Перайсьці да зьместу

Чараўніцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Чараўніцы
Гады 1971—1991
2011 — дасюль
Краіна
Месца ўтварэньня Беларусь
Мова беларуская, расейская
Жанр поп, джаз, рок
Выдавец Мэлёдыя
charovnicy.by

«Чараўні́цы» — беларускі жаночы музычны калектыў (ВІА), што выступаў у савецкі час (1971—1991).

Утвораны ў 1971 годзе Генадзем Летынскім на базе гарадзенскага ДК Тэкстыльшчыкаў. Удзельніцы групы — выпускніцы Гарадзенскай музычнай вучэльні. З 1974 году прыняты ў штат Белдзяржфілярмоніі.

Рэпэртуар складаўся зь беларускіх народных песень, сучаснай папулярнай музыкі. Удзельніцы ВІА адрозьніваліся выдатнымі вакальнымі дадзенымі, валоданьнем харэаграфіяй і многімі музычнымі інструмэнтамі.

Ляўрэат 6-га Ўсесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады 1979 году. Падчас таго выступу зламаліся абедзьве гітарныя калёнкі. Музыкі пад клявішы і ўдарныя скончылі кампазыцыю, а дудкі выканалі свой пройгрыш. Усё гэта спалучалася з танцам. Журы, пад старшынствам Аркадзя Райкіна, апладзіравала стоячы, а Ёсіф Кабзон сказаў: «Вы нас проста зачаравалі».

«Чараўніцы» пасьпяхова гастралявалі ня толькі па Беларусі, але і па гарадах СССР, а таксама пабывалі ў Вугоршчыне і НДР, выступалі перад савецкімі салдатамі ў Аўганістане.

У 1989 годзе «Чараўніцы» адзіны беларускі калектыў, які абралі для ўдзелу ў культурнай праграме 13-га Сусьветнага фэстывалю моладзі і студэнтаў, які праходзіў у Пхэньяне. Пад акампанэмэнт маскоўскага аркестру гурт выканаў папуры на джазавыя тэмы Глена Мілера. Неўзабаве ў Маскве ў канцэртнай зале «Расея» зь велізарным аншлягам прайшоў сольны канцэрт «Чараўніц».

У 1991 годзе калектыў спыніў сваё існаваньне. За гады сваёй дзейнасьці яго склад неаднаразова мяняўся.

Упершыню пасьля доўгага перапынку «Чараўніцы» сабраліся і выступілі ў 2011 годзе, на сольным канцэрце Надзеі Мікуліч. З гэтага моманту было вырашана аднавіць творчую дзейнасьць. Калектыў запісаў новыя песьні, выступаў з канцэртамі, здымаў кліпы.

З ансамблем супрацоўнічалі такія вядомыя кампазытары, як Юры Семяняка, Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Уладзімер Мулявін, Яўген Глебаў, Алег Елісеенкаў. Фірмай «Мэлёдыя» было выпушчана некалькі кружэлак.

  • Людміла Навумовіч, вакал, дырэктар (з 1980)
  • Вольга Макушынская, вакал, музычны кіраўнік (з 1986)
  • Паліна Базылева, вакал (з 2012)
  • Ганна Церахава, саксафон (з 2012)
  • Людміла Пасмурцава, труба, шэйкер, мастацкі кіраўнік (з 1980)
  • Сьвятлана Рагула, саксафон (з 1986)

На фірме «Мелёдыя» было выпушчана некалькі кружэлак:

  • 1979, фірма «Мэлёдыя», Рыскі завод, С 60-11063-64[1]
Першы бок:
  1. Я зачарована табой (У. Буднік — У. Някляеў)
  2. Не за вочы чорныя (Юры Семяняка — Адам Русак)
  3. Ты ўспомні ўсё (Ігар Лучанок — Аркадзь Куляшоў)
  4. Я чакаю цябе (У. Буднік — В. Пятроў)
Другі бок:
  1. Ручаёчак, ручаёк (Б. Фёдараў — Н. Тулупава)
  2. Я не магу пра Вас забыцца (Ігар Лучанок — П. Броўка)
  3. Пацалунак (Ігар Лучанок — Уладзімер Карызна)
  4. На новае лета (беларуская нар. песьня)
  5. Удзень, уночы (Б’ёрн Ульвэўс, Бэні Андэрсан — расейскі тэкст У. Жукава)
  • 1982, фірма «Мэлёдыя», Ленінградзкі завод, С62-18751-004, працягласьць: 00:12:42 (міньён)
Першы бок:
  1. Музыка (Э. Зарыцкі — Уладзімер Карызна, апрацоўка А. Бурнштэйна)
  2. Неделька (расейская народная песьня, апрацоўка А. Архіпава)
  1. Такі сон (Э.Зарыцкі — Д.Бядуля)
  2. Пах чабаровы (У. Буднік — К. Кірыенка)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]