Фабіян Малішоўскі
Фабіян Малішоўскі | |
Дата нараджэньня | 9 (19) лістапада 1583 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 1644[1] |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Занятак | каталіцкі сьвятар |
Фабіян Малішоўскі (19 лістапада 1583, Пярэмышля — 12 студзеня 1644, Стоўпцы) — каталіцкі царкоўны дзяяч, дамініканін.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў 1583 годзе ў Пшэмысьлі. У Ордэн дамініканаў уступіў у Львове, у кляштары Божага Цела, дзе склаў законныя шлюбы 17 траўня 1602 году. У 1607 годзе пасьвечаны ў сьвятары. Ужо ў 1613 годзе стаў генэральным прапаведнікам. Браў удзел у генэральнай капітуле ў Лісабоне (1618). З 1622 году — пракурор правінцыі ў Мілане; прыёр у Езупалі (Украіна). У 1628 годзе ў Тулюзе атрымаў ступень доктара тэалёгіі.
З 1629 г. — прыёр дамініканскага кляштару ў Стоўпцах, з 1634 г. — правінцыял тагачаснай рускай правінцыі.
У 1640—1644 гг. — зноў прыёр у Стоўпцах. Тут у 1640 годзе пабудавана мураваная сьвятыня пад іменем сьвятога Казімера, аздобленая каменнымі алтарамі.
Памёр 12 жніўня 1644 году.
Ушанаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На працягу двух вякоў цела айца Фабіяна не паддавалася тленьню, аб гэтым сьведчаць кансісторскія і дзеканскія акты 1741, 1743, 1754 гадоў і сьведчаньні людзей (не толькі католікаў, але і схізматыкаў, і жыдоў), якія прыходзілі пакланіцца айцу Фабіяну.
У 1741 годзе віленскі біскуп Міхал Ян Зянковіч даў загад перанесьці цела айца Фабіяна ў склеп фундатараў, які знаходзіўся пад капліцай сьвятога Дамініка. Правінцыял ордэну айцец Рэмігіюш Бабінскі занатаваў кароткае апісаньне жыцьця айца Фабіяна, якое мела асноў на расказах старых айцоў-законьнікаў. Так зьявілася «Кніга жыцьця» — сьпіс 150 цудаў і ласкаў, што адбыліся пры дапамозе айца Фабіяна на працягу 1742—1757 гг.
Фабіян Малішоўскі быў пахаваны ў крыпце пабудаванай ім сьвятыні. Як сьведчаць гістарычныя дакумэнты, на месцы пахаваньня манаха адбываліся цуды, што давала падставы распачаць яго бэатыфікацыю.
У 1833 годзе кляштар у Стоўпцах зачынілі расейскія ўлады. Касьцёл перайшоў сьвецкаму духавенству. Пазьней у ім была праваслаўная царква. Культ айца Фабіяна ўсё роўна існаваў, да таго ж і сярод праваслаўных. Аднак «зьверху» прыйшоў загад, «польскага сьвятога» ліквідаваць, і труну закапалі.
У 1920 годзе польскі ўрад аддаў храм католікам, якія рашылі адшукаць цела айца Фабіяна. У лістападзе 1922 труну з целам знайшлі. 27 сакавіка 1927 году пачаўся бэатыфікацыйны працэс, які перарвала вайна.
У 1958 годзе храм быў узарваны. Цела Малішоўскага вернікі перанесьлі і схавалі ў сутарэньнях касьцёлу, якія не былі зьнішчаныя. Месца пахаваньня было задакумэнтаванае плянамі, якія знаходзяцца ў архіве Драгічанскай курыі. Іх знайшлі толькі ў 2019 годзе. Пасьля гэтага на месца былога касьцёлу пачалі прыходзіць вернікі на супольныя малітвы. Напачатку 2021 году плян пахаваньня быў перададзены ў Стоўбцы. Парэшткі Фабіяна Малішоўскага ўдалося адшукаць 6 кастрычніка 2021 годзе. У пахаваньні былі знойдзеныя не толькі парэшткі чалавека, але і прадметы, якія служылі ўпрыгожаньнем труны, а таксама нажніцы, які ляжалі ў труне і якімі разразалі гаўбіт ды адразалі «каўтун»[2].
Што гэта менавіта астанкі сьвятара пацьвердзілі экспэрты Сьледчага камітэту, якія правялі шэраг экспертыз[3].
9 сьнежня 2022 году ў Стоўбцах адбылася цырымонія перадачы і перапахаваньня ў новазбудаваным касьцёле Сьвятога Казімера рэшткаў Фабіяна Малішоўскага[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Fabian Maliszowski
- ^ «Стаўбцоўскі скарб», часопіс «Дыялог» №12 2023 году
- ^ У Стоўбцах урачыста перазахавалі астанкі сьвятара Фабіяна Малішоўскага, які жыў у 17 стагодзьдзі zviazda.by
- ^ Стоўбцы: у новазбудаваны касьцёл сьвятога Казімера перанесьлі парэшткі Слугі Божага Фабіяна Малішоўскага, catholic.by