Перайсьці да зьместу

Турфанская акруга

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Турфанская акруга, гарадзішча Цзяохэ

Турфанская акруга (па-кітайску: 吐鲁番地区) — адміністрацыйная адзінка ў цэнтральнай частцы Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна на паўночным усходзе Кітайскай Народнай Рэспублікі. Турфанская акруга знаходзіцца ў нізіне перад усходнімі адгор’ямі Цяньшаня і прасьціраецца прыкладна ад 41°12' да 43°40' паўночнай шыраты і ад 87°16' да 91°55' усходняй даўгаты. Абсалютная вышыня самага нізкага месца Турфанскай нізіны, берагавой лініі возера Айдзін, складае 154,50 м ніжэй за ўзровень мора. Пасьля Мёртвага мора Турфанская нізіна займае другое месца сярод самых нізкіх раёнаў Зямлі. Плошча Турфанскай акругі складае 69 324 км², насельніцтва па стане на 2004 год — 570 000 чалавек. Тэлефонны код: 0995. Паштовы індэкс: 838000. Сталіцай зьяўляецца места Турфан.

Турфанская даліна была заселеная чалавекам яшчэ ў пэрыяд раньняга нэаліту ў 6—7 тысячагодзьдзі да н. э.,асноўным заняткам тагачасных плямёнаў былі паляваньне і зьбіральніцтва. Зь пераходам да фэўдальнага ладу і разьвіцьцём сельскай гаспадаркі і сродкаў вытворчасьці людзі паступова пераходзілі да аседлага ладу жыцьця. Як сьведчаць кітайскія летапісныя крыніцы, першымі вядомымі жыхарамі Турфанскай катлавіны былі сагдыйцы — старажытны ўсходне-іранскі этнас. Сагдыйцы добра ведалі тэхніку кярызнага абвадненьня, а таму пасьпяхова валодалі майстэрствам ажыўленьня пустынь. Пранікненьне кітайцаў у рэгіён сучаснай Турфанскай акругі пачалося толькі ў II ст. да н. э., дзе яны напаткалі нешматлікі самастойны этнас, які атрымаў назву чэшы[1].

Турфанская даліна зьяўляецца самай гарачай мясьцінай Кітая. Тып клімату — кантынэнтальна-арыдны. Гадавы тэмпэратурны інтэграл Турфанскай нізіны дасягае 4500—5500 °C. Лета сьпякотнае, зімы халодныя. Беззамаразкавы перыяд каля 220 дзён. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў каля 10 мм, выпаральнасьць каля 3000 мм.

Народ/этнас Колькасць Суадносіны
Уйгуры 385 546 70,01%
Хань 128 313 23,3%
Хуэй 35 140 6,38%
Казахі 321 0,06%
Тудзя 274 0,05%
Маньчжуры 254 0,04%
Манголы 158 0,03%
Ту 154 0,03%
Тыбэтцы 105 0,02%
Мяо 98 0,02%
Джуан 88 0,02%
Дунганы 79 0,01%
Іншыя 201 0,04%

Адпаведна апошняму перапісу насельніцтва ў 2000 годзе насельніцтва Турфана складала 251 652 чалавекі, зь якіх 70,38% — уйгуры. Шчыльнасьць насельніцтва — 7,94 чалавек/км².

Адміністрацыйны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Турфан 吐鲁番市 горад павятовага значэньня 13 650 км² 250 000 чал.
Шаньшань  鄯善县 павет 39 548 км² 210 000 чал.
Токсунь 托克逊县 павет 16 126 км² 110 000 чал.

На сёньня ў Турфанскай акрузе выяўлена звыш 60 відаў карысных выкапняў і мінэралаў, у тым ліку нафта, прыродны газ, каменны вугаль, золата, жалеза, медзь, мірабіліт (глаўбэрава соль), граніт, калійная салетра (нітрат калія), натрыевая салетра, бараты і іншыя. Турфан-Хамійскае нафтагазавае радовішча зьяўляецца адным з трох найбуйнейшых нафтагазавых радовішчаў Кітая. Турфан-Хамійскае вугальнае радовішча ўваходзіць у склад 10 буйнейшых у сьвеце вугальных басэйнаў, запасы вугля басейна дасягаюць 500 мільярдаў тонаў. Агульная плошча яго нафтагазаносных пластоў дасягае 25 тысяч км². У 2004 годзе сукупны ўнутраны прадукт Турфанскай акругі склаў каля 9.759.000.000 юаняў.

Галоўнае месца ў аграрным сэктары Турфанскай акругі, як і наогул у Сіньцзяне займае аазісная сельская гаспадарка, магчымасьці якой абмежаваныя спэцыфічнымі кліматычнымі ўмовамі рэгіёна. У Турфанскім аазысе пасьпяхова разьвіваюцца бавоўнагадоўля і вінаградарства. Сусьветнавядомы турфанскі белы бяскостачкавы вінаград зь Вінаграднай даліны вызначаецца высокім утрыманьнем цукру (каля 20-22%) і выдатнымі смакавымі якасьцямі. 75% сукупнай вытворчасьці разынак Кітая паходзяць адсюль, з Турфанскага аазыса, разынкі паспяхова экспартуюцца ў розныя краіны сьвету ды прывабліваюць турыстаў ці гасьцей даліны. Таксама славіцца Турфанская акруга сваімі сакавітымі хамійскімі дынямі.

Гістарычныя помнікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Турфанская даліна мае багатае культурна-гістарычнае мінулае. Тут знаходзяцца звыш 200 гістарычных помнікаў і мясьцінаў зь вялікай культурнай каштоўнасьцю. Сярод іх адзін аб’ект дзяржаўнага значэньня (катэгорыя 4A), 6 ахоўваных культура-гістарычных аб’ектаў дзяржаўнага ўзроўню, 32 ахоўваемыя аб’екты на ўзроўні аўтаномнага раёна.

Мінарэт Іміна

Гарадзішча Дзяохэ (交河故城) Знаходзіцца за 10 км ад Турфану. Заснавальнікамі старажытнага горада былі чэшы, першыя жыхары Турфанскай даліны. Знаходзіцца на ў месцы раздваеньня ракі. Зьнішчана манголамі ў XIII стагодзьдзі.

Гарадзішча Гаочан (高昌故城) На месцы сёньняшняга гарадзішча Гаочан стаяў старажытны горад. Гарадзішча знаходзіцца за 30 км на паўднёвым захадзе ад сучаснага Турфану. Гаочан быў заснаваны ў I стагодзьдзі да н. э. Знішчаны пажарам у час вайны ў XIV стагодзьдзі.

Мінарэт Іміна (苏公塔 ці 额敏塔) Помнік мусульманскага дойлідзтва. Будаўніцтва мінарэта было завершана ў 1778 годзе ў часы княжаньня Сулеймана, сына Іміна. Мінарэт Іміна абвешчаны ахоўваным помнікам дзяржаўнага значэньня.

Бацыклікскія пячоры (柏孜克里克千佛洞) Базыклікскія пячоры тысячы Буддаў знаходзяцца на адлегласьці 45 км ад Турфана. Узьніклі яны ў V—IX стагодзьдзях н. э. паміж гарадамі Турфан і Шаньшань (Лоўлань) на паўночным усходзе пустыні Такла-Макан. Некалі існавала звыш 80 пячор, зь якіх захаваліся толькі 40, 6 зь якіх адчыненыя для наведвальнікаў. У пячорах захавалася вялікая колькасьць фрэсак, матывы якія сьведчаць аб тагачасным жыцці манахаў. На пачатку XX ст. гэтыя будыйскія помнікі былі часткова зьнішчаны, большая частка фрэсак разрабавана.

Прыблізна ў V стагодзьдзі квітнеючы ва ўнутраных раёнах Кітаю даасізм быў прынесены ханьцамі ў Сіньцзян. Распаўсюджваўся сьпярша не шырока, спачатку быў успрыняты толькі ў Турфане і Хамі, дзе кампактна пражывалі ханьцы. Толькі з дынастыі Цын даасізм распаўсюдзіўся ва ўсіх раёнах Сіньцзяну. Прыблізна ў VI стагодзьдзі з Пэрсіі празь Сярэднюю Азію ў Сіньцзян пранікла маніхейства. У сярэдзіне IX стагодзьдзя уйгуры, дзяржаўнай верай якіх было маніхейства, пасьля перасяленьня ў Сіньцзян паспрыялі разьвіцьцю гэтай веры ў Сіньцзяне. Уйгуры-маніхейцы пабудавалі ў Турфанскім раёне мноства манастыроў, прабілі каменныя пячоры, пераклалі каноны, узбагацілі мастацтва фрэскамі, распаўсюджваючы такім чынам догмы і культуру маніхейства.

Першае дасканалае эўрапейскае апісаньне Турфанскай даліны была зроблена расейскім географам Рыгорам Грум-Гржымайлам у 1889 годзе, пасьля экспэдыцыі ў Люкчунскую яміну (Турфанская катлавіна).

  • Грумм-Гржимайло Г. Е. Описание путешествия в Западный Китай. Т. II. М.. 1948.