Перайсьці да зьместу

Тадэвуш Тышкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тадэвуш Тышкевіч
Тадэвуш Тышкевіч
Тадэвуш Тышкевіч

Герб «Ляліва»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 6 верасьня 1774
Памёр 3 красавіка 1852
Пахаваны
Род Тышкевічы
Бацькі Станіслаў Антоні Тышкевіч
Эва Ганна зь Белазораў
Жонка Юзэфа з Салагубаў
Дзеці Марыя, Юзэфа
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Тышкевіч.

Тадэ́вуш Тышке́віч (6 верасьня 1774 — 3 красавіка 1852, Парыж) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага і Расейскай імпэрыі[1].

Юзэфа Салагуб

Прадстаўнік лагойскай лініі роду Тышкевічаў гербу «Ляліва», сын Станіслава Антонія і Эвы Ганны зь Белазораў. Меў братоў Юрыя і Януша. Успадкаваў ад бацькоў тытул графа на Лагойску і Бярдычаве і маёнтак Балверышкі ў Мар’ямпальскім павеце[2].

Скончыў Віленскую школу-пансіён, навучаўся ў Варшаўскім піярскім калегіюме. 3 1790 году ў конным гвардзейскім Мірскім палку, з 1792 харунжы Пінскай пяцігорскай (легкаконнай) брыгады войска Вялікага Княства Літоўскага. Удзельнічаў у вайне Расеі з Рэччу Паспалітай (1792).

У часе Паўстаньня Т. Касьцюшкі (1794) быў ад’ютантам Якуба Ясінскага, які даручыў яму ўзначаліць адзін з паўстанцкіх атрадаў у Вільні. Удзельчаў у абароне Прагі (прадмесьце Варшавы), потым эміграваў у Галіччыну.

Надмагільле Т. Тышкевіча ў Парыжы

Ад 1801 жыў у Парыжы, дзе скончыў вайсковую школу інжынэраў і артылерыстаў. У 1805 пераехаў у Варшаву, у 1806 сфармаваў тамака конны аддзел. Удзельнічаў у аўстра-францускай вайне (1809), за што атрымаў ордэн Virtuti Militari.

У француска-расейскую вайну (1812) ваяваў супраць Расейскай імпэрыі, быў генэралам кавалерыйскай брыгады 5-га корпуса Ю. Панятоўскага, удзельнічаў у баях пад Мірам, Смаленскам, у Барадзінскай бітве. Пад Мядыньню расейцы паланілі параненага Т. Тышкевіча і вывезьлі яго ў Астрахань. У 1814 вярнуўся ў Варшаву.

10 сьнежня 1813 атрымаў у спадчыну Сьвіслацкае графства ў Ваўкавыскім павеце. Жыў у Сьвіслачы, быў ініцыятарам будаваньня Сьвіслацкай гімназіі.

3 1820 сэнатар Царства Польскага, увайшоў у склад соймавага суду, які ў 1828 праводзіў сьледзтва над сябрамі Патрыятычнага таварыства.

У часе вызвольнага паўстаньня (18301831) быў старшынём часовага цэнтральнага ўрада Літвы, створанага пры ягоным штабе. Па здушэньні паўстаньня з Прусіі выехаў у Дрэздэн, а ў пачатку 1832 — у Парыж, дзе і памёр[1].

У шлюбе зь Юзэфай Салагуб (1815) меў дачок Марыю (выйшла замуж за Ігнація Лемпіцкага), і Юзэфу (жонка Караля Вадзінскага).

  1. ^ а б Ерашэвіч А. Тышкевіч Тадэвуш // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 551.
  2. ^ Патоцкі Л. Успаміны пра Тышкевічаву Сьвіслач, Дзярэчын і Ружану. — Менск: «Полымя», 1997.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тадэвуш Тышкевічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў