Чэскія браты

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Чэскія браты (па-чэску: Jednota bratrská, па-лацінску: Unitas Fratrum), Абшчына багемскіх братоў, таксама мараўскія браты і гэрнгутары (па назьве паселішча Гэрнгут) — хрысьціянская эвангэлічная дэнамінацыя, заснаваная ў ЧэхііБагеміі) у XV ст. пасьля гусіцкага рэвалюцыйнага руху з рэштак гусітаў. Асновай багаслоўя чэскіх братоў сталі ідэі Яна Гуса і Пэтара Хэльчыцкага.

Новы запавет, перакладзены на чэскую мову Янам Благаславам у 1564 годзе.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая абшчына заснавана ў 1457 годзе ў Кунвальдзе(cs) Ржэгарам. Браты жылі па прыкладзе раньніх хрысьціян у галечы і пакоры, строга прытрымліваючыся правілаў маралі. Правіламі брацтва было забаронена займаць любыя пасады, браты прапаведавалі несупраціўленьне злу гвалтам. З асяродзьдзя Багемскіх братоў выйшла шмат чэскіх навукоўцаў: Ян Благаслаў, Ян Амос Коменскі і інш.

Сваімі творамі («Сетка веры») Петар Хэльчыцкі набыў шмат прыхільнікаў, якія зваліся братамі Хэльчыцкімі, якія пад кіраўніцтвам былога францысканскага манаху Грэгара, пляменьніка ўтраквісцкага біскупу Рокіцаны, утварылі разам з рэшткамі табарытаў і стражэйшымі каліксьцінцамі (чашнікамі) самастойную рэлігійную абшчыну. У 1457 г. імі была заснавана ў адведзенай ім каралём Іржы Подзебрадам вёсцы Кунвальдзе калёнія, дзе яны знайшлі ў сьвятары Міхаіле Брадачы энэргічнага змагара за сваю справу.

Новая абшчына атрымала назву Unitas fratrum, брацкае яднаньне, а сябры яе называліся fratres legis Christi, браты Хрыстова закона ці проста — Браты. Яны перасьледваліся ўрадам і ў 1467 у вёсцы Хотке, каля Рэйхенаў цалкам адракліся ад каталіцкай царквы і выбралі па жэрабі трох старшынаў, пасьвечаных у біскупы біскупам вальдэнсаў Стэфанам, які жыў у Аўстрыі.

З тых часоў яны жылі ў пустэльнях і пячорах (адсюль дадзеная ім  мянушка «пячорнікі»), але строгасьцю нораваў і брацкім яднаньнем набывалі ўсё больш пасьлядоўнікаў, так што да часу Рэфармацыі ў іх было каля сотні сваіх малельняў. Прадстаўленае імі ў 1532 г. маркграфу Георгу Брандэнбурскаму і ў 1535 г. каралю Фэрдынанду Спавяданьне веры схіліла да іх нават Лютэра.

За адмову ваяваць супраць пратэстантаў у Шмалькальдэнскай вайне яны былі выгнаны Фэрдынандам з Аўстрыі. Пасьля прыгнечаньня Праскага паўстаньня саслоўяў 1547 году дзейнасьць чэскіх братоў на тэрыторыі Чэскага каралеўства была забаронена некалькімі каралеўскімі мандатамі і пачаліся адкрытыя рэпрэсіі супраць абшчыны. Каля 1000 чалавек у 1548 годзе перасялілася ў Прусію, дзе герцаг Альбрэхт адвёў ім для месцажыхарства Марыенвердэр. У 1570 яны склалі з польскімі лютэранамі і рэфарматамі Сандамірскае пагадненьне, дзякуючы якому на іх былі потым распаўсюджаны палёгкі Дысыдэнцкага міру 1572 г. У Багеміі яны дамагліся памяркоўнасьці ў сілу так званай Чэскай канфэсіі (Confessio Bohemica) 1575 году, гэта значыць Спавяданьня веры, выпрацаванага імі разам зь іншымі эвангэлічнымі царквамі краіны.

Пасьля паразы паўстаньня чэскіх саслоўяў 1618—1620 гадоў і невыгоднага для пратэстантаў зыходу багемскай вайны, Чэскія браты былі цалкам разгромленыя, выгнаны з Багеміі і Маравіі і расьсяліліся ў розных краінах. Толькі граф Цынцэндорф, які даў у 1722 г. многім зь іх прытулак у сваім саксонскім маёнтку (рэгіён Обэр-Лаўзіц) і дазволіў заснаваць пасёлак Гэрнгут (Herrnhut), у пэўнай ступені зноў аднавіў брацкую абшчыну.

Абшчыны багемскіх братоў (гэрнгутараў) зьяўляліся ў розных месцах Нямеччыны, Нідэрляндаў, Вялікабрытаніі, Даніі, Швэцыі, у ЗША, і нават у Грэнляндыі. Гэрнгутарскія прапаведнікі дзейнічалі ў Валахіі, Альжыры і Цэйлёне, сярод індзейцаў у Паўночнай Амэрыцы.

Пасьля выданьня Кацярынай II маніфэсту аб запрашэньні ў Расійскую імпэрыю замежных каляністаў гэрнгутары аднымі зь першых заснавалі ў 1765 годзе сваю калёнію ў Сарэпце (Царыцынскі павет Саратаўскай губэрні; цяпер Чырвонаармейскі раён г. Валгаграду).

Пасьля сьмерці ў 1817 годзе прапаведніка Гэнрыха Штылінга-Юнга гэрнгутары з Вюртэмбэргу і Баварыі дамагліся адмысловага дазволу ў Аляксандра I на пасяненьне ў Закаўказьзі, паколькі Штылінг-Юнг сьцьвярджаў, што Другога прышэсьця варта чакаць за Каўказам, каля гары Арарат. Амаль дзевяць тысячаў сябраў абшчын, распрадаўшы маёмасьць, накіраваліся на ўсход, але менш за палову зь іх дабраліся да Ізмаіла, астатнія загінулі ў дарозе. Некаторыя зь іх аселі ў Бесарабіі і каля Адэсы, аднак каля 500 сем’яў працягнулі шлях да Закаўказьзя. Да 1819 году яны ўтварылі некалькі калёніяў у Грузіі каля Тыфліса і адну калёнію ў Азэрбайджане.

Асаблівасьці вучэньня гэрнгутараў, акрамя патрабаваньня чысьціні апостальскага жыцьця, складаліся ў захаваньні сямі таямніцаў, у прызнаньні толькі духоўнага прычасьця і ў адпрэчваньні выратаваньня адной верай. Прысяга, ваенная і дзяржаўная служба таксама аспрэчвалася імі, бо не стасаваліся з Нагорнай пропаведзьдзю. Царкоўная арганізацыя іх таксама была заснавана на Бібліі: пропаведзьдзю і прычасьцем загадвалі прэсьвітары (ministri), тады як нагляд за царкоўным благачыньнем знаходзіўся ў руках біскупаў (episcopi ці semores). Унутранымі справамі абшчыны загадвалі сыноды.

Сучаснае становішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У наш час Чэская правінцыя абшчыны Чэскіх братоў складаецца з каля 3000 сябраў, аб’яднаных у 24 сходы і іншыя місіянэрскія арганізацыі, пры некаторых зь якіх дзейнічаюць пачатковыя і біблейскія школы.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Богемские братья // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  • Lochner, «Entstehung der Brüdergemeinde in Böhmen u. Mähren» (Нюрнб., 1832);
  • Gindely, «Geschichte der B-en В.» (Прага, 1857, 2 т.);
  • Palacky, «Ueber das Verhältnis u. die Beziehungen der Waldenser zu den ehemaligen Sekten in Böhmen» (там жа, 1869);
  • Goll, «Quellen und Untersuchungen zur Geschichte der B-en В.» (там жа, 1878);
  • Zezschwitz, «Die Katechismen der Waldenser u. B-en. В.» (Эрланген, 1863).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Чэскія братысховішча мультымэдыйных матэрыялаў