Перайсьці да зьместу

Касавокасьць адмоўных пэрсанажаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Прынцып крыварукасьці і касавокасьці адмоўных пэрсанажаў заключаецца ў тым, што ў сцэнах боек, змаганьняў антаганісты аказваюцца слабымі настолькі, наколькі гэта патрэбна паводле сюжэту, нягледзячы на тое, што дагэтуль яны выдатна ведалі сваю справу. Напрыклад, стральцы ў баевіках раптоўна становяцца касавокімі, калі пачынаюць страляць у галоўных герояў, аднак у той жа час яны могуць падстрэліць нейкага другаснага пэрсанажа(en).

Падобныя паводзіны звыклыя ў фільмах пра каўбояў, баевіках, мастацкіх баёх і коміксах, што часта зьяўляецца прадметам кпінаў і сатыры з боку крытыкаў і фанаў. Прынцып можа праяўляцца па-рознаму:

  • «Гарматнае мяса» аказваецца абсалютна ня ў стане прынесьці шкоду галоўным пэрсанажам, нягледзячы на добры вышкал.
  • Нават добра абароненае бранёй ці сховішчам «гарматнае мяса» галоўны герой неймаверна лёгка зьнішчае нават з дапамогаю лёгкага ўзбраеньня, звычайна першае ж трапляньне забівае напавал.
  • Калі галоўны герой паранены, рана звычайна апынаецца лёгкай.
    • Нават калі яна цяжкая, гэта не выводзіць яго са строю.
  • «Гарматнае мяса» можа някепска змагацца зь іншым «гарматным мясам», аднак як толькі на сцэне зьяўляюцца галоўныя героі, у злодзеяў адразу ўсё валіцца з рук.

У мностве фільмаў прысутнічаюць сытуацыі, калі супраць аднаго пратаганіста выступае мноства адмоўных пэрсанажаў, якія б лёгка адолелі яго ўсе разам. Замест гэтага яны «становяцца ў чаргу», атакуючы па адным і чакаючы, пакуль надыдзе чарга наступнага паміраць. Ва ўводзінах да ўласнага раману 1989 року «Варта! Варта!» акурат так і выказаўся Тэры Пратчэт: «Роля вартавых у гераічным фэнтазі-творы — нападаць на героя па адным і быць забітымі»[1]. Вышэйшай ступені маразму гэта дасягнула ў баевіку 1995 «Кулак Паўночнай зоркі», у якім Кэншыра перамог больш за 30 чалавек за некалькі хвілінаў: большасьць зь іх пасьпявалі атакаваць хіба аднойчы і вырубаліся зь некалькіх удараў.

Такія паводзіны былі спарадыраваныя ў адным з выпускаў «Суботнім вечарам у жывым этэры» ў 1993 року[2]. У адным з жартаў лідэр групы ніндзяў нагадвае сваім падначаленым «ня строіць зь сябе рыцараў» і нападаць «усім адразу, а не па адным», і малюе гэтую схему крэйдай на дошцы. У «Остын Паўэрз: Голдмэмбэр» Остынаў бацька Найджэл Паўэрз захоплены Доктарам Злом. Найджэл хутка раскідае ў бакі ахоўнікаў, а калі да яго кідаюцца іншыя, ён загадвае ім спыніцца і прамаўляе: «Ну, што гледзіцё? Хіба вы першы дзень на працы? Добра, слухайце… вы на мяне нападаеце, толькі па адным, а я вас адным ударам вырубаю». Яны адразу ж кідаюцца гэта выконваць і атрымоўваць ад Остына па ўдары.

Закон інвэрсіі ніндзяў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хоць у масавай культуры склаўся вобраз ніндзяў як амаль непераможных (асабліва калі гэта галоўныя героі), аднак калі гэта адмоўныя пэрсанажы — яны адразу ж станаюць гарматным мясам перад пратаганістам, асабліва калі ён сам ніндзя. Такім чынам, у сучасным мастацтве ніндзя могуць выступаць як самотныя непераможныя ваяры, альбо ў складзе вялікіх груповак ніндзяў, якія лёгка гінуць. Такім чынам, адзін ніндзя вельмі проста можа перамагчы цэлае войска іншых такіх самых ніндзяў, але калі ён сутыкаецца з адным-адзіным ніндзям — бойка значна ўскладняецца і зацягваецца. Такія недарэчныя паводзіны апісаныя саркастычным «законам інвэрсіі ніндзяў», які сьцьвярджае, што чым болей ніндзяў, тым яны слабейшыя[3][4].

Імпэрскія штурмавікі ў першай трылёгіі «Зорных войнаў» мелі значную колькасную перавагу, прафэсійную вайсковую падрыхтоўку і вышкалы, поўную абарону і пераўзыходзячае ўзбраеньне. На пачатку IV эпізоду яны бяруць на абардаж карабель паўстанцаў і лёгка спыняюць супраціў зь мінімальнымі для сябе стратамі. Аднак надалей штурмавікі апынаюцца недзеяздольнымі супраць галоўных герояў, якіх яны таксама значна пераўзыходзяць колькасьцю, і нават няздольныя перамагчы купку прымітыўных эвокаў у «Вяртаньні джэдая». Зрэшты, некаторыя тлумачаць такія недарэчнасьці загадам пакінуць герояў у жывых[5].

  1. ^ Terry Pratchett. Guards! Guards!. — Corgi, 1989.
  2. ^ SNL transcripts (анг.) Ninjas. JT. Праверана 10 верасьня 2013 г.
  3. ^ Levy, Joel. Ninja: The Shadow Warrior Sterling (2008) p. 183-4.
  4. ^ Rehagan, Tony. «Revenge of The Nerds», Indianapolis Monthly, August 2006. p. 253.
  5. ^ Star Wars vs Star Trek Technology: SW Ground Equipment

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]