Лявон Патоцкі
Ляво́н Станісла́вавіч Пато́цкі гербу Пілява (14 ліпеня 1799, Коханаў, цяпер Талачынскі раён — 6 сьнежня 1864, Рыга) — мэмуарыст. Псэўданім: Bonawentura z Kochanowa.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З роду Патоцкіх, граф. Бацька Лявона Станіслаў Патоцкі прымаў актыўны ўдзел у палітычным жыцьці Рэчы Паспалітай, быў ад’ютантам Тадэвуша Касьцюшкі, а ў часы Варшаўскага герцагства — Фрыдрыха-Аўгуста. Маці — Юзэфа з Салагубаў.
Дзяцінства і маладосьць Л. Патоцкі правёў у вышэйшых колах Варшавы, вучыўся ў Сьвіслацкай гімназіі, скончыў Варшаўскі ўнівэрсытэт. Адразу па сканчэньні ажаніўся з Барбарай Касакоўскай і пасяліўся ў ейным маёнтку ў Рудаве (каля Сьвіслачы).
У 1828 року стаў камэргерам пры двары Польскага царства. Разам з айчымам Тадэвушам Тышкевічам прымаў актыўны ўдзел у паўстаньні 1830—1831 г. на тэрыторыі Літвы. Па паразе паўстаньня эміграваў у Дрэздэн. У 1834 року па абвяшчэньні амністыі вярнуўся на радзіму.
Неўзабаве разьвёўся з жонкай і два гады пражываў у родных і знаёмых на Літве. У 1836 пераехаў у Варшаву.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Займаўся пісьменьніцтвам. Найбольш вядомы яго 3-томны твор «Мэмуары пана Камэртона», выдадзены пасьля сьмерці Л. Патоцкага.
У «Мэмуарах…» апісваюцца гістарычныя мясьціны і помнікі, паданьні, песьні, звычаі і абрады летувіскага народу на тэрыторыі Курляндыі і Жамойці. Таксама «Мэмуары…» зьмяшчаюць апісаньні і зьвесткі пра стан буйных магнацкіх рэзыдэнцыяў 1820—1840-х гг., у тым ліку тышкевічавай Сьвіслачы, сапегавых Дзярэчына і Ружанаў, радзівілаўскага Нясьвіжу, Ляхавічаў часоў гетмана М. Масальскага, Зэльвы. Л. Патоцкі піша ня толькі пра сустрэчы з уладальнікамі рэзыдэнцыяў, але і падае розныя гістарычныя зьвесткі, паданьні, показкі пра ўладальнікаў, асьвятляе гісторыю старажытных родаў.
Быў адным з заснавальнікаў штомесячніку «Biblioteka Warszawska».
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Патоцкі, Л. Успаміны пра Тышкевічаву Сьвіслач, Дзярэчын і Ружану / Укл., прадмова, камент. А. М. Філатавай; пер. з польск. І. У. Саламевіча. — Мн.: 1997.