Чатыры танкісты і сабака
Чатыры танкісты і сабака | |
Czterej pancerni i pies | |
Жанр | прыгодніцкі ваенны |
---|---|
Сцэнарыст |
|
Рэжысэр |
|
У ролях | |
Кампазытар | Адам Валацінскі |
Краіна | Польшча |
Колькасьць сэзонаў | 3 |
Колькасьць сэрыяў | 21 (сьпіс сэрыяў „Чатыры танкісты і сабака“[d]) |
Мова | польская, расейская, нямецкая |
Вытворчасьць | |
Апэратар |
|
Вытворчасьць |
|
Даўжыня сэрыі | 60 хв. |
Трансьляцыя | |
Тэлеканал | |
На экранах | 25 верасьня 1966 — |
Спасылкі | |
Старонка на IMDb |
«Чатыры танкісты і сабака» (па-польску: Czterej pancerni i pies) — тэлевізыйны сэрыял рэжысэраў Конрада Налэнцкага паводле сцэнару і на аснове аднайменнай кнігі Януша Пжыманоўскага. Сюжэт прадстаўляе лёс экіпажу танку Руды і сабакі Шарыка(pl) падчас II сусьветнай вайны.
У ролях
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- паручнік Альгерд Яраш (Раман Вільгельмі) — камандзір танку, у жыцьці мэтэароляг, найбольш харызматычная постаць сэрыялу. Нашчадак палякаў, сасланых у Сыбір царом. Загінуў у канцы першага сэзону на Памор’і, каля Гдыні.
- капрал/плютонавы/сяржант Густаў Елень (Францішак Печка) — заражаючы танку, найдужэйшы ў экіпажы, шматразова выстаўляецца сваёй надзвычайнай моцай, а некалькі разоў выратоўвае жыцьцё ўсяму аддзелу. Сылезец з Устрані (Цешынская Сылезія). Перад пачаткам дзеяньняў, апісваных у сэрыяле, быў гвалтоўна ўключаны ў нямецкія танкавыя войскі, адкуль уцёк да расейцаў разам з танкам. Калі экіпаж «Рудога» атрымаў новы танк (5-асобавы), становіцца наводчыкам. Пад канец III сэзону атрымаў павышэньне да сяржанта.
- капрал/плютонавы/сяржант/падпаручнік Янэк Кос (Януш Гаяс) — стралок-радыётэлеграфіст, а па сьмерці Альгерда — камандзір экіпажу, наймалодшы ў аддзеле, гданьчанін, ягоны бацька ўдзельнічаў у абароне Вэстэрплятэ. Увесь першы сэзон Янэк шукае бацьку, знаходзячы яго ў канцы пад самай Балтыкай. Выдатны снайпэр. Пад канец III сэзону атрымаў павышэньне да падпаручніка.
- плютонавы/сяржант/старшы сяржант Рыгор Саакашвілі (Уладзімер Прэс) — кіроўца-мэханік экіпажу, грузін з характэрнымі вусамі. Ад вахмістра Каліты атрымаў уланскую шаблю. Пад канец III сэзону атрымаў павышэньне да старшага сяржанта.
- шараговы/капрал Томаш Чарэсьняк (Веслаў Голас) — стралок-радыётэлеграфіст танку, паходзіць зь вёскі Студзянкі, далучаецца да экіпажу на Памор’і (9-я сэрыя), вельмі прывязаны да свайго вясковага паходжаньня, іграе на акардэоне. Як і Густлік, незвычайна дужы, як і Янэк, выдатны стралок. Пачынаў ваяваць у партызанах. Калі экіпаж «Рудога» атрымаў новы танк (5-асобавы), становіцца заражаючым. Пад канец III сэзону атрымаў павышэньне да капрала.
- Шарык — Янкаў сабака, шчанюк сукі таварыша Янкі на Далёкім Усходзе СССР Яфіма Сямёнавіча. Сябра экіпажу танку, шматразова дапамагае пры патрэбе. У фільме ягоную ролю гралі тры сабакі — Трымэр (галоўны), Атак і Сьпік (дублеры).
- капрал/плютонавы Францішак Віхура (Вітольд Пыркаш) — часам замяняе мэханіка-кіроўцу танка, м. інш. у акцыі каля Шварцэр Форст, а таксама прывозіць з аўтабазы новага «Рудога», закупленага на сабраныя выступам у здабытым Гданьску сродкі; хоць ён найперш кіроўца аўтамабілю, хоча кіраваць вайсковай тэхнікай і па сьмерці Альгерда выказвае жаданьне далучаццы да аддзелу «Рудога»; калі экіпаж атрымаў новы 5-асобавы танк, далучаецца да іх стралком-радыётэлеграфістам. Пад канец III сэзоны атрымаў павышэньне да плютонавага.
- «Руды» — назва танку тыпу Т34/76 і Т-34/85 (ад 16-й сэрыі) пад тактычным нумарам 102. У сэрыяле абедзьве вэрсіі танку «грае» мадэль Т-34/85. Адрозьніваюцца яны м. інш. колькасьцю сябраў экіпажу. Першы — 4-асобавы (адсюль і «Чатыры танкісты»), другі — 5-асобавы. У фільме танк уваходзіць у склад танкавай дывізіі імя герояў Вэстэрплятэ, хоць часта разам з экіпажам бярэ ўдзел у «індывідуальных» акцыях па-за дысьлякацыяй сваёй дывізіі. Адзін з танкаў, што здымаліся ў сэрыяле, да 80-х гадоў XX стагодзьдзя знаходзіўся ў зборах музэю танкавых войскаў у Вышэйшай афіцэрскай школе танкавых войскаў у Познані.
Другаплянавыя пэрсанажы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- сяржант Маруся Аганёк (Поля Ракса) — расейка, рудавалосая санітарка Чырвонай арміі, нарачаноя Янкі. У сэрыяле зьяўляецца ў 4-й сэрыі. Пад канец III сэзону пераходзіць у Войска польскае і бярэ шлюб зь Янкам.
- плютонавы Лідзія Вішнеўская (Малгажата Нямірская) — радыётэлеграфістка брыгады, увесь сюжэт безадказна закаханая ў Янку, але ў канцы выходзіць замуж за Рыгора (фактычна фліртавала з усімі напатканымі жаўнерамі), варшавянка.
- Палкоўнік/генэрал (Тадэвуш Каліноўскі) — камандзір танкавай брыгады, найчасьцей у палявой фуражцы на галаве (рагатыўку апранаў толькі на скрайні выпадак), у ідэальна абцягнутым (без фалдаў) мундыры і заўсёды шчыльна зашпілены да самай шыі, выглядае ў фільме найбольш патэтычна і афіцыйна, а да жаўнераў зьвяртаецца амаль па-бацькоўску, і яны яго паважаюць і шануюць. Пад канец III сэзону атрымаў павышэньне да генэрала брыгады. Апошнія сэрыі «Танкістаў» былі агучаныя ўжо па сьмерці актора, таму ягоны голас агучваў іншы актор — Юзэф Новак.
- Ганарата (Барбара Крафтуўна) — дзяўчына з Канякава ў Сылескіх Бяскідах, каханая Густліка. Служыла пакаёўкай у генэрала Вэрмахту (зьяўляецца ў 16—18 і 21 сэрыях).
- капрал падхарунжы Даніель «Магнэта» Лажэўскі (Томаш Заліўскі) — былы паўстанец 1944 году, ягоная мянушка, як сам тлумачыць, паходзіць ад здольнасьці генэраваць іскры. Пасьмяротна атрымаў павышэньне да падпаручніка (зьяўляецца ў 16—18 сэрыях).
- Обэргефрайтар Кугель (Станіслаў Гранкоўскі) — сябра экіпажу «Шпрэнгкаманда», жыхар суседняга Рытцэну, пацыфіст, арыштаваны за паражэнства, ведае польскую мову, палітычна адукоўваны Густлікам (зьяўляецца ў 14—16, 21 сэрыях).
Гісторыя сэрыялу
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прэм’ера сэрыялу адбылася 9 траўня 1966 року. Першы сэзон быў зьняты паводле аднайменнай аповесьці Януша Пжыманоўскага, мала вядомай да экранізацыі. Пасьля агромністай папулярнасьці тэлесэрыялу аўтар напісаў яшчэ два тамы працягу, зьнятыя паводле якіх сэзоны былі паказаныя на тэлебачаньні ў 1969 і 1970 роках, а таксама быў выдадзены комікс.
Сэрыял меў вялікі посьпех, шматкроць паўтараўся і інтэнсіўна выкарыстоўваўся прапагандай. У школах па і ладзілі заняткі, тэатральныя прадстаўленьні і лекцыі. Для моладзі стваралі Клюбы танкістаў дзеля патрыятычнага выхаваньня і вывучэньня найноўшай гісторыі.
На посьпех «Чатырох танкістаў» у першую чаргу паўплываў той факт, што ўпершыню ў польскім кінэматографе ваенная тэматыка была прадстаўленая інакш, чым у ранейшых фільмах, акрамя ваенных сцэнаў паказваючы забаўныя эпізоды. Грамадзкасьць была стомленая ад звыклых ваенных фільмаў, поўных гора і сьмерцяў. А вось з боку гістарычнай праўды сэрыял чыста забаўляльны (падобна да мноства тагачасных амэрыканскіх фільмаў, напрыклад «Героі Кельлі» (анг. Kelly’s Heroes), «Брудны тузін» (анг. The Dirty Dozen) або «Ў варожых руках» (анг. In Enemy Hands)), а заадно прапагандавы і поўны відавочных скажэньняў, што пасьля 1989 року стала прычынай пратэстаў у вайсковым асяродку. Вайсковыя рэаліі, паказаныя ў фільме, адносяць яго да катэгорыі прыгодніцкіх; героі часта трактуюць загады начальства на свой манэр, у змаганьні зь пераўзыходзячым праціўнікам часта перамагаюць (гл. эфэкт штурмавіка), падчас бітваў выказваюць уласную ініцыятыву, а нямецкія жаўнеры прадстаўленыя пераважна ў адмоўным сьвятле.
Моцным бокам сэрыялу стала ігра актораў — ня толькі першаплянавых, але й цэлага шэрагу выканаўцаў эпізадычных роляў. Лёсы выканаўцаў галоўных роляў склаліся па-рознаму. Некаторыя з-за вельмі нязвыкла навязьлівых роляў, зь якімі іх доўга яшчэ атаясамлівалі, на шмат гадоў зьніклі з кіно. Для іншых гэта стала пачаткам вялікай кар’еры, прыкладам чаго можа быць хоць бы кар’ера выканаўцы ролі Янкі Коса — Януша Гаяса. Гледачы таксама вельмі дзівіліся, што Ўладзімер Прэс насамрэч не грузін, а польскі актор. Маладыя акторы здабылі ў Польшчы папулярнасьць і трывала ўвайшлі ў гісторыю польскага кіно.
Ролі былі выкананыя акторамі так трапна, што грамадзкасьць трактавала іх ледзь ці не сваімі блізкімі. Маладзейшая частка гледачоў была закаханая ў Янку або Марусю, і ўсе жылі перажываньнямі сваіх улюбёных пэрсанажаў. Фільм нязьменна займае высокія месцы ў апытаньнях наконт найлепшага польскага сэрыялу ўсіх часоў; таксама ён разам з «Стаўкай большай за жыцьцё» — найбольш ахвотна купляны замежнымі дыстрыбутарамі польскі сэрыял. Польскае тэлебачаньне плянавала аднаўленьне і рэканструкцыю ўсіх сэрыяў і чарговы перавыпуск, аднак неадназначныя ацэнкі яго ў незалежнай Польшчы адклалі задуму на неакрэсьлены час.
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Паколькі ў 1960-х роках было цяжка знайсьці спраўную нямецкую тэхніку, пры здымках былі выкарыстаная перабудаваная савецкая і замежная тэхніка. Напрыклад, у сэрыі «Сабачы капцюр» нямецкія аддзелы езьдзяць на танках тыпу «Тыгр» і «Пантэра», збудаваных на шасі танкаў Т-34/85, што заўважна па іншым тыпе падвескі і колах (падобныя падробкі выкарыстоўвалі таксама стваральніку фільму «Ўратаваць шарагоўца Раяна»). Пазьней, у сэрыі «„Rudy”, мёд і крыжы» двойчы зьяўляецца паўгусенічны транспартэр M3 Halftrack, які «выконвае ролю» нямецкага бронетранспартэру. У сэрыі «Заклад на сьмерць» нямецкія артылерысты на палігоне карыстаюцца гарматамі ЗіС-3 калібру 76 мм. Калі ў першым сэзоне (1—8 сэрыя) падобныя адрозьненьні яшчэ спрабавалі замаскіраваць, дык пазьней і гэтага не рабілі — напрыклад, у сэрыі «Форт Альгерд» немцы ўцякаюць на браневіку D-442 FÚG (пасьляваенным вугорскім), эскартаваным двума танкамі ИС-2 (нібыта «Пантэрамі»). У сэрыі «Экіпаж» Віхура езьдзіць на грузавіку ЗиС-5, а ў пазьнейшых сэрыяў ужо зьяўляецца пасьляваенны «Люблін».
- На пачатку сэрыялу здымкі ўнутры «Рудога» адбываліся ў студыі. Толькі праз пэўны час у корпусе аднаго з Т-34 былі выразаныя адтуліны, якія дазвалялі праводзіць здымкі ўнутры сапраўднага танку. Па сканчэньні здымак ён быў перададзены ў Музэй бранятанкавай тэхнікі (Познань).
- У 6-й сэрыі «Мост» танк «Руды» падарваўся на міне, а экіпаж масіць правесьці некалькі месяцаў у шпіталі. Насамрэч гіпс Янка Коса сапраўдны, паколькі ў часе здымак сэрыялу Януш Гаяс, заснуўшы проста на пляцоўцы, быў пераеханы грузавіком. Зь пераломам тазу і пашкоджаньнем хрыбетніку ён правёў пэўны час у лякарні. У сувязі з гэтым былі зьнятыя кадры, якія пазьней увайшлі ў сэрыю.
- У 14-й сэрыі «Чырвоная сэрыя» ўжыты трактар «Lanz-Bulldog D9506», часта блытаны з «Ursus C-451», які завод Ursus пачаў выпускаць толькі ў сярэдзіне 1950-х.
- Кіношнікі ня мелі ўласнага танка для здымак, карыстаючыся тэхнікай з той вайсковай часткі, ля якой праводзілі здымкі. Агулам у сэрыяле сфільмаваныя 20 танкаў пад нумарам 102. Адзіны, які захаваўся да гэтага часу, што дакладна браў удзел у здымках, цяпер знаходзіцца ў познанскім музэі.
- Экспанат пса Трымэра, які граў у сэрыяле Шарыка, знаходзіцца ў Аддзеле паліцэйскай кіналёгіі Цэнтру навучаньня паліцыі ў мясцовасьці Сулкавіцы[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Marek Łazarz, Czterej pancerni i pies. Przewodnik po serialu i okolicach, 2006, ISBN 83-921900-0-9.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Чатыры танкісты і сабака (анг.) на сайце IMDb
- Filmweb.pl
- Filmpolski.pl
- Strona o serialu Pancerni.pl
- Muzeum Czterech Pancernych i Psa
- O „Czterech Pancernych” na film.onet.pl(недаступная спасылка)
- Mija 45 lat od premiery kultowego serialu (Onet, 2011)
- Czterej pancerni i pies – to już 45 lat! (Popcorner, 2011)
- Nieśmiertelni „Czterej Pancerni i pies” (Wojsko Polskie, 2011)(недаступная спасылка)
- „Czterej Pancerni i pies w Bydgoszczy”