Фёдар Коршунаў
Фёдар Коршунаў | |
| Дата нараджэньня | 15 красавіка 1934[1] |
|---|---|
| Месца нараджэньня | Траўна, Краснапольскі раён, Беларуская ССР, Савецкі Саюз |
| Дата сьмерці | 17 ліпеня 2022 (88 гадоў) |
| Месца сьмерці | |
| Месца вучобы | Рыская найвышэйшая інжынэрна-авіяцыйная вайсковая вучэльня (1957) |
| Занятак | фізык, прафэсар унівэрсытэту, вынаходнік, матэматык, ядзерны фізык |
| Навуковая сфэра | радыяцыйная фізыка цьвёрдага цела |
| Месца працы | Навукова-практычны цэнтар матэрыялазнаўства (з 1962 году) |
| Вядомы як | распрацоўнік радыяцыйнай вытворчасьці паўправадніковых прыбораў, адкрывальнік упарадкавальнага ўплыву малых дозаў апраменьваньня ў высокаомным крэмні |
| Навуковая ступень | доктар тэхнічных навук (1975) |
| Навуковы кіраўнік | Мікалай Сірата |
| Узнагароды |
Дзяржаўная прэмія Беларусі (1980)
|
Фёдар Паўлавіч Коршунаў (15 красавіка 1934, Траўна, Краснапольскі раён, цяпер Магілёўская вобласьць, Беларусь — 17 ліпеня 2022) — беларускі фізык у галіне паўправаднікоў. Доктар тэхнічных навук (1975) і ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1980) за распрацоўку вытворчасьці паўправадніковых прыбораў. Прафэсар (1981) і сябар-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1984)[2]. Кавалер ордэну «Знак Пашаны» (1986) і 3-х мэдалёў[3].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 5—10 клясах вучыўся ў школе Краснапольля, куды хадзіў пешшу 6 км. У 1957 годзе скончыў электратэхнічны факультэт Рыскай найвышэйшай інжынэрна-авіяцыйнай вайсковай вучэльні (Латвійская ССР) Вайскова-паветраных сілаў СССР. Пазьней працаваў інжынэрам-выпрабавальнікам у Навукова-дасьледчым інстытуце Міністэрства абароны СССР і браў удзел у выпрабаваньні ядзернай зброі на востраве Новая Зямля (цар-бомба ў 1961 годзе). У 1962 годзе працаўладкаваўся ў толькі заснаваны Інстытут фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў Акадэміі навук Беларускай ССР (АН БССР). Адначасна пачаў працаваць у Менскім радыётэхнічным інстытуце (МРТІ)[2].
У 1966 годзе абараніў дысэртацыю ў Інстытуце фізыкі АН БССР і стаў кандыдатам фізыка-матэматычных навук. У 1968 годзе стаў загаднікам лябараторыі радыяцыйных узьдзеяньняў Інстытуту фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў. У 1978 годзе выпусьціў сумесную манаграфію «Радыяцыйныя эфэкты ў паўправадніковых прыборах». У 1979 годзе заняў пасаду прафэсара МРТІ, дзе да 1995 году працягваў выкладаць на катэдры мікраэлектронікі. У 1985—1994 гадох адначасна займаў пасаду намесьніка кіраўніка па навуковай працы Інстытуту фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў. У 1986 годзе выдаў супольную манаграфію «Узьдзеяньне радыяцыі на інтэгральныя мікрасхемы»[3]. У 2011 годзе перайшоў на пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка ў Навукова-практычным цэнтры матэрыялазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[4].
У 1970 годзе распрацаваў радыяцыйны спосаб стварэньня з дапамогай хуткіх электронаў і гама-квантаў паўправадніковых прыбораў і інтэгральных схемаў з радыяцыйнай трываласьцю для касьмічных прыладаў і ўзбраеньня[5], што дазволіла панізіць кошт вытворчасьці праз адмову ад выкарыстаньня каштоўных мэталаў.
Да 2014 году напісаў звыш 460 навуковых працаў у галіне радыяцыйнай фізыкі цьвёрдага цела, фізыкі паўправаднікоў, мікраэлектронікі і радыяцыйнай тэхналёгіі паўправадніковых прыбораў[2]. Стварыў 3 манаграфіі і 69 вынаходак. Устанавіў прычыны дэградацыі ўласьцівасьцяў паўправадніковых р-n-структураў пад узьдзеяньнем іянізавальнага выпраменьваньня. Выявіў радыяцыйны ўплыў на пашырэньне і зрушэньне р-n-пераходу, тэрмастабілізацыі напругі лавіннага прабою р-n-пераходу, уплыў малых дозаў апраменьваньня ў высокаомным крэмні, эпітаксіяльных плёнках і МДП-структурах, якія прыводзяць да ўпарадкаваньня нераўнаважнасьці структуры. Досьледна запісаў рэнтгенаўскае выпраменьваньне ў крышталях крэмну пры каналяваньні электронаў з энэргіяй 4—5 МэВ[3]. Да 2014 году падрыхтаваў 20 кандыдатаў навук, адзін зь якіх стаў доктарам навук.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ http://unicat.nlb.by/scient/pls/dict.prn_ref?tu=e&tq=v0&name_view=va_all&a001=BY-NLB-ar752091&strq=l_siz=40
- 1 2 3 Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 15 траўня 2014. — № 88 (27698). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- 1 2 3 Коршунаў Фёдар Паўлавіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2023 г. Праверана 21 студзеня 2024 г.
- ↑ Коршунаў, Фёдар Паўлавіч (доктар тэхнічных навук ; радыяцыйная фізыка ; нар. 1934) // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2023 г. Праверана 21 студзеня 2024 г.
- ↑ Коршунаў Фёдар Паўлавіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — С. 425. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
| Гэта — накід артыкула пра асобу з Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
- Нарадзіліся 15 красавіка
- Нарадзіліся ў 1934 годзе
- Памерлі 17 ліпеня
- Памерлі ў 2022 годзе
- Памерлі ў Менску
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Нарадзіліся ў Краснапольскім раёне
- Выпускнікі латвійскіх ВНУ
- Выпускнікі вайсковых ВНУ
- Беларускія фізыкі
- Беларускія вынаходнікі
- Дактары тэхнічных навук
- Ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР
- Сябры-карэспандэнты Акадэміі навук Беларусі
