen Aerolit (LP)
- 1976 Katharsis (LP, całkowicie elektroniczna muzyka)
- 1978 Idee Fixe (2 LP + SP)
- 1979 The Best of Niemen (LP)
- 1980 Пастскрыптум (LP)
- 1982 Przeprowadzka (MC)
- 1989 Terra Deflorata (LP)
- 1991 Terra Deflorata (wersja rozszerzona) (CD)
- 1991 Gwiazdy mocnego uderzenia: Czesław Niemen (LP)
- 1993 Mouner’s Rhapsody (wersja poprawiona i uzupełniona) (CD, wyd. USA)
- 1995 Sen o Warszawie (CD)
- 2001 Czas jak rzeka (CD)
- 2001 spodchmurykapelusza (CD)
- 2002 od początku I (6 CD)
- 2003 od początku II (6 CD)
- 2007 41 Potencjometrów Pana Jana
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б IMDb (анг.) — 1990.
- ^ а б Czesław Niemen // Энцыкляпэдыя мэталу — 2002.
- ^ а б Czesław Niemen // filmportal.de — 2005.
- ^ выгрузка зьвестак Freebase — Google.
- ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #130255645 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ М.Карневіч. Чэслаў Немэн вучыўся ў Горадне. Биржа Информации № 325 от 29.04.2004(недаступная спасылка)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Цэзары Галінскі. Памёр Чэслаў Немэн(недаступная спасылка) // Биржа Информации № 311, 22.01.2004
- Перадача «Вострая Брама» на «Радыё Свабода». Сяргей Дубавец. Чэслаў Немэн. Этэр 26 студзеня 2004
- Т. Кавэцкая. Дзіўны сьвет Чэслава Немэна // Наша Ніва, 16 сакавіка 2007
- Ірэна Даўлашэвіч. Там кожны дзень — гэта скарб // Лідскі летапісец № 27-28
- Чэслаў Немэн і Беларусь / Клуб-музей Чэслава Немэна ў Старых Васілішках