Перайсьці да зьместу

Чарлз Сакарыдыс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Чарлз Сакарыдыс
анг. Charles William Socarides
Дата нараджэньня 24 студзеня 1922(1922-01-24)[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 25 сьнежня 2005(2005-12-25)[2] (83 гады)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці сэрцавая няздатнасьць
Месца вучобы
Занятак псыхіятар, псіхааналітык, прафэсар унівэрсытэту, псыхоляг
Навуковая сфэра псыхааналіз
Месца працы
Вядомы як Сузаснавальнік і 1-ы старшыня Нацыянальнага аб’яднаньня дасьледаваньня і лячэньня гомасэксуальнасьці (1992—2005)
Навуковая ступень доктарская ступень[d][3]
Дзеці Richard Socarides[d]
Узнагароды Узнагарода лекарскага прызнаньня (1970—1973), узнагарода імя Зыгмунда Фройда (1987)

Чарлз Сакарыдыс (24 студзеня 1922, Броктан, ЗША — 25 сьнежня 2005, Нью-Ёрк) — амэрыканскі псыхіятар, псыхааналітык, выкладчык ВНУ. Заслужаны псыхіятар Брытаніі (1995), адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Нацыянальнага аб’яднаньня дасьледаваньня і лячэньня гомасэксуальнасьці ЗША[4]. За больш як 40 гадоў пры дапамозе псыхааналізу вылечыў ад гомасэксуальнасьці некалькі тысячаў чалавек. У выніку траціна пацыентаў завяла ўласных дзяцей ва ўстойлівым шлюбе, што супадала з пасьпяховасьцю лячэньня алькагалізму. У ходзе дасьледаваньняў устанавіў, што ў большасьці выпадкаў гомасэксуальнасьць сярод мужчынаў была несьвядомым адказам на адсутнасьць нагляду з боку бацькі ў маленстве пры яго празьмернасьці з боку маці. Такім чынам, адпаплоцевы сэкс станавіўся пошукам улучэньня мужчынскасьці ад іншых у сувязі зь перашкодай яе разьвіцьцю ў маленстве[5].

У 1935 годзе, у 13-гадовым узросьце, вырашыў стаць псыхіятрам пасьля прачытаньня кнігі аб Зыгмундзе Фройдзе. У 1945 годзе скончыў Гарвардзкі каледж. У 1952 г. скончыў Калюмбійскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці псыхааналітычная мэдыцына. Быў сябрам Амэрыканскага мэдычнага аб’яднаньня (Чыкага), якое 4 гады запар ушаноўвала яго Ўзнагародай лекарскага прызнаньня (1970—1973). У 1978—1996 гадах працаваў прафэсарам клінічнай псыхіятрыі ў Каледжы мэдыцыны імя Альбэрта Айнштайна (Нью-Ёрк)[4].

Уваходзіў у Раду кіраўнікоў Фонду псыхіятрычных дасьледаваньняў імя Маргарыты Малер(en) (Ўінўуд(en), акруга Мантгомэры(en), Пэнсыльванія). У 1987 г. Амэрыканскае таварыства лекараў-псыхааналітыкаў (Джэрмантаўн(en), штат Мэрылэнд) ушанавала яго Ўзнагародай імя Зыгмунда Фройда за заслугі ў галіне псыхіятрыі і псыхааналітычных дасьледаваньняў. У 1988 годзе ўваходзіў у склад Камітэту дарадцаў пры 2-м Дэльфійскім міжнародным псыхааналітычным сымпозіюме (вобласьць Фокіда, Грэцыя). 28 красавіка 1995 году Аб’яднаньне псыхааналітычных псыхолягаў Брытанскай службы здароўя(en) надало яму званьне заслужанага псыхааналітыка. Таксама быў сябрам Амэрыканскага псыхіятрычнага аб’яднаньня(en) (Арлінгтан, штат Вірджынія), пажыцьцёвым сябрам Амэрыканскага(en) (Нью-Ёрк) і Міжнароднага псыхааналітычных аб’яднаньняў(en) (Лёндан), замежным сябрам Каралеўскага таварыства мэдыцыны(en) (Лёндан)[4].

Напісаў 8 кніг, у тым ліку «Даэдыпава паходжаньне і псыхааналітычнае лячэньне палавых парушэньняў» (1988), і больш за 80 артыкулаў па псыхааналізе. Памёр ва ўзросьце 83 год ад спыненьня сэрца. Меў 2 сыноў і 3 дачок[4]. За час 14-гадовага старшынства ў Нацыянальнам аб’яднаньні дасьледаваньня і лячэньня гомасэксуальнасьці (НАДЛГ) лік яго сябраў узрос зь менш як 20 да больш за 1500 псыхіятраў[6].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]