Навукова-практычны цэнтар матэрыялазнаўства
Каардынаты: 53°54′42″ пн. ш. 27°36′14″ у. д. / 53.91167° пн. ш. 27.60389° у. д.
«НПЦ матэрыялазнаўства» | |
Тып | вытворчае аб’яднаньне |
---|---|
Заснаваная | 5 лістапада 1963 (61 год таму) |
Заснавальнікі | Акадэмія навук Беларускай ССР |
Уласьнікі | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Першамайскі раён, вул. П. Броўкі, д. 19 |
Ключавыя фігуры | Валеры Федасюк (кіраўнік), Алег Ігнаценка (намесьнік па інавацыях)[1] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Прадукцыя | станцыя абезжалезваньня, іласкроб |
Паслугі | распрацоўка прыбораў |
Матчына кампанія | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Даччыныя кампаніі | Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў, Інстытут тэхналёгіі мэталаў, Інстытут тэхнічнай акустыкі |
«Навукова-практычны цэнтар матэрыялазнаўства» — вытворчае аб’яднаньне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаванае ў лістападзе 1963 году ў якасьці Інстытуту фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў.
На 2024 год уваходзіў у склад Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук НАНБ. Распрацоўваў прыборы для выкарыстаньня ў радыёэлектроніцы, прыборабудаваньні, электратэхнічнай прамысловасьці, мэталаапрацоўцы, мэдыцыне, жыльлёва-камунальнай гаспадарцы і аўтатранспарце. У асьпірантуру і дактарантуру набіралі на спэцыяльнасьць «фізыка кандэнсаванага стану»[2]. Вырабляў станцыі абезжалезваньня, прылады кіраваньня іласкробамі і іншым абсталяваньнем водаачысткі, аўтаматычныя прылады водаачысткі і каналізацыйных помпавых станцыяў (пескалоўкі і ілапомпы)[3].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2024 год «Навукова-практычны цэнтар матэрыялазнаўства» ўлучаў:
- 7 лябараторыяў — аксыдных матэрыялаў, радыяцыйных узьдзеяньняў, тэорыі цьвёрдага цела, фізыкі высокіх ціскаў і звышцьвёрдых матэрыялаў, фізыкі магнітных матэрыялаў, фізыкі паўправаднікоў і фізыкі цьвёрдага цела;
- 2 цэнтры — 1) функцыянальных матэрыялаў з 3-ма лябараторыямі (фізыка-хімічных тэхналёгіяў, фізыкі магнітных плёнак і аптычнай спэктраскапіі паўправаднікоў) і аддзелам крыягенных дасьледаваньняў, 2) інавацыйна-тэхналягічны з 2-ма лябараторыямі (тугаплаўкай керамікі і нанаматэрыялаў, электроннай керамікі) і досьледнай вытворчасьцю[2];
- 5 інстытутаў — Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў (Гомель), Інстытут дастасоўнай фізыкі, Інстытут тэхналёгіі мэталаў (Магілёў), Інстытут тэхнічнай акустыкі (Віцебск) і Фізыка-тэхнічны інстытут;
- 2 прадпрыемствы — «Фэрыт» і «Элкерм»[4].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]5 лістапада 1963 году Савет міністраў Беларускай ССР ухваліў Пастанову № 523 аб заснаваньні Інстытуту фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў (ІФЦЦП) Акадэміі навук БССР на аснове Аддзелу фізыкі і хіміі цьвёрдага цела і паўправаднікоў АН БССР, які існаваў з 1958 году. У 1963 годзе выдалі 2-і выпуск зборніка навуковых працаў «Фэрыты». У 1969 годзе выйшаў зборнік «Хімічная сувязь у крышталях». У 1970-м выпусьцілі зборнік «Радыяцыйная фізыка немэталічных крышталёў». У 1971-м — «Крышталізацыя і фазавыя пераўтварэньні». У 1973-м — «Кінэтыка і мэханізм крышталізацыі». У Інстытуце працавалі акадэмік Мікалай Сірата і сябар-карэспандэнт Яўген Лабанаў[5].
У 1975 годзе стварылі Віцебскае аддзяленьне ІФЦЦП, якое ў 1993 годзе пераўтварылі ў Інстытут тэхнічнай акустыкі. На 1998 год у ІФЦЦП працавалі акадэмікі Мікалай Аляхновіч і Барыс Бойка, а таксама сябар-карэспандэнт Фёдар Коршунаў. Дзейнічала 15 навуковых падразьдзяленьняў, асьпірантура і рада абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў. Асноўнымі кірункамі навуковых дасьледаваньняў былі: фізыка цьвёрдага цела, стварэньне і вывучэньне ўласьцівасьцяў паўправадніковых, магнітных, сэгнетаэлектрычных, звышцьвёрдых і звышправодных матэрыялаў. Дасьледавалі: дынаміку крыштальных кратаў і фазавыя пераходы магнітных, сэгнетаэлектрычных і звышправодных матэрыялах; гальванамагнетычныя і магнітааптычныя ўласьцівасьці мэталаў і паўправаднікоў пры нізкіх тэмпэратурах; уласьцівасьці магнітарэзыстыўных матэрыялаў на аснове складаных аксыдаў і мэтастабільных магнітных і сэгнетаэлектрычных фазаў; утварэньне радыяцыйных дэфэктаў у цьвёрдых целах; заканамернасьці адбіцьця лазэрных промняў ад узмацняльных і нелінейных асяродзьдзяў. Распрацавалі: тэорыя нестацыянарных кагерэнтных зьяваў у цьвёрдацелых матрыцах; спосабы стварэньня высокатэмпэратурных звышправаднікоў у выглядзе монакрышталёў, плёнак і валакністых структураў, якасных нелінейнааптычных крышталёў, паўправадніковых і прасторава-мадуляваных магнітных плёнак; спосабы выкарыстаньня іянізавальнага выпраменьваньня ў вытворчасьці паўправадніковых прыладаў; сынтэз крышталёў алмазу, кубічнага нітрыду бору і на іх аснове кампазыцыйных звышцьвёрдых матэрыялаў для стварэньня рэжучых і шліфавальных прыладаў. Укаранілі ў вытворчасьць атрыманьне фэрытавых матэрыялаў для вырабу радыётэхнікі і тэлевізараў. Стварылі электронныя чуйнікі, п’езаэлектрычныя матэрыялы і вырабы на іх аснове для акустычнай электронікі[5].
29 ліпеня 2005 году Бюро Прэзыдыюма Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўхваліла пастанову № 405 аб перайменаваньні ІФЦЦП ў Аб’яднаны ІФЦЦП пад № 100029036 у Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў згодна з рашэньне Менскага гарвыканкаму. 1 лістапада 2007 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 554 «Аб некаторых пытаньнях удасканаленьня арганізацыйнай будовы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», згодна з пунктам 1.1 якога Аб’яднаны ІФЦЦП пераўтварылі ў вытворчае аб’яднаньне «Навукова-практычны цэнтар матэрыялазнаўства» («НПЦ матэрыялазнаўства»). Паводле Дадатку 1 да Ўказу № 554, у склад «НПЦ матэрыялазнаўства» ўлучылі 6 інстытутаў Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук НАНБ — Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў (Гомель), Інстытут дастасоўнай фізыкі, Інстытут тэхналёгіі мэталаў (Магілёў), Інстытут тэхнічнай акустыкі (Віцебск), Інстытут хіміі новых матэрыялаў і Фізыка-тэхнічны інстытут. Таксама ў яго склад увайшло 5 прадпрыемстваў, сярод іх 4 вытворчых — «Дыятэх», «Тэхнамаг», «Фэрыт» і «Элкерм», а таксама Спэцыльнае канструктарска-тэхналягічнае бюро «Мэталапалімэр». Згодна з пунктам 2.5 Указу кіраўнік «НПЦ матэрыялазнаўства» ўвайшоў у склад калегіі Міністэрства прамысловасьці Беларусі[6].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мікалай Сірата (1963—1974)
- Барыс Бойка (1975—1993)
- Мікалай Аляхновіч (1993—2004)
- Валеры Федасюк (ад 2004 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кіраўніцтва (рас.) // ДА «Навукова-практычны цэнтар матэрыялазнаўства», 2023 г. Праверана 28 студзеня 2024 г.
- ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 8 лістапада 2018 г. Архіўная копія ад 15 чэрвеня 2019 г. Праверана 28 студзеня 2024 г.
- ^ Абсталяваньне для ачышчальных збудаваньняў (рас.) // ДА «Навукова-практычны цэнтар матэрыялазнаўства», 2023 г. Праверана 28 студзеня 2024 г.
- ^ Аддзяленьне фізыка-тэхнічных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2024 г. Праверана 28 студзеня 2024 г.
- ^ а б Аляксандар Сайко. Інстытут фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — С. 274. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
- ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 лістапада 2007 г. № 554 «Аб некаторых пытаньнях удасканаленьня арганізацыйнай будовы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 9 лістапада 2007 г. Праверана 28 студзеня 2024 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |